24 июля нашему прославленному земляку, Народному артисту Беларуси Геннадию Гарбуку исполнилось 80 лет!

Наши земляки Творчество наших земляков Юбилейные даты

Нашаму славутаму земляку, Народнаму артысту Беларусі Генадзю Міхайлавічу Гарбуку 24 ліпеня споўнілася 80 гадоў. Лаўрэат Дзяржаных прэмій Савецкага Саюза і Беларусі, прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”. На Міжнародным кінафестывалі ў Загрэбе атрымаў прыз за лепшую мужчынскую ролю ў фільме “Знак бяды”. Яго партрэт знаходзіцца ў Лонданскай кінаакадэміі. Не магло не быць ў Генадзя Міхайлавіча ўсіх гэтых узнагарод, паколькі ён вядомы кожнаму беларусу.

Напярэдадні юбілею давялося паразмаўляць з Генадзем Міхайлавічам. Мы адразу дамовіліся, што гутарыць будзем пра наша, ушацкае, паколькі пра творчы шлях матэрыял можна прачытаць у Інтэрнэце. І зоркавы акцёр адразу папрасіў прабачэнне за тое, што многія прозвішчы ўжо падзабыўся. Так жа даўно было яго ўшацкае жыццё. А сам здзівіў. Пра людзей, якія пакінулі сапраўдны след у яго юнацкай душы, ён гаварыў з запалам і рознымі цікавымі акалічнасцямі.

– Валерый Маслюк у адным з інтэрв’ю казаў, што ва Ушацкай школе не было драматычнага гуртка. Ці была самадзейнасць у нашай школе ў пачатку пяцідзесятых?

– Канечне была, паколькі мы самі, наша ініцыятыва і рухалі гэтай самадзейнасцю. Я ўласна з восьмага класа кіраваў хорам, хадзіў у драмгурток, нават па вёсках потым ездзілі з пастаноўкай Сіманава “Рускія людзі”. А вось хор быў у Доме культуры, які размяшчаўся, дзе потым дзіцячы сад – у доме з чырвонай цэглы па Савецкай.

– На колькі галасоў спявалі?

– Якія там галасы (смяецца). Як давядзецца, хоць хадзіла чалавек 20-25. А вось акампанавала нам баяніст Галіна Сямёнаўна Жукава. Пазней я вельмі цёпла сустрэўся з ёй у Гародні – мы былі на гастролях, а яна ўжо выкладала там у вучылішчы.

– Ці паўплывалі на вас настаўнікі Ушацкай школы?

– У нас быў проста класічны падбор педагогаў!!! Пра кожнага з каторых можна гаварыць столькі. Безумоўна яны пакінулі вялізны след. Фадзей Францавіч Багдановіч. Як ён выводзіў, размалёўваў пяцёрку і як неахайна ставіў “2” ці “3”. Быў строгім да старанных вучняў і не цярпеў гультаёў. Хадзіў заўсёды з палачкай, а як гуляў у гарадкі: меткасць – выключная. І ўсё, што я ведаю з арфаграфіі, стылістыкі беларускай мовы – ад яго. Алесь Антонавіч Карабань – чалавек такой працаздольнасці, гумару, эрудыцыі. Не забыць мне вечарыны ў Доме прафсаюзаў, прысвечанай педагагічным дынастыям, дзе ён блістаў, паколькі дачка таксама стала педагогам. Як зараз памятаю цытату нашай настаўніцы рускай мовы і літаратуры Марыі Маісееўны Цуран: “Ты молод, здоров – значит счастлив”. Яна падносіла нам не толькі праграмнага Маякоўскага, але і нямоднага тады Ясеніна. Давалі вельмі многа. І я іх прыгадваю з такой жа ўдзячнасцю, як і свайго выкладчыка па інстытуце мастацтва Дзмітрыя Арлова.

Хто не ведае Гарбука? Пытанне рытарычнае. Мабыць, і не назаве з ходу нехта прозвішча ці імя па бацьку, аднак прыгадаюць Васіля Дзятліка з тэлевізійнай пастаноўкі паводле рамана І. Мележа “Людзі на балоце”, старэйшага брата Андрэя з “Белых росаў”, а таксама са спектакляў, тэлепастановак і фільмаў “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Трывожнае шчасце”, “Плач перапёлкі”, “Знак бяды”…

57 год на сцэне! З іх 52 – у трупе Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы, а першыя пяць – у нашым абласным Якуба Коласа. Такі стос роляў на сцэне і ў кіно. Але галоўнае не колькасць, а тыя вобразы, якія сапраўды застаюцца ў памяці. Вялізныя блакітныя вочы з хітрынкай, глыбокі ўдумлівы позірк. Ён – тыповы беларус, настолькі натуральны вясковы мужык, што здаецца, толькі тым і займаўся, што сеяў і араў. І між тым лёгка становіцца чэхаўскім інтэлігентам. Сакрэт яго творчага даўгалецця не толькі ў прыродным таленце, але і ў дзіўным працалюбстве і пастаянным пошуку.

“Я пры падыходзе да новай ролі паўтараю сабе, што я нічога не ведаю і нічога не ўмею. Вось і вучуся па-новаму”. Гэты стыль адносін да працы можна пераняць усім нам.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *