Костёл в г.п.Ушачи отпраздновал 100-летний юбилей

Общество

Мёдам і  пірагамі пачаставаўся кожны, хто ў нядзелю пабываў на храмавым свяце ў касцёле. Асвячэнне гэтых прадуктаў – абавязковае завяршэнне кожнай імшы, якая адбываецца 10 жніўня. Менавіта ў гэты дзень услаўляецца Святы Лаўрэн – заступнік як  Ушач, так і пчаляроў і кухараў.

І ўсё ж сёлетняя імша пры ўсім яе падабенстве з іншымі на храмавае свята — была адметнай. Сёлета святкавалася стагоддзе са дня ўзвядзення касцёла. А таму і гасцей было шмат, і вернікаў – цэлая зала. Адроджаны храм, адзіны, што захаваўся ва Ушачах пасля вайны – культавае месца для кожнага ўшачаніна, таму былі ў зале як каталікі, так і праваслаўныя. Таму не прамінулі свята старшыня райвыканкама В.В.Родзіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка. Не толькі  прыгожы букет паднеслі яны суполцы ўшацкіх вернікаў, але і паабяцалі аказаць матэрыяльную дапамогу на бягучыя патрэбы касцёла. А яны ёсць заўсёды. Тым больш што сёлета яшчэ і дзесяць гадоў, як храм быў рэстаўрыраваны: ужо патрэбны бягучы рамонт, ды і да свята ксёндз Аляксей з вернікамі зрабілі вялікую работу – паклалі на падлогу плітку.

Вёў святочную імшу генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Францішак з ксяндзом Аляксеем і святарамі з суседніх парафій з Лепеля, Полацка, Дунілавіч, а зводны хор суправаджаў усю службу спевамі.

Стаіш у храме, і вочы міжволі  падымаюцца пад бялюткі светлы купал, на абраз Святога Лаўрэна, да  Маці Божай Ушацкай. І нават не заплюшчваючы іх, бачыш, што было тут 15, 20 год таму. Верыцца і не верыцца, што мара ўшацкіх каталікоў спраўдзілася. Што ў храм, які пасля будаўніцтва паслужыў людзям усяго некалькі год, ужо на працягу дзесяцігоддзя прыходзяць вернікі  ўшацкай парафіі. Тут усё той жа касцяк, які столькі зрабіў для адраджэння храма, але і кагорта дзяцей, якія растуць у веры. Няхай і надалей будзе такі схільны да ўшацкіх каталікоў Хрыстос, так шанцуе парафіі на ксяндзоў, а Святы Лаўрэн і надалей аберагае ўсіх ушачан.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *