Республиканские соревнования среди спасателей-пловцов и спасателей-водолазов прошли в Ушачском районе

Cлужба-101

Мінулы тыдзень пакінуў масу ўражанняў і ўспамінаў у тых, хто пабываў на беразе возера Вечалле. Менавіта там з панядзелка па пятніцу праходзілі VII рэспубліканскія спаборніцтвы сярод выратавальнікаў-плыўцоў і выратавальнікаў-вадалазаў. Пазмагацца за права стаць лепшымі на Ушаччыну з’ехаліся прадстаўнікі сямі мацнейшых каманд абласных і Мінскага гарадскога ўпраўленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, а таксама каманды рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС і таварыства выратавання на водах.

На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў удзельнікаў шчыра віталі намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, начальнік аддзела службы і боегатоўнасці падраздзяленняў Аляксандр Валер’евіч Ярмаш і намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч. Яны пажадалі выратавальнікам цікавага і карыснага баўлення часу на ўшацкай зямлі, ні пуха ні пер’я падчас праходжання дыстанцый. Дарэчы, удача на стартах плыўцам спатрэбілася ў той жа дзень.

У вадзе на рознай адлегласці ад берага аказалася адразу дзве “ахвяры” – падобныя на дарослага чалавека па фігуры і сваёй вазе драўляныя манекены. Выкарыстоўваючы розныя плаўсродкі, выратавальнікі дастаўлялі іх на бераг. Варта адзначыць, што рабілі яны гэта з зайздроснай хуткасцю, нават невялікае замаруджванне ў секунду-другую некаторых “адкідвала” далёка ад перадавых пазіцый. Уважліва сачылі за выступленнем плыўцоў прадстаўнікі каманд-саперніц – бойка абмяркоўвалі іх промахі, ацэньвалі свае шансы на перамогу.

Зразумела, для таго, каб выратаваць чалавека, які церпіць бедства на вадзе, аднаго жадання і ўмення плаваць мала. Выратавальнікі-плыўцы штодня праводзяць трэніроўкі, увесь час удасканальваюць навыкі меддапамогі, здаюць нарматывы. Адна з галоўных якасцяў – сабранасць, сцвярджаюць хлопцы. Калі разгубішся, пойдзеш пад ваду разам з тым, каго ратаваў.

Упершыню на спаборніцтвы такога кшталту па запрашэнні арганізатараў прыехала каманда дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службы Латвіі, якая выступала па-за залікам. Прыбалтыйскія госці мелі магчымасць пераняць вопыт беларускіх калег, ацаніць узровень іх падрыхтоўкі.

– Шчыра кажучы, па-добраму зайздрошчу вашым вадалазам, – прызнаўся ўдзельнік латвійскай каманды Максім Дымпер. – Ведаю, што ў Беларусі з імі рэгулярна праводзяцца практычныя заняткі ў баракамеры. Каб праверыць барафункцыі арганізма, дапусціць вадалазаў на глыбіні, якія перавышаюць ужо дасягнутыя, ажыццяўляюцца трэніровачныя спускі. У нас у Латвіі толькі адна баракамера, а таму трапіць у яе даволі праблематычна. Асабіста мне даводзіцца ездзіць ледзь не праз усю краіну, каб прайсці адпаведную праверку. Між іншым, справа не толькі ў баракамерах – увогуле ўражвае аснашчанасць вадалазна-выратавальных служб Беларусі неабходнымі тэхнічнымі і плавальнымі сродкамі.

Высока ацанілі латышы і гасціннасць ушачан. У ходзе спецыяльнай экскурсіі яны наведалі музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, мемарыяльны-комплекс “Прарыў”, сядзібу-музей Васіля Быкава.

Пакуль жа дэлегацыя краіны-суседкі знаёмілася з прыгажосцю мясцовых краявідаў, багатай гісторыка-культурнай спадчынай Ушаччыны, беларускія выратавальнікі актыўна рыхтаваліся да наступных этапаў спаборніцтваў. І ўжо ў сераду на старт выйшлі вадалазы, якія дэманстравалі свае навыкі на трох дыстанцыях: падводна-тэхнічныя і выратавальныя работы, падводнае арыентаванне па гукавых сігналах.

На жаль, убачыць, як дзейнічаюць выратавальнікі пад вадой, не ўяўлялася магчымым, аднак аб іх прафесіяналізме можна было меркаваць па якасна і хутка выкананых заданнях. Дарэчы, вялікая заслуга ў гэтым належыла і тым, хто знаходзіўся на беразе.

– Для нас, вадалазаў, вельмі важна дзейнічаць зладжана, – падзяліўся сакрэтамі сваёй работы прадстаўнік каманды Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір Трацяк. –Вадалазныя спускі ажыццяўляюцца ў прысутнасці трох вадалазаў: адзін – рабочы, другі забяспечвае спуск, трэці страхуе і ў экстранную сітуацыю прыйдзе на дапамогу. Нашы зносіны адбываюцца праз вяроўку (сігнальны канец) па пэўных умоўных сігналах. Існуе шэраг правілаў бяспекі і інструкцый для правільнага апускання, правядзення падводных работ і бяспечнага ўсплывання. Гэтыя спаборніцтвы – выдатная магчымасць праверыць сябе і свае навыкі, умацаваць камандны дух.

Пяць дзён насычаных трэніровак, практычных і тэарэтычных заняткаў праляцелі для выратавальнікаў непрыкметна. На ўрачыстым закрыцці спаборніцтваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка падзякавала арганізатарам за аказаны давер на правядзенне мерапрыемства такога маштабу на Ушаччыне, выказала спадзяванне ўбачыць удзельнікаў конкурсу з сем’ямі і сябрамі на нашай гасціннай зямлі яшчэ не раз.

Па выніках усіх этапаў спаборніцтваў каманды-пераможцы, а таксама плыўцы і вадалазы, якія паказалі лепшыя вынікі ў асабістым першынстве, атрымалі кубкі, дыпломы і памятныя падарункі. Прыемна, што сярод выратавальнікаў-вадалазаў бронзавым прызёрам стала каманда Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС.

Дарэчы, у выйгрышы аказаўся і кожны з нас: дзякуючы атрыманым навыкам і ўменням усе гэтыя спецыялісты яшчэ выратуюць не адно чалавечае жыццё. Але ж не дабаўляйце ім работы, не выпрабоўвайце лёс – будзьце асцярожныя, знаходзячыся на вадаёме!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *