Активисты Ушачской районной ветеранской организации посетили недавно открытый музей истории Великой Отечественной войны

70-годдзе Перамогі В общественных организациях

Серада, звычайны будні летні дзень. На праспекце Пераможцаў, дзе пад восьмым нумарам зусім нядаўна з’явіўся Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, людна. Стаянка запоўнена машынамі і аўтобусамі, а дзесяць залаў музея – наведвальнікамі. Менавіта ў гэты дзень 23 ліпеня там пабывала дэлегацыя ветэранаў Ушацкага раёна — кіраўнікі пярвічных ветэранскіх арганізацый раёна, удзельнікі народнага хора клуба “Ветэран”, актывісты, якіх старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец заахвоціў цікавым падарожжам.

Ля палутаркі Паўла Міхайлава нельга не спыніцца. Сам гаспадар таксама побач – як жывы – такога ўзроўню літаральна ўсе муляжы музея. А вось машына – сапраўдная, тая, што выпускалася ў Саюзе з 1932 года і была атрымана адным з калгасаў Віцебшчыны. На фронт Міхайлаў прызываўся з машынай, на ёй дастаўляў прадукты ў блакадны Ленінград, ваяваў пад Масквой, з ёй дайшоў да Берліна і адпрацаваў да пенсіі на ўжо падоранай ветэрану. Франтавік-вадзіцель завяшчаў чатырохколага сябра музею. Дарэчы, у зале “Дарогамі вайны” літаральна ўсе экспанаты – франтавыя арыгіналы: самалёты, “Кацюша”, гарматы і танкі.

Жывыя гісторыі з вуснаў экскурсавода адразу застаюцца ў памяці. Менавіта з гэтага і складалася гісторыя Вялікай Айчыннай – з канкрэтных подзвігаў абаронцаў, у залах – іх флягі, у прыватнасці, з уціснутай снарадам косткай, прастрэленыя гімнасцёркі, кіцелі… Хоць музей здаецца невялікім, але памяшканне выкарыстана так эканомна і прадумана, што кожны метр пра нешта сведчыць. А панарамы, дыярамы, інсталяцыі так набліжаюць да рэчаіснасці, быццам знаходзішся разам з абаронцамі Брэсцкай крэпасці. Нават падлога – таксама экспанат, у адным з залаў на ёй размешчана, напрыклад, карта ваенных чыгуначных дарог. Наогул жа, там знайшлося месца і партызанскай зямлянцы, і шпіталю, і абароне Мінска, Брэста, Гародні, франтавым карэспандэнтам, сярод якіх і наш зямляк — малады Пётр Броўка.

Ушацкую групу па залах суправаджаў экскурсавод, аднак нават калі вы будзеце знаёміцца з экспанатамі самастойна – усё роўна будзе цікава, паколькі, па-першае, сцены кожнай залы – “жывыя”, на іх паказваюцца дакументальныя франтавыя кадры, па-другое, літаральна ў кожный з залаў – сэнсарныя экраны, якія адкажуць на вашы пытанні, паколькі база музея камп’ютарызавана. Дарэчы, гэтым актыўна карыстаецца маладзейшае пакаленне наведвальнікаў. І нават водгукі можна пакінуць, набраўшы тэкст на экране.

Ушацкія ветэраны, канечне, засталіся задаволеныя паездкай, паколькі многія з іх – равеснікі і сведкі Вялікай Айчыннай, усё, што яны ўбачылі там, прапускалі праз душу. “Абавязкова трэба прывезці сюды ўнукаў”, – казалі многія з іх. І сапраўды, для дзяцей Музей гісторыі Вялікай Айчыннай трэба абавязкова ўключаць у спіс турыстычных аб’ектаў. Яны замацуюць усё тое, што чыталі ў падручніках. А яшчэ і проста адпачнуць. Музей жа размешчаны ў парку Перамогі, побач са стэлай “Мінск – горад-герой”, дзе і пад адкрытым небам ёсць што паглядзець і дзе проста адпачыць.

Вы яшчэ не былі там? Тады плануйце маршрут выхаднога дня. Ён будзе змястоўным для ўсёй сям’і.

В.КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *