В деревне Плино при катании на водном мотоцикле утонул молодой мужчина

Cлужба-101 Здравоохранение

Купальны сезон у разгары, і колькасць адпачываючых на вадаёмах раёна стабільна высокая. Многа сярод іх і прыхільнікаў актыўнага адпачынку, аматараў не проста акунуцца і паляжаць на сонейку, а пранесціся з ветрыкам па воднай гладзі на катэры або водным матацыкле.

А палове сёмай гадзіны вечара 19 ліпеня ад дзяжурнага Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях ва Ушацкі РАУС паступіла непрыемнае паведамленне – на возеры Пліна патануў чалавек. Устаноўлена, што ахвярай трагічнага выпадку стаў В. Гардзіёнак 1971 года нараджэння, які каля 18 гадзін падчас катання на водным матацыкле “Ямаха” не справіўся з кіраваннем і перакуліўся. У выратавальную камізэльку мужчына, на жаль, апрануты не быў…

Цела тапельца было знойдзена ў абед 20 ліпеня вадалазамі Віцебскай выратавальнай станцыі на глыбіні каля сямі і на адлегласці дваццаці метраў ад берага. Экспертыза дасць заключэнне аб прычынах смерці, вось толькі маладога здаровага мужчыну да жыцця ўжо не вернеш.

Кожны год на вадаёмах Віцебшчыны тонуць і дарослыя, і дзеці. І калі асноўнай прычынай гібелі дзяцей становіцца іх безнагляднасць, то дарослыя часцей за ўсё становяцца ахвярамі з-за злоўжывання алкаголем і парушэння элементарных правіл бяспекі, на якія часта ідуць асэнсавана. Калі вы вырашылі адпачыць з выкарыстаннем плавальных сродкаў, строга выконвайце некаторыя няхітрыя правілы. Не ідзіце да вады нецвярозым, плавайце толькі ў сонечныя бязветраныя дні, калі тэмпература паветра не ніжэй 20-25, а вады – 17-19 градусаў. Не выкарыстоўвайце лодкі, плыты, катэры і водныя матацыклы без выратавальных камізэлек і кругоў, не перагружайце іх і не разгойдвайце на плыву.

І яшчэ адно. Кожны год наша арганізацыя займаецца зборам ахвяраванняў, калектыўных членскіх узносаў. Не раз даводзілася чуць, што незразумела, куды гэты сродкі накіроўваюцца. Патлумачу, што ідуць яны на набыццё вадалазнага абсталявання, плаўсродкаў і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне выратавальных пастоў і даюць магчымасць вадалазам бясплатна выязджаць на выпадкі, адзін з якіх апісаны вышэй.

Э.ВЕРТАШОНАК, старшыня раённага таварыства выратавання на водах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *