Падчас “прамой лініі”, якую на гэтым тыдні праводзіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.Ф.СЫРОЎЧАНКА, тэлефанаванняў ад нашых чытачоў не было. І ўсё ж чарговы навучальны год мае некаторыя асаблівасці, пра іх мы і папрасілі расказаць Іну Фёдараўну.
– Асноўнае новаўвядзенне датычыцца экзаменацыйнай кампаніі. Так, з гэтага года дзевяцікласнікі будуць здаваць не чатыры экзамены, як раней, а толькі тры: матэматыку, рускую і беларускую мовы. Як бачыце, з пераліку іспытаў за курс базавай школы выключана гісторыя Беларусі – яе зараз у абавязковым парадку будуць здаваць адзінаццацікласнікі. Трэба ўдакладніць, што ў 2014-2015 і 2015-2016 навучальных гадах вучні 11 класаў, якія ўжо здавалі экзамен па гісторыі Беларусі ў 9-м, ад іспыту не вызваляюцца – для іх экзамен будзе праводзіцца па матэрыялах 10-11 класаў. Наогул жа, адзінаццацікласнікі зараз будуць здаваць чатыры абавязковыя экзамены: матэматыку, замежную мову, гісторыю Беларусі, рускую або беларускую мову.
– Чула, што Міністэрства аховы здароўя нашай краіны вырашыла “разгрузіць” ранцы школьнікаў…
– Сапраўды, маса штодзённага камплекта падручнікаў з пісьмовымі прыналежнасцямі (без масы ранца) зніжана: для вучняў 1-2 класаў – да 1,5 кг, 3-4 класаў – да 2 кг, 5-6 класаў – 2,5 кг, 7-8 класаў – 3 кг, 9-11 класаў – 3,5 кг. Пры гэтым маса пустога ранца для малодшакласнікаў павінна складаць не больш за 700 г, для вучняў сярэдніх і старэйшых класаў – да 1 кг.
– Іна Фёдараўна, ці гатовы школы Ушаччыны да прыёму вучняў?
– Так, за лета ўстановы адукацыі раёна правялі значную работу па бягучым рамонце, эстэтычным афармленні класаў і кабінетаў, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі. Ужо напачатку жніўня ўсе яны атрымалі пашпарты гатоўнасці да новага навучальнага года.
– На стадыёне Ушацкай школы, ля ДЮСШ, зараз вядуцца будаўнічыя работы…
– Так, прыемнай навіной для юных аматараў спорту стане адкрыццё тут спартыўнай пляцоўкі для гульні ў міні-футбол. Нашаму раёну пашчасціла трапіць у лік удзельнікаў сацыяльнага праекта “Родная сторона” – детям”, які рэалізуе ў краіне СТАА “НТС”, праваўладальнік гандлёвага знака “Родная сторона”, пры ўдзеле “Беларускай федэрацыі футбола”. Не засталося ўбаку ад праекта і раённае кіраўніцтва, якое дадаткова выдзеліла 150 мільёнаў рублёў. Агароджанае спартыўнае поле будзе пакрыта “штучнай травой” і забяспечана сучасным абсталяваннем, якое дазваляе выключыць рызыку траўматызму. Адкрыццё пляцоўкі запланавана на верасень.
– Пытанне ў працяг прыемнай тэмы. Летась на базе Ушацкай школы з’явіўся новы сучасны кабінет фізікі – ці плануецца адкрыццё аналагічных у сельскай мясцовасці?
– Абавязкова! І, спадзяюся, адбудзецца гэта ў самы бліжэйшы час.
– Ва Ушачах першыя класы звычайна працавалі на базе дашкольных устаноў, сёлета ж палова першакласнікаў пойдуць непасрэдна ў школу…
– Так, звязана гэта найперш з неабходнасцю “разгрузіць” дашкольныя ўстановы, у якія сёлета павінна прыйсці больш дзетак, чым звычайна. Першыя класы ў гэтым годзе будуць працаваць на базе ясляў-садоў №1 і №3 гарпасёлка і яшчэ два – у школе. Дарэчы, заняткі ў апошніх будуць пачынацца таксама ў 8 гадзін (у больш дарослых школьнікаў – у 8.30), што вельмі зручна для бацькоў. Будзе працаваць тут і група падоўжанага дня – неабходныя памяшканні з ложкамі і іншым абсталяваннем падрыхтаваны.
– Вучні закрытай сёлета Дубраўскай школы пераводзяцца ў Вяркудскую і Глыбачанскую. Якім чынам школьнікі будуць дабірацца да новага месца вучобы?
– Працэс аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, сапраўды, непарыўна звязаны з забеспячэннем падвозу вучняў. Аднак з гэтым праблем узнікнуць не павінна: сёлета набылі новы школьны аўтобус. Неабходныя для гэтага грашовыя сродкі (598 мільёнаў рублёў) выдзелены з абласнога бюджэту.
– Пры падрыхтоўцы дзяцей да школы малазабяспечаныя сем’і могуць разлічваць на аднаразовую матэрыяльную дапамогу, пра што мы расказвалі чытачам на старонках газеты. Ці скарысталіся ўшачане такой дзяржаўнай падтрымкай?
– Так, па стане на 15 жніўня дапамога аказана 73 малазабяспечаным сем’ям, у якіх выхоўваецца 103 школьнікі, на агульную суму 33 мільёны 400 тысяч рублёў. Хачу нагадаць, што школьнікі з мнагадзетных малазабяспечаных сямей могуць быць забяспечаны яшчэ і бясплатным харчаваннем – хто з бацькоў яшчэ не паспеў з адпаведнай заявай звярнуцца ў навучальную ўстанову, тэрмінова зрабіце гэта.
– Сёлета Дзень ведаў выпадае на панядзелак. Пасля ўрачыстых лінеек адразу пачнуцца заняткі?
– Так. Ва ўсіх школах раёна святочныя лінейкі адбудуцца ў панядзелак, 1 верасня, пачатак – у 9 гадзін. Карыстаючыся выпадкам, запрашаю прадстаўнікоў гаспадарак-шэфаў прыняць удзел ва ўрачыстасцях, лепшымі падарункамі для школьнікаў стануць спартыўны інвентар ці камп’ютары. Адразу пасля лінеек вучні разыдуцца па класах – у іх пачнуцца заняткі.
– Дзякуй за тлумачэнні.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.