Районный этап республиканского сельскохозяйственного конкурса «Властелин села-2014» прошёл недавно в Ушачах

Мир увлечений Наши земляки Образование и молодежь Экономика и малый бизнес

Ці змаглі б вы распілаваць бервяно і насекчы дроў за некалькі хвілін? А на вачах у мноства людзей на хуткасць зрабіць венік для лазні ці прыгатаваць беларускую нацыянальную страву – дранікі? А вось удзельнікі раённага этапу рэспубліканскага сельскагаспадарчага конкурсу “Уладар сяла-2014”, які праходзіў на Ушаччыне ў мінулы чацвер, з такімі складанымі іспытамі справіліся на “ўра”.

Яшчэ задоўга да пачатку мерапрыемства аграэкасядзіба “Мікалаеўскі пасад”, якая гасцінна сустракала канкурсантаў і гледачоў, пачала напаўняцца водарам свята: паўсюль грала музыка, развешваліся плакаты, рыхтаваліся тэматычныя пляцоўкі для розных этапаў спаборніцтваў. “Пахварэць” за сваіх прыехалі шматлікія госці – родныя і сябры ўдзельнікаў праграмы, іх калегі і знаёмыя. Неўзабаве на ўтульную пляцоўку сядзібы падаспелі і галоўныя героі – сем’і Святланы і Канстанціна Казакевічаў з двума сыночкамі (Ушацкі сельсавет), а таксама Анастасіі і Вячаслава Залатых з дзвюма дачушкамі (Глыбачанскі).

Падрыхтаваныя арганізатарамі – райкамам БРСМ – іспыты былі падабраны такім чынам, каб журы магло ацаніць здольнасці маладых людзей у вядзенні традыцыйнай хатняй гаспадаркі, характэрнай для беларускай вёскі. Так, удзельнікам давялося прэзентаваць сябе ў конкурсе візітак, дзе гледачы і вершаваныя аповеды паслухалі, і сямейныя фотаздымкі паглядзелі. Конкурс “Па дровы” меў на ўвазе хуткую распілоўку, колку і складзіраванне дроў. Свае гаспадарчыя здольнасці сем’і дэманстравалі падчас іспыту “На ўсе рукі майстры”, калі муж вязаў венік для лазні, а жонка забівала цвік у калоду. Давялося сем’ям і агуркі саліць, і бульбу чысціць. Ну а на дэсерт удзельнікі конкурсу прадэманстравалі свае кулінарныя здольнасці і прыгатавалі традыцыйныя сямейныя стравы.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, старшыня журы – намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч адзначыла, што жыць у вёсцы няпроста, але там нашы карані і душа. “І моладзь, накшталт той, што ўдзельнічала сёння ў праекце, служыць сапраўдным упрыгожваннем нашых сельскіх населеных пунктаў,” – сказала яна. Цяжка не пагадзіцца, асабліва калі прыняць да ўвагі сучасныя міграцыйныя і дэмаграфічныя тэндэнцыі. На гэтым фоне годная сельская моладзь заслугоўвае павагі ўдвая.

Вызначыць пераможцу членам журы было няпроста, і ўсё ж па суме набраных балаў “золата” дасталася (прабачце за таўталогію) сям’і Залатых. Сацыяльны работнік ТЦСАН Ушацкага раёна Анастасія і работнік Глыбачанскага лясніцтва Вячаслаў разам са сваімі дачушкамі Сняжанай і Аляксандрай прадставяць наш раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла-2014”, які пройдзе ў Полацку 29 жніўня.

Абедзве сям’і-канкурсанткі атрымалі ад райкама БРСМ і райвыканкама дыпломы і каштоўныя падарункі. І ўсё ж галоўнае, мабыць, не ў матэрыяльных здабытках. Падобныя спаборніцтвы дазваляюць сельскай моладзі заявіць: мы соль зямлі, тая трывалая аснова, на якой трымаецца дабрабыт нашага краю.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *