Новости нашего региона

Общество

Камеры відэаназірання

ўстаноўлены да новага навучальнага года ў трох самых буйных школах раёна – Арэхаўскай, Ільюшынскай і Ушацкай. Укладзеныя на набыццё апаратуры 26,6 мільёна акупяцца захаванасцю маёмасці ці кампенсацыяй нанесенага ўрону канкрэтнымі асобамі.

У сорак пяты раз

адчыніла сёлета дзверы Ушацкая дзіцячая школа мастацтваў. Першыя навучэнцы на аддзяленне баяна, цымбал і фартэпіяна прыйшлі займацца музыкай першага верасня 1969 года. З гэтага часу адбылося 40 выпускаў, а пасведчанні аб музычнай адукацыі атрымала 1057 выпускнікоў.

Змяніўся рахунак

З першага верасня мяняецца разліковы рахунак для аплаты за электраэнергію юрыдычнымі асобамі раёна: №3012038890192 у Полацкім аддзяленні ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк». МФО 150801635. Ранейшы рахунак з першага верасня закрыты.

Працоўныя мігранты з Украіны

У сувязі з ваеннымі дзеяннямі ва Украіне многія яе грамадзяне ў пошуку спакою і стабільнасці пераязджаюць у Беларусь, дзе атрымліваюць жыллё і работу. З’явіліся такія працоўныя мігранты і ў нашым раёне. Па інфармацыі групы па грамадзянстве і міграцыі Ушацкага РАУС, спецыяльны дазвол на працоўную дзейнасць і часовае пражыванне на тэрыторыі раёна атрымалі чацвёра грамадзян Украіны, якія ў цяперашні час жывуць у аграгарадку Кублічы і працуюць у ААТ «Полацклес». Яшчэ трое ўкраінскіх грамадзян – жыхароў Данецкай і Луганскай абласцей – маюць намер працаўладкавацца ў санаторыі «Лясныя азёры» і ААТ «Ільюшынскі». Зараз вырашаецца пытанне аб выдачы ім адпаведнага дазволу.

Творчая вечарына

Народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука адбудзецца ў пятніцу, 22 жніўня, на сцэне раённага Дома культуры. Пачатак у 18 гадзін, уваход свабодны, а вось букеты – пажаданы.

Збор ягад

Вызначаны тэрміны збору брусніц і журавін. У Віцебскай вобласці збіраць брусніцы можна з 16 жніўня, журавіны – з 25 жніўня. Нагадаем, што за незахаванне вызначаных тэрмінаў і іншыя парушэнні збору ягад грамадзяне будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці, якая прадугледжвае папярэджанне або штраф да 20 базавых велічынь.

Планавыя работы

У раёне вёскі Сарочына зараз праводзяцца планавыя работы па абслугоўванні газаправоду, звязаныя з павышаным шумам. Просьба да насельніцтва – не хвалявацца.

«Увага – дзеці!»

Спецыяльны комплекс мерапрыемстваў пад такой назвай будзе праводзіць Дзяржаўтаінспекцыя з 25 жніўня па 5 верасня. Мэта акцыі – папярэдзіць выпадкі траўматызму і гібелі дзяцей у выніку дарожна-транспартных здарэнняў. ДАІ рэкамендуе ў перыяд правядзення акцыі ўключаць бліжняе святло фараў пры руху ў светлы час сутак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *