Старшы камбайнер ААТ «Ільюшынскі» Анатоль Дзмітрыевіч Спірыдзёнак яшчэ падчас уборкі рапсу, калі механізатары толькі ўцягваліся ў жніво, выказваў меркаванне, што сёлета на палях гаспадаркі вырас добры ўраджай і разлічваў на неблагія намалоты. Не памыліўся вопытны хлебароб — зерневыя сапраўды радуюць мясцовых аграрыяў. Граматная арганізацыя работ і старанная праца на экватары ўборачнай вывела камбайнераў «Ільюшынскага» ў лідары раённых спаборніцтваў сярод экіпажаў зернеўборачных машын, а А.Д.Спірыдзёнак у пары з памочнікам Ігарам Коўшалем першымі дасягнулі знакавага паказчыка — намалацілі 700 тон зерня. На старасельскіх землях гаспадаркі палі вялікія, пераездаў няшмат, таму ў асобныя дні, як, напрыклад, 6 жніўня, А.Д.Спірыдзёнак і яго калега-сапернік Уладзімір Уладзіміравіч Лёля намалочваюць каля 100 тон зерня кожны! Такога ў гісторыі нашага раёна яшчэ не было.
Зразумела, што ўдарная праца камбайнераў не дазваляе прастойваць і тэхніцы, занятай на адвозцы — ільюшынцы тут таксама захапілі лідарства. Але малады вадзіцель МАЗа Ушацкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Вячаслаў Шэўчанка ўсё роўна быў вельмі здзіўлены, калі ў чацвер першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Чэрнікаў і старшыня райкама прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу Пётр Мікалаевіч Хвашчэўскі прыехалі ў гаспадарку, каб акрамя экіпажа А.Д.Спірыдзёнка ўзнагародзіць дыпломам і грашовай прэміяй і яго, — хлопец першым у раёне перавёз тысячу тон зерня.
«Некалі мне ў зводкі глядзець», — усміхаецца вадзіцель і, ківаючы на камбайнераў, жартуе: «З-за іх часу зусім не застаецца!»
Добры настрой быў у механізатараў «Ільюшынскага», бо грашовыя прэміі ад прафсаюза гаспадаркі па выніках прамежкавых унутраных спаборніцтваў атрымалі яшчэ і камбайнеры У.Лёля, М.Казачонак, занятыя на адвозцы зерня А.Селезень, М.Ляхоўскі, А.Аўсіевіч.
— Кадры мы цэнім, — задаволены працай сваіх механізатараў дырэктар гаспадаркі Сяргей Анатольевіч Халімоненка. — Яшчэ раз узнагародзім перадавікоў пасля заканчэння ўборачнай.
А.А.Чэрнікаў і П.М.Хвашчэўскі выказалі механізатарам шчырыя словы ўдзячнасці і пажадалі дасягнення новых працоўных рубяжоў. Улічваючы тэмпы і адносіны да працы хлебаробаў «Ільюшынскага», яны абавязкова будуць узятыя.
Д.РАМАНОЎСКІ.