Будьте особенно внимательны при покупке товаров на дому!

Выясняем ситуацию Калейдоскоп

– Вам вельмі пашанцавала, Вы трапляеце пад акцыю: заплаціўшы зараз 2 мільёны, вы набываеце фільтр для ачысткі вады, які каштуе больш чатырох.

Прыкладна так угаворвалі на набыццё фільтраў ачысткі вады на мінулым тыдні жыхароў мікрараёна Дзяржынскага дзве маладыя дзяўчыны і юнак. І ў якасці яшчэ аднаго моцнага аргумента дадавалі, што абслугоўваць абсталяванне ў далейшым будуць супрацоўнікі камунгаса. Аб чым апошнія, праўда, і не здагадваліся.

– Хачу перасцерагчы насельніцтва, што ніхто з камунгаса не ўпаўнаважваў распаўсюджваць ніякія фільтры, – гаворыць намеснік дырэктара УП ЖКГ Дзмітрый Сяргеевіч Шасцярэнь. – Тым больш, што пасля закальцоўкі станцый абезжалезвання наша вада адпавядае нормам, і ў гэтым няма неабходнасці.

Схема, па якой дзейнічалі маладыя людзі, – старая як свет. Асабіста мне двойчы “шанцавала” стаць удзельніцай падобных акцый: на адной з заправачных станцый прапаноўвалі за паўцаны набыць прас, а ў Віцебскім дыягнастычным цэнтры – дзіцячыя гульні. Паколькі ні першы, ні другі раз я не “клюнула” на прапанову, то не магу казаць, што тавар быў няякасны. Магчыма, прас бы служыў і зараз, толькі вось у краме праз некалькі гадзін тавар той жа маркі стаяў намнога таннейшы за кошт “па акцыі”. Менавіта на псіхалогію чалавека “зэканоміць” і разлічаны ўвесь гандаль на доме – не ведаючы сапраўднага кошту тавару вам прапаноўваюць экслюзіўнае, замежнае, з такімі важкімі скідкамі…, што набыць хочацца нават тое, што зусім непатрэбна.

Паважаныя ўшачане, памятайце, што здаць ці замяніць тавар вы можаце, калі набылі яго ў магазіне ці на рынку і маеце на руках чэк. У прыгаданым вышэй выпадку вам няма да каго будзе прад’явіць прэтэнзіі. Наогул, не пускайце ў дом незнаёмых людзей, бо самае бяскрыўднае заключаецца ў тым, што вы проста пераплаціце, аднак пад выглядам продажу вас лёгка могуць абакрасці. І памятайце, што калі супрацоўнікамі якіх-небудзь устаноў Ушацкага раёна сапраўды і праводзіцца замена абсталявання ці якая-небудзь працэдура, звязаная з абходам насельніцтва па дамах – аб гэтым загадзя паведамляецца ў сродках масавай інфармацыі.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *