Флагманы растениеводства работают в ОАО «Деменец»

Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

Поле ля вёскі Крошына для камбайнера – выпрабаванне на прафесіяналізм. На засеяных віка-аўсянай сумессю палетках стопрацэнтная палегліца: тонкія павойныя сцяблы каштоўнай кармавой культуры не здолелі процістаяць вятрам і дажджам. Няпростая задача для Аляксандра Віктаравіча Спірыдовіча – навічка камбайнерскай справы, які толькі сёлета ўпершыню сеў за штурвал зернеўборачнай машыны.

Зрэшты, пра камбайн гэты трэба расказаць асобна. Адхадзіўшую па палях ААТ «Дземенец» 13 сезонаў «Ліду 1300» збіраліся спісваць, але механізатар выказаў жаданне паспрабаваць падоўжыць тэрмін яе «працоўнага жыцця» – на падобнай тэхніцы не так боязна напрацоўваць навыкі, ды і стан камбайна, як высветлілася, яшчэ задавальняючы, што і не дзіўна, бо раней працаваў на ім вельмі акуратны механізатар-перадавік Мікалай Уладзіміравіч Яловік. Паспрабаваць сябе ў якасці камбайнера Аляксандр Спірыдовіч захацеў у тым ліку і з-за неблагіх заробкаў на жніве – аспект гэты немалаважны для бацькі чатырох дзяцей…

Дырэктар прадпрыемства А.В.Шарыпенка ініцыятыву свайго цёзкі падтрымаў і нават вылучыў для пачынаючага камбайнера вопытнага памочніка – Мікалая Васільевіча Рыктара. Новаўтвораны экіпаж адразу паказаў сваю баяздольнасць. Падчас нашай сустрэчы тыдзень таму працаўнікі ўжо намалацілі 530 тон зерня – і гэта прытым, што даручалі ім самую складаную работу. Каб справіцца з той жа палеглай вікай, супраць якой бяссільныя любыя сцяблоўздымальнікі, трэба па некалькі разоў прайсці поле і ўздоўж, і ўпоперак. Тым не менш, па меркаванні кіраўніка «Дземенца», вырошчваць гэтую кармавую культуру выгадна, бо каштуе яна ўдвая даражэй, напрыклад, за ячмень, а таму можна мірыцца нават з тым, што сёлетняя яе ўраджайнасць (27 цэнтнераў з гектара) крыху зменшыла агульную па гаспадарцы (32,5 цэнтнера), якая, зрэшты, традыцыйна лепшая ў раёне.

Чырвоная лямпачка на бункеры тым часам прасігналізавала аб хуткім запаўненні, і вадзіцель Уладзімір Дзмітрыевіч Жарнасек накіраваў сваю машыну да камбайна. За плячыма гэтага руплівага працаўніка каля 30 гадоў вадзіцельскага стажу, 10 з іх – на палях «Дземенца». Багаты вопыт і стараннасць дазволілі яму перавезці на жніве 748 тон зерня і трывала замацавацца на другім радку раённай табліцы для вадзіцеляў аўтамабіляў свайго класа.

– Нічога дзіўнага, – з уласцівай яму сціпласцю тлумачыць свой поспех Уладзімір Дзмітрыевіч, – з пачатку жніва я ў асноўным працаваў на адвозцы зерня ад камбайна Мікалая Яловіка – тут хочаш-не хочаш у перадавікі выйдзеш!

Дарэчы, прозвішча Мікалая Уладзіміравіча таксама пэўны час знаходзілася ў тройцы лепшых на жніве. Калі мы наведалі гаспадарку, Мікалай Яловік убіраў рапсавыя палі каля вёскі Стаі. Гэта таксама сёлета адна са стратэгічных культур у гаспадарцы. Аднак, каб яна давала сапраўды адчувальны прыбытак, нельга адпраўляць яе на палі «па астаткавым прынцыпе» – упэўнены кіраўнік сельгаспрадпрыемства. У «Дземенцы» пад рапс адводзяць годныя, больш высокія ўчасткі, што пры ўмовах захавання тэхналогіі забяспечвае добрую ўраджайнасць. І, канечне, немалую ролю ў памяншэнні сабекошту адыгрывае тое, што ўраджай з палёў дальняга рэгіёну не трэба везці ў Глыбачку – збожжа змяшчаюць сёлета ў прыстасаваным пад сховішча арачніку ў Дубраўцы, дзе раней ляжаў металалом. Яго перанеслі ў іншае месца, навялі ў арачніку парадак і зараз не хвалююцца пра захаванасць ураджаю, які непасрэдна з Дубраўкі накіроўваецца на здачу.

Кіпіць справа і на зернетоку ў Глыбачцы. Дакладней, асноўныя работы тут ужо амаль скончаны: на пачатак мінулага тыдня было ачышчана 150 тон насення азімых і 120 тон ячменю. Старанных работнікаў зернетока А.В.Шарыпенка вылучае асобна. Традыцыйна запраўляе тут справамі Сяргей Данілавіч Хадан, добра працуюць і яго памагатыя Сяргей Шарох, Мікалай Арцямёнак, Аляксандр Талочка, Алег Асіпёнак. Давялося ўбачыць тут таксама маладога спецыяліста – тэхніка-электрыка Аляксандра Лабёнка, разам з названымі работнікамі ён быў заняты рамонтам ворахасушыльнага пункта для ўраджаю наступнага года. Сёлета на зернетоку шчыраваў таксама створаны райкамам БРСМ будаўнічы атрад з ушацкіх і арэхаўскіх школьнікаў, дапамагалі ім некалькі гарадскіх падлеткаў, якія праводзяць летнія канікулы ў мясцовых бабуль і дзядуль. Да слова, далёка не ўсе кіраўнікі ахвотна бяруць на работу непаўналетніх, бо гэта спалучаецца з шэрагам абмежаванняў. А вось Аляксандр Віктаравіч наймае іх штогод, бо лічыць гэта карысным для абодвух бакоў.

На бягучым тыдні аргарыі ААТ «Дземенец» практычна завяршылі ўборку збожжавых і зернебабовых (і гэта пры самай вялікай нагрузцы на камбайн!), у чарговы раз пацвердзіўшы свае лідарскія пазіцыі ў раслінаводстве. А ўтрымліваць іх дапамагае спалучэнне асноўных фактараў: граматнага кіраўніцтва і добрасумленных адносін да справы ўсіх работнікаў прадпрыемства.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *