Не сакрэт, што чалавеку з інваліднасцю жывецца намнога цяжэй, чым здароваму. Няпроста і яго блізкім. Між тым, дапамагчы людзям з абмежаванымі магчымасцямі, падтрымаць іх сваякоў могуць паслугі, якія аказвае тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пра іх наша гутарка з загадчыцай аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН Ушацкага раёна Маргарытай Анатольеўнай МАЙСЕЕНКАЙ:
– Страціўшы здольнасць да самаабслугоўвання, хворыя людзі ці іх родныя пачынаюць пошук “памочнікаў”. Чула, што тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прапануе ўшачанам паслугі сядзелкі.
– Сапраўды, гэта новая паслуга, якая, думаю, будзе запатрабаванай у нашых грамадзян. На яе аказанне можа разлічваць чалавек, які страціў магчымасць самаабслугоўвання і руху (ляжачы). Сядзелка будзе знаходзіцца з ім ад 10 да 40 гадзін у тыдзень, пры неабходнасці перасцеле ложак, прыгатуе ежу, пакорміць, прыбярэ ў хаце і інш. Кошт гэтых паслуг на сённяшні дзень складае для адзінокіх непрацаздольных малазабяспечаных грамадзян 3,5 тысячы рублёў за гадзіну, для іншых катэгорый грамадзян – 24 тысячы 600 рублёў.
Атрымаць дадатковую інфармацыю па пытанні аказання грамадзянам паслуг сядзелкі можна ў нашым аддзяленні па адрасе: г.п. Ушачы, вул.Ленінская, 12 (будынак райвыканкама), каб.14 або па тэлефоне 2-92-89.
– На слыху ў многіх – паслугі нянькі, прычым бясплатныя…
– Так, дарэчы, аказваюцца яны самым розным катэгорыям сямей. Прэтэндаваць на бясплатную няньку могуць няпоўныя ячэйкі грамадства, у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід ва ўзросце да чатырох гадоў – у дзённы час па рабочых днях на тэрмін да 20 гадзін у тыдзень. На такіх жа ўмовах паслугі нянькі аказваюцца поўным сем’ям з двума і больш дзеткамі-інвалідамі. Могуць разлічваць на бясплатную “памочніцу” і бацькі двойняў (да дасягнення малышамі 3-гадовага ўзросту) – не больш за 12 гадзін у тыдзень, а таксама тройняў – да 40 гадзін.
– У грамадзян з парушэннямі апорна-рухальнага апарату не заўсёды ёсць магчымасць купіць неабходнае артапедычнае абсталяванне. У вашым жа аддзяленні, як я ведаю, яго можна ўзяць на пракат.
– Так, на яго могуць разлічваць непрацаздольныя грамадзяне ва ўзросце ад 60 гадоў або інваліды І і ІІ груп. Кошт такога абсталявання сімвалічны: за суткі карыстання кастылямі давядзецца заплаціць 100 рублёў, кійком – 150. У перспектыве спадзяемся займець яшчэ і інвалідную каляску.
– Часам пажылыя людзі, у тым ліку інваліды, замыкаюцца ў сабе, застаючыся сам-насам са сваімі праблемамі. Як дапамагае справіцца з гэтым аддзяленне кругласутачнага прабывання ў аграгарадку Вяркуды?
– У аддзяленні створаны ўсе неабходныя ўмовы для камфортнага пражывання, адпачынку адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў. Надаецца значная ўвага забеспячэнню належнага мікраклімату, працатэрапіі, заняткам па інтарэсах. Зусім не выпадкова, што тут ужо знайшлі сабе прытулак тыя, хто не можа абыходзіцца без чужой дапамогі, на сённяшні дзень гэта 19 чалавек. Між іншым, свабодныя месцы ў аддзяленні ёсць.
Не за гарамі асенне-зімовы перыяд, а значыць і няпростыя гаспадарчыя справы, накшталт нарыхтоўкі дроў, топкі печы, расчысткі двара ад снегу. З гэтай нагоды звяртаюся да ўсіх бабуль і дзядуляў Ушаччыны. Калі ў вас няма на каго разлічваць (маю на ўвазе родных, якія знаходзяцца побач, дапамагаюць), лепшым варыянтам для вас стане наша аддзяленне. З адзінокіх непрацаздольных грамадзян бярэцца штомесячная плата ў памеры 85 працэнтаў ад сумы пенсіі (але не больш за 80 працэнтаў ад поўнага кошту паслуг). Калі ж у чалавека ёсць працаздольныя дзеці, апошнія павінны даплаціць да поўнага кошту паслуг установы. Дадатковая інфармацыя – непасрэдна ў аддзяленні кругласутачнага прабывання для пажылых грамадзян і інвалідаў па тэлефоне 2-54-74.
– Дзякуй за тлумачэнні! Спадзяюся, для многіх ушачан атрыманыя звесткі дапамогуць справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.