Председатель Великодолецкого сельского Совета депутатов О.Л.Сыс: «Главное — выслушать человека»

Благоустройство Официально Саветы і жыццё Экономика и малый бизнес

Вялікадолецкі сельсавет размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы нашага раёна на плошчы ў 31724 гектары. На вялікай тэрыторыі, цэнтрам якой з’яўляецца аграгарадок Вялікія Дольцы, налічваецца яшчэ 33 вёскі і адзіны ў раёне пасёлак – Мірны. Насельніцтва сельсавета складае 1446 чалавек, большасць жыхароў сканцэнтравана ў трох населеных пунктах – Вялікіх Дольцах (445), якія знаходзяцца ў 21 кіламетры ад райцэнтра, і цэнтральных сядзібах былых гаспадарак – Касарах (295) і Казімірове (114). Да ліку буйных вёсак, з насельніцтвам больш 50 чалавек, адносяцца Царкавішча і Замошша. Астатнія вёскі невялікія, раскіданыя ўздоўж аўтадарог, сярод буйных лясных масіваў і па берагах маляўнічых азёр, населеныя пераважна сталымі людзьмі. Дастаткова сказаць, што ў 21 населеным пункце сельсавета няма ніводнага чалавека працаздольнага ўзросту, а ў Адворыцы, Антунове, Бабовішчы, Заполлі, Востраве, Папоўцы і Храмёнках пражывае не больш 5 чалавек.

Кіраваць такой тэрыторыяй, працаваць з насельніцтвам па пытаннях задавальнення іх патрэб – справа не з простых. Пасля апошніх выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы старшынёй Вялікадолецкага сельскага Савета дэпутатаў і сельвыканкама абраны Алег Леанідавіч Сыс. Да нядаўняга часу вядомы мясцовым жыхарам як малады вясковы настаўнік Касарской сярэдняй школы, ён, можна сказаць, толькі прызвычаіўся да новай пасады. Ураджэнец Пуцілкавіч, дзе і зараз працягвае даглядаць бацькоўскі дом, сваю педагагічную дзейнасць пачынаў у Казімірове, працягваў у Касарах, а апошнія 8 год жыве ў Вялікіх Дольцах – дзякуючы гэтым акалічнасцям тэрыторыю свайго роднага сельсавета ведае выдатна. Як і многіх людзей, для якіх Алег Леанідавіч зараз – мясцовая ўлада, куды ў першую чаргу звяртаюцца за вырашэннем паўсядзённых пытанняў. Аб рабоце сельвыканкама, дзейнасці дэпутацкага корпуса Вялікадолецкага сельсавета наша інтэрв’ю з яго старшынёй:

Алег Леанідавіч, што стала самым складаным на новым месцы працы?

– Тое, што болей думаеш аб дамах іншых людзей, чым аб сваёй гаспадарцы. А калі сур’ёзна – засмучае той факт, што жаданне дапамагчы кожнаму чалавеку, вырашыць яго патрэбы не заўсёды стасуецца з рэальнасцю па банальнай прычыне адсутнасці дастатковых фінансавых сродкаў. Таму працуем паступова, удзяляючы першачарговую ўвагу тым пытанням, якія закранаюць інтарэсы многіх. Пачынаў з самых набалелых праблем, адна з якіх, безумоўна, рамонт дарог. Зрабілі падсыпку і выраўнялі дарогу па вуліцы Е.Лось у аграгарадку, людзі даўно прасілі, у Храмёнках, Малых Дольцах. Дзякуючы садзейнічанню з боку кіраўніцтва лясгаса знялі гэтую праблему ў Мірным. У трэцім квартале бягучага года з дапамогай ДРБУ-105 адрамантуем дарогу па вуліцы Азёрнай ў Казімірове, сродкі на гэта ёсць. Вялікая работа праведзена па навядзенні парадку на вясковых могілках. У нашым сельсавеце іх 16, і на ўсіх мы правялі суботнікі.

У сельвыканкаме штатных работнікаў мала, а абавязкаў – шмат. Дзе знаходзіце рабочыя рукі, напрыклад, для добраўпарадкавання грамадскіх тэрыторый, тых жа могілак?

– Ідуць насустрач кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета. Іх не вельмі шмат, таму больш цэнным з’яўляецца факт падтрымкі. Калі заўважылі, зараз насупраць магазіна райспажыўтаварыства, ля прыпынку грамадскага транспарту, з’явілася вялікая клумба – раней на гэтай тэрыторыі нічога акрамя пустазелля не было, што, безумоўна, не ўпрыгожвала цэнтр аграгарадка. Каб прывезці зямлю для яе стварэння, тэхніку выдзеліла КУСГП “Вялікадолецкае”, а мясцовае лясніцтва – кветкі і туі для пасадкі. Знішчылі тры гектары зараснікаў баршчэўніку – рабочага з апырсквальнікам для выканання хімічнай апрацоўкі зноў жа выдзеліла сельгаспрадпрыемства, а для абкосу тэрыторый прыцягваліся работнікі ўчастка ЖКГ і грамадзяне. У справе добраўпарадкавання дапамогу аказваюць шэфы. Вялікі аб’ём работы па абкосе тэрыторый населеных пунктаў, высечцы кустоўя правялі рабочыя лакаматыўнага дэпо і ЦЭЦ Полацка. На адным з суботнікаў працавала адразу шэсць бензапіл з цеплаэлектрацэнтралі – рабочыя за дзень выканалі значныя аб’ёмы ў Вялікіх Дольцах і абышлі па перыметре могілкі ў Царкавішчы! Хачу адзначыць і ўклад у справу добраўпарадкавання работнікаў з прадпрыемстваў райцэнтра – асабліва прамкамбіната і лясгаса. Тут нам, у адрозненні ад іншых сельсаветаў, пашанцавала: у нас два лясніцтвы. Галоўны ляснічы Касарскога, Мікалай Алегавіч Рахманенка, наш дэпутат, таксама аказвае пасільную дапамогу – працаўнікі лесу, напрыклад, акрамя ўдзелу ў суботніках разам з работнікамі Касарской і Вялікадолецкай школ дапамагаюць наводзіць парадак на месцах увекавечання падзей Вялікай Айчыннай вайны. Іх на тэрыторыі сельсавета 11.

– А колькі непасрэдных удзельнікаў тых падзей, ветэранаў?

– 8 удзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Зразумела, што гэтая катэгорыя грамадзян на асаблівым уліку, як і 6 мнагадзетных сем’яў, 42 інваліды першай і другой груп, адзінокія і адзінокапражываючыя грамадзяне, нядобранадзейныя сем’і, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, непрацуючыя асобы і тыя, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі. Зразумела, што аднаму сачыць за станам спраў у кожным населеным пункце нерэальна, таму да пытанняў мясцовага самакіравання актыўна прыцягваем грамадскасць, дэпутацкі корпус і старэйшын. Нашы дэпутаты – людзі актыўныя, неабыякавыя, прадстаўляюць самыя розныя прафесіі. Гэта настаўнікі, працаўнікі лясной гаспадаркі, работнікі культуры, медыцыны і сельскай гаспадаркі, супрацоўнікі міністэрства па надзвычайных сітуацыях і прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Ушацкім раёне – усе непасрэдна кантактуюць з людзьмі, могуць выслухаць іх праблемы, данесці іх да ведама старшыні сельвыканкама, а па магчымасці і дапамагчы вырашыць іх на месцы. Таксама надзейнымі памочнікамі з’яўляюцца старэйшыны сельскіх населеных пунктаў. Яны задзейнічаны ў правядзенні сходаў грамадзян па пытаннях добраўпарадкавання, правядзення работ па ўборцы сметнікаў, ачыстцы могілак.

– З якімі пытаннямі звяртаюцца людзі да мясцовай улады?

– Пытанні самыя розныя. Але адзначу, што практычна не ўзнікае пытанняў, звязаных з гандлёвым і сацыяльным абслугоўваннем насельніцтва, з саманарыхтоўкай дроў і іх выпіскай у лясніцтвах. Перыядычна паўстаюць праблемы з выдзяленнем зямельных участкаў, пераразмеркаваннем агародаў, абкосам пустуючых тэрыторый, транспартных зносін, а асноўнымі з’яўляюцца пытанні па задавальненні бытавых праблем грамадзян – рамонт, добраўпарадкаванне. Прычым, многія пытанні атрымоўваецца здымаць уласнымі сіламі, нават без прыцягнення спецыяльных арганізацый. Бывае, што і сам за сякеру і малаток бяруся, як пры рамонце калодзежа ў Храмёнках. Часу не многа патраціў, а людзі задаволены. У Царкавішчы жанчыне трэба было адрамантаваць дах. Знайшоў мужчын, якія ўзяліся за справу, дамовіліся, зрабілі як след. У адным населеным пункце прасілі аказаць дапамогу з устаноўкай калодзежа. Кошт аднаго кальца – дзевяцьсот тысяч рублёў, у сельвыканкаме такіх сродкаў няма. Але ж ёсць калодзежы старыя, закінутыя, якімі ніхто не карыстаецца. Вось з аднаго з такіх кольцы і адкапалі для будаўніцтва новага. Наогул, людзі ў нас ў асноўным непатрабавальныя і гатовыя многае выканаць самі, ім толькі трэба падказаць, дапамагчы матэрыяламі.

– За ўсімі справамі ці застаецца вольны час?

– Амаль не, ёсць яшчэ шэраг кабінетнай работы, паперы. Каб не вопытны кіраўнік справамі Ларыса Васільеўна Цвяцінская, зусім бы “зашыўся” – дапамагае, падказвае. Ды і ў любы момант магу пазваніць больш вопытным калегам, напрыклад, старшыні Ушацкага сельвыканкама Васілю Іванавічу Шнітко ці Сарочынскага Людзміле Яўгенаўне Птушцы. Не саромеюся, звяртаюся па розных пытаннях, бо ў многіх ёсць шмат юрыдычных нюансаў – ад зносу пустуючых дамоў да адабрання дзяцей у прытулак. Спраў шмат, але кожную свабодную хвіліну стараюся бываць у вёсках, часта ахвярую на гэтую справу выхадныя. Я людзей выслухаю, яны мяне, штосьці мне падкажуць дзельнае – вось яна, зваротная сувязь.

Гутарыў Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *