Творческий вечер Народного артиста Беларуси Г.Гарбука прошёл недавно в санатории «Лесные озёра»

Наш современник Наши земляки Общество Экономика и малый бизнес

У мінулыя выхадныя пабывала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, нават не пакідаючы тэрыторыі раёна. Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук правёў першую  творчую вечырыну на сваёй малой радзіме, сярод такіх жа як і ён адпачываючых у санаторыі «Лясныя азёры». І якой была гэта вечарына: «брава» і апладысменты пасля кожнага маналога ці песні, аўтографы, фотаздымкі на памяць. І шчаслівы артыст, дарэчы, вельмі адкрыты і просты ў зносінах, які пагадзіўся ў чарговы раз расказаць пра сябе.

– Хваляваліся перад выступленнем?

– Вельмі. (Перад гэтым Генадзь Міхайлавіч тры дні рэпетыраваў з акампаніятарам Уладзімірам Нікіценкам са скрупулёзнасцю, уласцівай толькі сур’ёзнаму артысту).

– Генадзь Міхайлавіч, у вас столькі ўзнагарод, званняў. Вы адчуваеце сябе шчаслівым чалавекам?

– Так. У мяне багатае шчаслівае творчае жыццё. І не толькі ў мінулым.  Я і зараз у  cкладзе трупы і запатрабаваны. У мяне пяцёра ўнукаў і нават праўнучка.

– У якім спектаклі будзеце іграць?

– П’еса зусім маладога драматурга «Тата».

– Вы іграеце тату?

– Так, тату пры жыцці і тату-нябожчыка.

– Не засмучае іграць нябожчыка?

– Зусім не. Пасля таго як сыграў труп у адным з фільмаў, на гэта проста не звяртаю ўвагі. Гэта было на «Ленфільме» ў 90-я гады. Я не проста ляжаў у труне, а мяне  на самой справе закалацілі цвікамі і нават засыпалі зямлёй. Вось гэта было жудасна. Фільма я потым так і не бачыў.

– Вы ўдзельнічалі ў здымках працягу «Белых Росаў»?

– Я прачытаў сцэнарый Аляксея Дударава, ён мне вельмі спадабаўся, шкада, што пры здымках унесены змены. Стужка ўжо знята,  аднак без мяне.  Я ўдзельнічаў у пробах у той час, калі былі праблемы з каленямі і я вельмі дрэнна рухаўся, прапаноўвалі здымаць па пояс.  Паглядзеў я і рашыў, што такую немач нельга цягнуць на экран. Зараз замяніў суставы і хаджу.

– Вы яшчэ са школы не толькі ігралі, але і спявалі. У каго з родных гэтыя здольнасці?

– Ды ўсе родныя добра спявалі. Больш таго, чуў ад іх, што па бацькавай лініі прадзед быў цыганам. Мабыць і так, бо  былі ў родзе кучаравыя і чарнявыя, я па лініі маці – тыповы беларус.

– Сапраўды тыповы і іграеце простых сялян так, быццам бацька не суддзёй працаваў, а хлебаробам.  У каго вучыліся  сялянскай натуры?

– У дзядоў. Дзяцінства прайшло ў вёсцы, ваенны час. Бацькаў бацька Ануфрый Іванавіч Гарбук жыў у Глыбачцы Глабачанскага сельсавета. Матчын – Лаўрэнцій Аляксандравіч  Ясюк – з вёскі  Горы Гарбаціцкага.

– І ўсё ж як пачаўся шлях да сцэны?

– З-за  маёй паслухмянасці. Я старанны вучань быў і  выконваў усе загады настаўнікаў. І калі трэба было прачытаць байку, а хлопчыкі гэтага асабліва не любілі, давялося  мне. Я і зараз яе памятаю. Так і стаў артыстам.

– Вы казалі, што Вам пашчасціла на настаўнікаў.

– На настаўнікаў і ва Ушацкай школе, і ў інстытуце – вельмі. Пасля паступлення ім аказаўся Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў – акцёр, рэжысёр і вельмі патрабавальны педагог. Я ўвесь час лічыў, што ён мяне ненавідзіць, прыдзіраецца, і толькі пры выпуску ён сказаў, што я быў яго любімым вучнем.  Я вельмі ўдзячны яму за акцёрскую школу, за падыход да работы, новых роляў.

– Генадзь Міхайлавіч, з Ушаччыны выйшла многа таленавітых людзей. Каго з землякоў любіце чытаць?

– Быкава, Броўку,  Барадуліна.

– А наогул з драматургаў.

– Вельмі многіх, аднак назаву Грозава, Дударава і, канечне, Крапіву.

– Чытала, што вы займаліся ёгай.

– Так, каля трыццаці гадоў. Яна мне дапамагала быць у форме.

– А яшчэ пішуць, што Вы расціце бульбу па нейкай асаблівай тэхналогіі.

– Гэта я пераняў ад суседа па дачы, навукоўца. Сакрэт у тым, што яна спачатку трымаецца пад чорнай плёнкай, а калі парасткі дасягаюць сантыметраў 10 – адкрываецца, расце потым намнога хутчэй, акучваць, праўда, трэба абавязкова. Ну і ў якасці ўгнаення выкарыстоўвалі маслянічную рэдзьку.

– Вы вельмі старанна выводзіце аўтограф.

– 10 год трэніраваўся (смяецца).

– Як вам спадабаўся адпачынак у нашым санаторыі?

– Пераўзышоў усякія чаканні. І лячэннем, і кухняй – усім. Я даў сабе слова, што не буду ездзіць нікуды болей. Толькі сюды, на радзіму.

Дарэчы, зала санаторыя (пад 100 месцаў) была запоўнена, а для аўтографаў людзі неслі не проста буклеты, а і кнігі са сцэнарыямі.

– Я спецыяльна з’ездзіў і купіў кнігу Дударава ў Полацку, калі даведаўся пра канцэрт, – казаў малады чалавек з Санкт-Пецярбурга. – Я і не ведаў, што Андрэй з «Белых Росаў» і мой сусед па століку – адна і тая ж асоба.

Другая кампанія маладых людзей спецыяльна прыехала з Лепеля. Такі папулярны наш зямляк. А які артыст!  Дарэчы, вы зможаце пераканацца ў гэтым самі, калі прыйдзеце на канцэрт, які Генадзь Міхайлавіч пагадзіўся даць у сваіх родных Ушачах.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *