Даўно не збіраліся ветэраны вайны ў Афганістане амаль поўным саставам. Паўсядзённыя клопаты і неадкладныя справы і ў мінулую пятніцу вырвалі з іх асабістага складу некалькі чалавек, але 31 з 37 зарэгістраваных ва Ушацкім райваенкамаце воінаў-афганцаў прыйшлі ў раённы Дом культуры, дзе адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння юбілейных медалёў «У памяць 25-годдзя заканчэння баявых дзеянняў у Афганістане».
За дзевяць з лішнім год інтэрнацыянальны доўг у Афганістане выконвалі больш сотні нашых землякоў. Многія з іх выехалі за межы раёна, на жаль, шмат пайшло з жыцця ўжо пасля вяртання да мірных будняў. Сёння пасталелыя воіны-афганцы нічым не адрозніваюцца ад соцень іншых мужчын, працуючых і пражываючых у раёне. Але хоць падзеі апошняй вайны, у якой давялося прымаць удзел беларускім хлопцам, з цягам часу ўсё далей, яны добра памятаюць іх і нікому не жадаюць перажыць тое, што прыйшлося вынесці ім.
Пад непарыўныя апладысменты на сцэну першай паднялася Валянціна Аляксандраўна Клачок, бо Указам Прэзідэнта ад 4 лютага 2014 года прадугледжана ўручэнне медалёў і бацькам воінаў, якія загінулі ў перыяд баявых дзеянняў у Афганістане. Штурман верталёта МІ-8 Аляксандр Клачок — адзін з трох нашых землякоў, якія не вярнуліся з той вайны. Няма ўжо на гэтым свеце бацькоў Міхаіла Хрыпача, а маці і бацька Мікалая Ключонка па стане здароўя не змаглі прыняць удзел у цырымоніі ўручэння ўзнагарод, якія воіны-інтэрнацыяналісты атрымлівалі з рук намесніка ваеннага камісара раёна Аляксандра Станіслававіча Захарава. Непасрэдна перад пачаткам урачыстасці яе ўдзельнікаў і гасцей вітала намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч, якая падкрэсліла вялікую ролю ветэранаў вайны ў Афганістане ў справе патрыятычнага выхавання моладзі, адзначыла іх згуртаванасць, узаемападтрымку і баявое братэрства. Той факт, што ў Беларусі Палажэнне аб юбілейным медалі зацверджана кіраўніком дзяржавы, яшчэ раз пацвярджае прызнанне вялікай палітычнай і сацыяльнай ролі подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія першымі ў свеце ўступілі ў барацьбу з сусветным тэрарызмам і назаўсёды засталіся вернымі воінскай прысязе. І няхай прайшло больш 25 гадоў з таго часу, як апошні савецкі салдат вярнуўся «з-за рэчкі», аб іх суровых выпрабаваннях памятаюць і праз дзесяцігоддзі.
Словы ўдзячнасці ўладам за клопат і ўвагу ад імя ўсіх воінаў-афганцаў выказаў дэпутат раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Валянцінавіч Ядрэўскі. Прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых у Афганістане землякоў хвілінай маўчання, а пакуль госці і ўдзельнікі цырымоніі глядзелі невялікі канцэрт, дэлегацыя з вянкамі ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў і раённай арганізацыі ГА «БСВВА» накіравалася да памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам у гарадскім скверы.
«Дзякуй вам вялікі за тое, што не забываеце пра нас, але сыночка майго ўсё роўна не вернеш…», — Ганна Тарасаўна Ключонак прытуліла да сэрца юбілейны медаль і пасведчанне, выпісанае на імя яе сына. У Мажуйкі, дзе пражываюць бацькі загінуўшага ардэнаносца Мікалая Міхайлавіча Ключонка, узнагароду прывезлі А.С.Захараў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. Не менш усхваляваны быў і бацька паўшага воіна, Міхаіл Макаравіч, які атрымаў такі нечаканы падарунак у дзень свайго нараджэння…
Шэсць медалёў засталося пад вечар у партфелі намесніка ваеннага камісара. І хоць ветэраны не адносяць сябе да ліку герояў, кажуць «мы проста выконвалі загады…», узнагароды ў бліжэйшы час абавязкова знойдуць сваіх герояў.
Д.РАМАНОЎСКІ.
Большое спасибо президенту Республики Беларусь за внимание и уважение к родителям, чьи дети погибли в далёком Афганистане. Моя мама Клачок Валентина Александровна в такие моменты испытывает наравне с болью о потере сына и благодарность за то, что до сих пор помнят её сына, подтверждая это вот такими мероприятиями…Хотя в сердце боль ничем не унять…