У кожнага чалавека ёсць свой родны кут, дзе нарадзіўся і вырас. Ёсць зямля, якая ўскарміла, калодзеж, вада з якога – найсмачнейшая ў свеце. І менавіта сюды імкнецца стомленая рознымі нягодамі душа. Бо тут заўсёды светла і цёпла, ёсць вера і надзея, падтрымка і дапамога…
Гэтую ісціну, мяркую, разумеюць усе ўраджэнцы вёскі Краснае Глыбачанскага сельсавета. Адметна, што і для жыхароў многіх іншых рэгіёнаў, якія да нас прыязджаюць, населены пункт таксама становіцца другой радзімай. Доказам гэтаму стала нядаўняе свята вёскі, арганізаванае для нас старшынёй сельвыканкама Людмілай Валянцінаўнай Храмцовай, дырэктарам СДК Аксанай Уладзіміраўнай Жогаль, старшакласніцамі мясцовай школы Машай Мудрак і Сашай Лях. Адклаўшы ўбок усе гаспадарчыя клопаты, адной вялікай сям’ёй усе мы – жыхары Краснага і дачнікі – прынялі ўдзел у незабыўнай сустрэчы. Вельмі спадабаліся аповед пра нашу вёсачку і падрыхтаваная канцэртная праграма. Дзяліліся ўспамінамі, расказвалі пра сучасныя будні. І, канечне ж, весяліліся: шчыра, ад душы, з размахам.
Вялікі дзякуй арганізатарам свята за такі цудоўны падарунак!
Алена Уладзіміраўна БЫКАВА, старэйшына вёскі Краснае.