З гісторыі
Дамініканскі касцёл існаваў ва Ушачах яшчэ ў пачатку васемнаццатага стагоддзя, у 1868-м яго перадалі пад праваслаўную царкву. Абраз Маці Божай (Ушацкай), які лічыўся цудадзейным, разам з іншымі касцёльнымі рэчамі ўрачыста перанеслі ў селішчанскі касцёл. У 1905 годзе вернікі дамагліся адкрыцця філіяла, пробашчам якога на працягу двух гадоў быў ксёндз Кельбаса. Спачатку набажэнствы праводзіліся ў малой драўлянай капліцы на могілках. У 1908-м ушацкія католікі атрымалі дазвол на будаўніцтва новай святыні, але на гэта не хапала сродкаў. Аднак з Божай дапамогай знайшліся людзі, дзякуючы якім касцёл быў пабудаваны. Гэта былі пан Рэўт і мясцовая філантропка пані Івашэўская. Новую святыню пабудавалі ў гатычным стылі. Пасля ксяндза Кельбасы пробашчам стаў ксёндз Шымлінскі, які энергічна і самааддана працягваў будаўніцтва. Потым яго змяніў ксёндз Баркоўскі. Пасля рэвалюцыі ў 1917 годзе касцёл зноў зачынілі.
Тройчы перайменаваны
Адным з дзён у пачатку 90-х прыехаў ва Ушачы ксёндз Мечыслаў Янчышын. Пахадзіў ля паўразбуранага касцёла, які за доўгія гады ператварылі ў адыходжае месца, і стаў шукаць каталікоў. Спыніўшы першага сустрэчнага, даведаўся пра сям’ю Уладзіміра Восіпавіча Шкіндзера.
— Ледзь не страціла прытомнасць, калі ўбачыла ў двары жывога ксяндза. Нібы сам Божанька перада мной з’явіўся, — расказвала пазней Алена Антонаўна Шкіндзер. Вельмі набожная жанчына, дзядзька якой, дарэчы, быў ксяндзом, перад гэтым не адзін год не была на споведзі, а тут — святар.
З гэтага моманту і стаў дом Шкіндзераў храмам, у які раз у месяц прыязджаў ксёндз Мечыслаў і збіралася невялікая на той час колькасць вернікаў, якія і пачалі ствараць рэлігійную суполку. І атрымала яна імя — не, не Лаўрэна, а Маці Божай Будслаўскай. Чаму яе? Таму што ніхто не ведаў на той час, чыё імя насіў касцёл пры будаўніцтве, а ў першыя гады адраджэння веры вельмі ўшаноўвалася і была на слыху Маці Божая Будслаўская — сапраўдная святыня для ўсёй Беларусі. Так і зарэгістравалі, а ўжо пазней, калі суполка праходзіла чарговую перарэгістрацыю, ксёндз Мечыслаў прапанаваў даць ёй імя заступніка Ушач Святога Лаўрэна, выяву якога ўбачыў у раённай газеце. «У Вас жа на гербе Лаўрэн, вельмі шанаваны святы, асабліва у той час, калі Ушачы атрымлівалі Магдэбургскае права і вырашалася, якога святога ўзяць на свой герб. Няхай і касцёл носіць яго імя». І ўжо намнога пазней, калі ксёндз Ежы Майка шукаў гісторыю касцёла, стала вядома, што насіў ён імя Маці Божай Ружанцовай — гэта можна лічыць збіральным вобразам Маці Божай, паколькі выявы многіх, у тым ліку і Маці Божай Ушацкай, намаляваны з ружанцам (чоткамі) у правай руцэ.
Чаму Святы Лаўрэн
іспанец па паходжанні, а не Пётр, Павел ці нехта з іншых больш ушаноўваемых святых быў абраны на выяву ўшацкага герба?
Напэўна з-за сваёй адданасці веры і касцёлу. Ён, у чыіх руках знаходзілася ўсё багацце царквы (загадваў казной), не здрадзіў папу Сіксту ІІ (абраны 25 жніўня 257 года), якога схапіў імператар Валерыян і разам з іншымі хрысціянамі закатаваў. Лаўрэн хоць мог схавацца, але пайшоў разам з ім. А пасля таго, як яго не ўдалося пераманіць на службу да імператара і прымусіць аддаць багацці, ён усё ж пагадзіўся паказаць, дзе яны. Сабраўшы на плошчы народ, Лаўрэн паказаў на людзей: «Вось багацце царквы». І не схлусіў ні ў прамым, ні ў пераносным сэнсе, паколькі да гэтага раздаў усе грошы беднякам. Для яго падрыхтавалі жудасныя пакуты: спачатку секлі бізунамі, а потым смажылі на распаленай агнём металічнай рашотцы — Лаўрэн нават у такім стане змог прамовіць карніку: «Бачыш, маё цела дастаткова падгарэла з аднаго боку, перавярні на другі». «Якім жа моцным павінен быць агонь любві да Хрыста, каб ён гасіў жар агню натуральнага», — такую ацэнку даў пакутніку папа Лявон І Вялікі. Гэты ўчынак зрабіў Лаўрэна святым і шануемым рымскай царквой. Над яго магілай была пабудавана базіліка пры гарадскіх могілках «Аль Верано», у яго гонар у свеце быў змураваны не адзін касцёл, толькі ў Рыме іх зараз 6. Кароль Іспаніі Піліп ІІ пабудаваў у яго гонар паблізу Мадрыда эскарыял (свой палац) у выглядзе рашоткі.
Святы Лаўрэн лічыцца заступнікам не толькі беднякоў, але і пекараў, пчаляроў, бібліятэкараў, кухараў і пажарных, што было больш важным для поўнасцю драўляных у сямнаццатым стагоддзі Ушач. Яго заступніцтва просяць падчас пажараў, пры рэўматычных хваробах.
Імя Лаўрэна носяць многія населеныя пункты, рака ў Канадзе. А народ склаў мноства прымавак, прыкмет, звязаных з Лаўрэнам, імя якога заўсёды шануецца 10 жніўня. Напрыклад, калі на Лаўрэна багаты ўраджай арэхаў, зіма будзе марознай. У гэты дзень асвячаецца мёд, якім частуюць блізкіх пад спецыяльную малітву аб абароне пчол.
Ушацкая святыня
Гімн святому Лаўрэну склаўся вельмі хутка, як і музыка да яго, якую напісала Алеся Каваленка, аднак нязначна змяніўся. На адну з першых службаў пад адкрытым небам прыйшоў і Рыгор Барадулін. Пасля імшы накіраваўся дадому, а пачуўшы спеў — спыніўся і даслухаў да канца. Крыху пазней сказаў — не надта паэтычна — і ўнёс у гімн свае папраўкі. «Паэту лепш бачна», — рэзюміраваў ксёндз. Так і сталі ўшачане спяваць народна-барадулінскі гімн Лаўрэну.
А вось ікона Маці Божай Ушацкай — святыня са святыняў. Была яна цудадзейнай, а яе апісанне — у срэбраных адзеннях, можна сустрэць у многіх крыніцах. Тая старадаўняя ікона не захавалася, аднак унучка жыхаркі Ліпаўца Антаніны Обух перадала чорна-белую копію той іконы, з якой пазней манахам-дамініканцам Міхаілам Ермашкевічам была напісана тая, што вісіць у левым крыле касцёла. А вось ікона святога Лаўрэна ў цэнтры — пэндля нашага мастака Міхаіла Антонавіча Казіцкага. Два драўляныя Крыжы, што зараз выкарыстоўваюцца ў касцёле, зрабіў Міхаіл Ягоравіч Кляшторны.
У іх вучыліся веры
Пасля Мечыслава Янчышына ксяндзамі ўшацкай парафіі былі: Марат Казлоўскі, Ежы Майка, Уладзімір Чаркас, Юрый Зыгмантоўскі, зараз Аляксей Асон. Пра кожнага з іх можна прыгадваць нешта адметнае. Але асноўнае, чаму вучыліся ў іх ушацкія каталікі — гэта веры. Ежы Майка служыў імшу кожны дзень — незалежна ад таго, прыйшоў хоць адзін прыхаджанін або не. У любое надвор’е ў касцёле без абагрэву. І кожны дзень многа працаваў фізічна. Без гэтых двух рэчаў, казаў, быццам дарма дзень пражыў. Пры ім была пабудавана плебанія і па сутнасці створаны сапраўдны прыход. Пастаянных прыхаджан нямнога — чалавек 25-30, а ў святы касцёл запаўняецца.
Як адраджаўся храм
Гадоў з дзевяць служба праходзіла ў доме Шкіндзераў, перш чым перамясціцца ў кватэру Відзевічаў, пакоі якой і выходзілі на касцёл. Сабралася на Троіцу ў канцы мая 1999 года чалавек дваццаць, прыйшло нямала мужчын. Павінен быў быць і ксёндз, які аднак папярэдзіў, што прыехаць не атрымліваецца і каб пачыталі любыя малітвы на свой выбар. Адкрылі малітву да Божага провіду. Кожны ўслых казаў якое-небудзь жаданне, і ўсе маліліся. Прасілі здароўя, дабрабыту ў сем’ях, міру, а калі чарга дайшла да Марыі Станіславаўны Турло, яна прамовіла: няхай адрадзіцца касцёл. Гэта было настолькі нерэальнай просьбай, што паспрабавалі згладзіць жаданне пажылой жанчыны, дадаўшы: няхай гэтая справа хоць зрушыцца з месца. Шчыра памаліліся. Прыгадваюць, як узняўся настрой, ніхто не хацеў разыходзіцца, а ў акне ігралі на сонцы рэшткі каляровай мазаікі разбуранага касцёла.
Потым было святочнае чаяпіцце, і слова за слова, мужчыны прапанавалі: давайце хаця б навядзём парадак. А ў сераду загрукалі ламы. Бацька і сын Уладзіміры Шкіндзеры, Міхаіл Кляшторны, Пётр Турло з сынамі Паўлам і Віктарам, Станіслаў Відзевіч, Франц Струй з сынам Станіславам… Гэта не поўны спіс, наогул жа пазней запісвалася імя кожнага, хто хоць чым дапамог пры аднаўленні храма. Да цёмнага працавалі з сякерамі, ламамі, рыдлёўкамі… а ачысцілі ўсяго паўметра на два ў даўжыню пры ўваходзе. Аднак не спужаліся. А наадварот, папрасілі ў дырэктара ПМК-66 экскаватар, набылі паліва, Часлаў Вялецкі сеў за яго баранку, хоць рэха ад гулу там стаяла такое… І ўтрамбаваны пласт смецця, дзесяцігоддямі зносімага ў храм, паддаўся… Насілкамі, вёдрамі жанчыны разам з мужчынамі чысцілі «аўгіевы стайні». Стомленыя, але задаволеныя, разыходзіліся ўвечары па дамах. Гэта было па імкненню сэрца. Менавіта так сказаў Мікалай Шарын, здзівіўшы вернікаў, калі падагнаў да касцёла ўласны трактар.
Распачыналася ўсё ў пачатку чэрвеня, а 25 ліпеня таго ж 1999 года адбылася першая імша пад адкрытым небам. Ксяндзу Мечыславу пра расчыстку не казалі, і калі ён у чарговы раз прыехаў ва Ушачы, яго здзіўленню не было межаў. «Цяпер я веру, што храм у вас будзе», — расчулена прамовіў ксёндз.
Дапамаглі спевы
А потым было асвячэнне адрэстаўраванага касцёла ў Уле, дзе таксама служыў Мечыслаў Янчышын. Вернікі Ушачыны прынялі ўдзел у храмавым свяце. Тады ўжо існавала маладзёжная група «Магніфікат», з’явіўся гімн Святому Лаўрэну, які дзяўчаты спявалі разам з іншымі песнямі, звярнуўшы ўвагу кардынала Казіміра Свёнтака. За святочным сталом ксёндз расказаў кардыналу, што ва Ушачах маладыя каталікі складаюць тэксты і музыку, папрасіў яшчэ раз праспяваць. І расчулены бурным жыццём ушацкай парафіі, кардынал сказаў: вы дастойныя таго, каб мець свой храм. Так наш ушацкі касцёл трапіў у чаргу на атрыманне сродкаў на адраджэнне храма, а калі дакладней, то трапіў па-за чаргі. Гэта было дзіва — з такой невялікай колькасцю прыхаджан самім бы не сабраць ахвяраванняў ніколі. Як дзівам было і тое, што праз чатыры гады, 24 кастрычніка 2004 года, імша ішла ўжо ў адрэстаўраваным, закрытым, зашклёным і патынкаваным касцёле. Аднаўленне будынка фінансавалася галоўным чынам нямецкай каталіцкай арганізацыяй «Kirche in Not».
Як будаваўся касцёл — ушачане памятаюць, таму што самі многія дапамагалі карыць броўны, разгружаць цэглу. Летам 2000 года прывезлі яе за адзін рэйс адразу вялізную колькасць і загадалі хутка вызваліць паддоны. Яна была яшчэ гарачай, перадаваць жа трэба хутка, па цагліне, акуратна складваючы. У школе працаваў ваенна-патрыятычны лагер, юнакоў з якога і папрасілі дапамагчы. Справа магла замарудзіцца, калі б «псіхолаг» айцец Ян, які тады таксама быў з ксяндзом Мечыславам, не пачаў расказваць анекдоты. Розныя па сэнсе, але жыццёвыя і з тонкім гумарам. Так пад смех і разгрузілі. Маўклівым заставаўся толькі заўсёды камунікабельны ксёндз Мечыслаў, які разгружаў цэглу разам з усімі, пакутуючы ад моцнага прыступу рэўматызму.
Падрыхтавала В.КАРАЛЕНКА.