– Я ўвесь час рухаюся, прымушаю сябе не сядзець на месцы, пажыць яшчэ хочацца, – Елісей Данілавіч Шыпулін дзяліўся сваім ладам жыцця з франтавымі сябрамі (на здымку). Кажуць, той, каго ўжо пахавалі – будзе доўга жыць. І ён, ужо ляжаўшы ў брацкай магіле, пацвярджае гэта. Елісей Данілавіч прыехаў на Дзень Незалежнасці ажно з Бранскай вобласці і далучыўся да такой маленькай групы ўшацкіх ветэранаў, хто яшчэ можа быць у святочным страі. Хоць як складана даецца ўжо кожны крок, было бачна падчас уручэння ім старшынёй райвыканкама В.В.Родзічам 2 ліпеня ў музеі народнай славы юбілейных медалёў да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Менавіта з гэтага дня пачалося ў раёне святкаванне: адкрыццё помніка на брацкай магіле ў вёсцы Усая, выставы віцебскіх мастакоў – удзельнікаў плэнэра, якія працавалі напярэдадні юбілея Васіля Быкава ў Бычках, уручэнне ветэранам медалёў і падарункаў, выступленне тут жа – у сценах музея – народнага хору клуба “Ветэран”, які таксама не застаўся без падарунка. Старшыня райвыканкама абяцаў нашаму славутаму калектыву новы баян – і слова стрымаў. Адразу не рызыкнулі яго “абкатаць”, каб перад гасцямі не ўдарыць тварам у гразь, таму і падыгрывалі, у тым ліку і ўдзельніцы хору, былой партызанцы Кацярыне Мікалаеўне Васілеўскай, на старым інструменце. Юбілейны медаль быў уручаны таксама і старшыні ветэранскай арганізацыі Уладзіміру Мікалаевічу Малаткаўцу.Аднак на гэтым падарункі ў перадсвяточны дзень не скончыліся. Для прадстаўнікоў працоўных калектываў ім стаў прагляд па-сапраўднаму ўдалай і разнастайнай па стылях выставы. А музей атрымаў у падарунак ад кожнага мастака па адной рабоце – яго фонды папоўніліся такім чынам яшчэ на дзесяць карцін, змест якіх блізкі кожнаму ўшачаніну – гэта нашы помнікі, краявіды, Быкаў і вайна.
В.КАРАЛЕНКА.
3 ліпеня сустрэча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны са старшынёй райвыканкама праходзіла ў фармаце “без гальштукаў”. Разгорнутая ля музея армейская палатка з накрытымі сталамі і размешчаная побач палявая кухня, па словах ветэранаў, нагадалі ім быт партызанскіх зямлянак. Адно адрозненне – гукі вялікага свята, якое распачалося на цэнтральных вуліцах гарпасёлка з самай раніцы, праз адчыненыя вокны ўрываліся ў палатку і вярталі ў рэчаіснасць, нагадвалі, што зараз ідзе мірнае жыццё, а жахі вайны, што 70 год таму бушавала на нашай зямлі, засталіся ў мінулым. Франтавікі і партызаны былі рады сустрэчы, дзяліліся ўспамінамі і шчыра дзякавалі кіраўніцтву раёна за арганізацыю мерапрыемства.
– Гэта самае малое, што мы можам для вас зрабіць, – у сваю чаргу казаў старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч. – Вы з’яўляецеся сімваламі нашай незалежнасці, дзякуючы вашаму подзвігу і гераізму, працы пасля вайны мы сёння маем магчымасць жыць пад мірным небам, развівацца, мацаваць дабрабыт нашай краіны.
“Мы ў захапленні ад вашага пасёлка, а экспазіцыям музея пазайздросцілі б і ў буйных гарадах”, – дзяліліся ўражаннямі госці з Калінінграда, якія па дарозе на Полацк выпадкова завіталі ва Ушачы і вырашылі затрымацца ў нас на некалькі гадзін, каб прыняць удзел у святкаванні Дня Незалежнасці.
Сапраўды, паглядзець было на што. Выстава-дэманстрацыя транспартных сродкаў арганізацый раёна на плошчы райцэнтра стала своеасаблівай пляцоўкай для фотасесій. Магчымасцю адчуць сябе камбайнерам новенькай “Ліды” або пасядзець за рулём магутных МТЗ-3022 і лясгасаўскага харвестара карысталіся не толькі дзеці, але і дарослыя. Вадзіцелі машын з гатоўнасцю расказвалі ўсім аб асаблівасцях сваёй тэхнікі і раз-пораз паглядалі на гадзіннік – большасць з іх з’яўляліся ўдзельнікамі ўрачыстага шэсця працоўных калектываў.– Нібы вярнуўся ў дзяцінства, – падзяліўся ўражаннямі жыхар райцэнтра Сяргей Касіч, які фатаграфаваў “для гісторыі” праходзячыя дэлегацыі працоўных калектываў. – Памятаю савецкія часы, калі зусім маленькім назіраў за такімі велічнымі дэманстрацыямі.Шэсце работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў раёна стала сапраўдным упрыгожаннем свята, сотні жыхароў раёна былі не толькі яго гледачамі, але і непасрэднымі ўдзельнікамі. Прыемна, што па цэнтральнай плошчы праходзілі не толькі арганізацыі гарпасёлка, але і сельскія працаўнікі, якія выкраілі час у сваім напружаным графіку для ўдзелу ва ўрачыстасці – дэлегацыі ААТ “Ільюшынскі”, КУСГП “Глыбачаны” і санаторыя “Лясныя азёры” выглядалі як мінімум не горш за прадстаўнікоў ушацкіх прадпрыемстваў. Трэба аддаць належнае арганізатарам і ўдзельнікам мерапрыемства – прыгожа апранутыя дэлегацыі працоўных калектываў вельмі горача сустракалі гледачы, колькасць якіх уразіла іншагародніх гасцей свята. “Ніколі не думала, што ў невялікім райцэнтры так шыкоўна, з размахам адзначаюць Дзень Незалежнасці”, – казала Святлана Савілава, якая прыехала да радні з Гомеля.
З віншавальнымі словамі да ўсіх прысутных звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, а пасля заканчэння мерапрыемстваў урачыстая калона накіравалася да помніка на брацкай магіле воінаў і партызан, дзе кветкі і вянкі ляглі да пліт з імёнамі вызваліцеляў.
Праграму святочнага дня працягнуў урачысты мітынг на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Як адзначыў у сваёй прамове старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, у нашай рэспубліцы, дзе вайна забрала кожнага трэцяга жыхара, свята захоўваюць памяць пра ратны подзвіг герояў – нездарма менавіта ў дзень вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў беларусы адзначаюць сваё галоўнае дзяржаўнае свята. Ад імя ветэранаў Вялікай Айчыннай ушачан і гасцей раёна прывітаў удзельнік легендарнага прарыву Елісей Данілавіч Шыпулін. “Я бязмерна рады, што ў гэты святы для беларусаў дзень знаходжуся на маёй другой радзіме – Ушаччыне”, – адзначыў наш госць з Расіі. А начальнік каравула паста №1 райаддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Шустроў падкрэсліў, што ў нашай краіне робіцца ўсё, каб маладое пакаленне магло рэалізоўваць свае магчымасці.
Пасля мітынгу прысутныя ўсклалі вянкі і кветкі да падножжа манумента і мемарыяльных пліт. У многіх з тых, хто прыехаў у гэты дзень на “Прарыў”, тут пахаваны родныя і знаёмыя. Святлана Віктараўна Ігнатовіч ушанавала памяць свайго дзядзькі Канстанціна Афанасьевіча Грудзецкага – усклала да пліты з яго прозвішчам кветкі ад сваёй маці, якая жыве ў Малых Дольцах і па стане здароўя не змагла прыехаць на ўрачыстасць. “Мы доўгі час не ведалі, дзе пахаваны дзядзька, шукалі звесткі ў архівах, і вось гадоў восем назад атрымалі пацвярджэнне, што ён знайшоў апошні прытулак у брацкай магіле на “Прарыве”, – расказвае Святлана Віктараўна. Памяць загінуўшага земляка Канстанціна Грудзецкага ўшанаваў і ветэран Вялікай Айчыннай Сяргей Трафімавіч Клопаў. Суправаджалі яго ўнучка і нявестка, якія спецыяльна прыбылі з Мінска, каб правесці на Ушаччыне гэта знамянальнае свята. А вось маленькі Ілья, які прыехаў на “Прарыў” разам з бабуляй Нінай Леанідаўнай Кабуш, свае кветкі паклаў да пліты з прозвішчам прапрадзеда Цімафея Венядзіктавіча Рабчонка – традыцыі ўшанавання памяці гераічных продкаў ушачане прывіваюць дзецям з самага маленства.Забаўляльная частка свята пачалася ў другой палове дня цудоўнай канцэртнай праграмай, з якой да ўшачан завітала заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева. Ужо з першага нумара яна даказала, што нездарма лічыцца адной з лепшых эстрадных спявачак краіны. Гледачы, якія запоўнілі не толькі летнюю танцпляцоўку, але і ўсё наваколле, не шкадавалі далоняў, падпявалі хітам і дарылі спявачцы кветкі, а пасля канцэрта яна пакінула сцэну толькі калі раздала аўтографы і сфатаграфавалася з усімі сваімі паклоннікамі.
– Нам вельмі спадабаўся ваш утульны пасёлак, – адзначыла Іна ў размове з карэспандэнтам “Патрыёта”. – Мы паглядзелі прыгожы касцёл, прайшліся па скверы і нават зазірнулі на рынак. І ўсюды бачылі, як людзі радуюцца святу. Часта бываю ў невялікіх населеных пунктах і магу з упэўненасцю сказаць, што іх жыхары больш дабразычлівыя і адкрытыя, яны здолелі цалкам захаваць самыя лепшыя рысы, характэрныя беларусам. Дарагія ўшачане, цаніце тое, што маеце – вашу цудоўную прыроду, свежае паветра і шчырыя пачуцці!
Да самага вечара на вуліцах райцэнтра было весела і мнагалюдна – кожны мог знайсці цікавы працяг свята: паглядзець выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і наведаць пляцоўку “Беларусь чытаючая”, паласавацца смачнымі стравамі, якія прапаноўвалі гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства і падвор’і сельскіх Саветаў, паспяваць песні і паўдзельнічаць у конкурсах, ну а дзятва з захапленнем забаўлялася на атракцыёнах. Калі ж сцямнела, малады ўшацкі спявак Арцём Бірукоў і яго сябры запрасілі ўсіх на яшчэ адзін канцэрт, і – што вельмі прыемна – прайшоў ён з няменшым аншлагам. За час да поўначы ўшачане далучыліся да ўсебеларускай акцыі “Спяём гімн разам”, ну а апафеозам свята стаў маляўнічы феерверк.
Н.БАГДАНОВІЧ, Д.РАМАНОЎСКІ.