И снова в лидерах ильюшинцы!

Наш современник Общество Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

Накіроўваючыся ў сераду ў ААТ “Ільюшынскі”, першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Чэрнікаў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Пётр Мікалаевіч Хвашчэўскі адчувалі эфект дэжавю. Некалькі дзён таму яны ўжо былі ў гаспадарцы з нагоды ўшанавання лідараў раённых спаборніцтваў сярод экіпажаў зернеўборачных машын: старшы камбайнер А.Д.Спірыдзёнак у пары з памочнікам Ігарам Коўшалем першымі дасягнулі знакавага паказчыка – намалацілі 700 тон зерня. Але ж аграрыі “Ільюшынскага” зноў далі падставу для візіту – намалацілі тысячу тон збожжа.

Падчас узнагароджвання Анатоль Дзмітрыевіч міжволі пазіраў на камбайн, імкнучыся як мага хутчэй сесці за штурвал: сіноптыкі прагназавалі хуткае пагаршэнне надвор’я, а ў гаспадарцы яшчэ заставаліся нязжатыя плошчы. А вось вадзіцель сельгаспрадпрыемства Мікалай Уладзіміравіч Ляхоўскі, здаецца, радаваўся некалькім хвілінам перапынку ў напружаным рабочым графіку і нават пагадзіўся прымерыць атрыманыя ў падарунак футболку з кепкай. Такі ўбор быў мужчыну да твару, “ажыўляў” стомлены выгляд вадзіцеля – што і казаць, гэта не жарт – першым у раёне перавезці на МАЗе 1500 тон зерня.

Традыцыйна важкі ўклад ва ўборку ўраджаю збожжавых і зернебабовых  уносяць маладыя працаўнікі вёскі. Сярод іх – яшчэ адзін ільюшынец Аляксандр Селезень. У самую гарачую сельскагаспадарчую пару яму даверылі адказны фронт работы – адвозку зерня. З першых жа дзён жніва Аляксандр стаў перадавіком сярод вадзіцеляў трактароў МТЗ, прычым не толькі ў межах сваёй гаспадаркі. Упэўнена падышоў механізатар і да першых у раёне 700 перавезеных тон, з чым яго павіншавала спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Іванаўна Гардзіёнак.

– Мы нікога наўмысна не выцягваем у “тысячнікі”, не ставім выключна на палі з лепшай ураджайнасцю, – кажа дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Анатольевіч Халімоненка. – Усе працуюць у роўных умовах, бо галоўная наша мэта – якасна і своечасова ўбраць кожнае поле.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *