В Ушачском районе началась массовая уборка зерновых

Сельское хозяйство

Сёлетняя ўборачная кампанія збожжавых пачала свой адлік з палёў ААТ “Агра-Селішча”, дзе ў аўторак на ўчастку азімай пшаніцы сабраліся не толькі тры экіпажы камбайнаў гаспадаркі, але і шматлікія госці з усяго раёна – свята “Зажынкі”, упрыгожанае першымі снапамі, палявымі кветкамі, ясным сонейкам і самымі шчырымі словамі ў адрас хлебаробаў, дало афіцыйны старт жніву.

Нават прыкметнае хваляванне не перашкаджала добраму настрою гаспадара мерапрыемства, дырэктара сельгаспрадпрыемства Віктара Васільевіча Кажана.

— Учора правялі пробнае жніво невялікага ўчастка на процілеглым баку дарогі, – паказвае на ўбранае поле Віктар Васільевіч. – Атрымалі 28 цэнтнераў з гектара. Нічога азімыя, ды і ячмень сёлета добра ўрадзіў – віды на ўраджай маем неблагія.

Згодны з дырэктарам і мясцовыя механізатары, якія, безумоўна, былі галоўнымі героямі свята. Людзі, чыё жыццё звязана з сельскай гаспадаркай ведаюць: час уборкі ўраджаю – самая гарачая пара, якая падводзіць вынік напружанага сезону, а наліты колас з’яўляецца лепшым пацверджаннем плёну іх працы. Але загадваць наперад, якім выдасца жніво, усё роўна не любяць, перасцерагаюцца. “Мы прывыклі да таго, што ўборачная заўсёды праходзіць у няпростых умовах, кожны год надвор’е прыносіць сюрпрызы”, – кажа камбайнер Генадзь Хадасевіч, які разам з калегамі час у чаканні гасцей мерапрыемства праводзіў за апошнімі настройкамі тэхнікі. Дапамагалі ім у гэтым намеснік начальніка райсельгасхарча Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў і начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Іван Мікалаевіч Пухальскі, якія таксама рана прыбылі на месца правядзення свята: для іх пачатак жніва – таксама гарачая пара.

Штогод у першы дзень збору ўраджаю на палях адбываюцца сапраўдныя рытуальныя дзеянні, гучаць малітвы і песні, якія ўслаўляюць родную зямлю, хлеб і хлебаробаў. Усё робіцца з адной мэтай – каб каласіліся палі і нішто не перашкаджала ўборачнай. Вось і сёлета мерапрыемства пачалося з абраду вязання першага снапа новага ўраджаю, які ўдзельніцы народнага калектыву “Матырынская спадчына” уручылі В.В.Кажану, а галовы селішчанскіх камбайнераў упрыгожылі вянкі.

Здароўя і цярпення ўсім працаўнікам сяла жадаў у сваім прывітальным слове старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, якому як гаспадару раёна быў паднесены традыцыйны каравай. Кіраўнік коратка ахарактарызаваў стан спраў з падрыхтоўкай гаспадарак да ўборачнай кампаніі і акрэсліў задачы, выкананне якіх – залог паспяховага правядзення жніва.

– Цану часу вы ўсе ведаеце, – казаў старшыня. – Але разам з тым нам не патрэбна хуткасць за кошт якасці. Сёлета на палетках раёна ўбіраць ёсць што, таму галоўная задача на жніве – працаваць якасна, без страт. Ад гэтага будзе залежыць выкананне дзяржзаказу, фарміраванне насеннага фонду і стварэнне неабходнай кармавой базы.

Гаспадаркам раёна сёлета неабходна ўбраць зерневыя і зернебабовыя культуры на плошчы больш чым у 13,5 тысячы гектараў. Найбольшы збожжавы клін маюць КУСГП “Вялікадолецкае”, ААТ “Ільюшынскі” і ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Дапамагаць гаспадаркам людзьмі, тэхнікай і матэрыяламі будуць і іншыя арганізацыі раёна. Ад іх кіраўнікоў, якія таксама былі ў ліку гасцей свята, старшыня райвыканкама запатрабаваў з усёй сур’ёзнасцю і адказнасцю аднесціся да гэтай справы.

– Кожны вырашчаны колас – вынік служэння нашай зямлі, – гаварыў падчас выступлення і прывітання гасцей В.В.Кажан. – Настаў час, калі вось гэтае калгаснае поле аддасць плён нашай працы. Спадзяемся на сябе і на вышэйшыя сілы!

Іх на дапамогу хлебаробам прызваў айцец Вячаслаў. Над каласамі спелай пшаніцы прагучалі словы малітвы, а потым благачынны раёна асвяціў тэхніку і ўдзельнікаў свята, уручыў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў невялікія іконы. Пераможца мінулагодніх спаборніцтваў сярод камбайнераў – механізатар КУСГП “Глыбачаны” Аляксандр Малахаў павязаў ручнік Генадзю Хадасевічу. И пакуль культработнікі ва ўнісон шолаху каласоў выконвалі песні, камбайнер зрабіў круг па полі — і першыя тоны збажыны залатым струменем паліліся ў кузаў аўтамабіля.

У час жніва важна ўсё: стан і наладкі механізмаў тэхнікі, забяспечанасць палівам, яго рацыянальнае выкарыстанне і захаванне, арганізацыя харчавання, умовы заробкаў і чалавечы фактар – граматная арганізацыя аховы працы, захаванне дысцыпліны. Усё гэта абмяркоўвалася падчас нарады, якая была праведзена па завяршэнні культурнай часткі праграмы. Улічваючы стан зернесушыльных комплексаў гаспадарак і невысокую іх магутнасць, адным з выхадаў са складанай сітуацыі можа стаць плюшчэнне зерня, бо гэтаму не перашкаджае нават павышаная вільготнасць, а ў выніку атрымліваюцца якасныя кармы. Запуск працэсу плануецца на базе райаграсэрвіса. Першы свежы хлеб заўсёды доўгачаканы. Смак караваю, які ўручылі кіраўніку раёна, пасля кругу пашаны змаглі ацаніць усе ўдзельнікі “Зажынак”. Хутка ўборачная набярэ абароты, пройдзе зусім нямнога часу — і мяккі, духмяны і цёплы свежы хлеб новага ўраджаю дзякуючы намаганням працаўнікоў сяла будзе на стале ў кожнай хаце землякоў.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *