Наш раён лічыцца адным з самых «узроставых» у вобласці. 3757 жыхароў Ушаччыны перасягнулі за сёмы дзясятак. Сярод іх 54 ветэрана Вялікай Айчыннай, 292 адзінокіх і 2427 — адзінока пражываючых грамадзян, 517 інвалідаў 1 і 2 груп. Вялікая частка гэтых людзей, а таксама прадстаўнікі іншых сацыяльна неабароненых катэгорый маюць патрэбу ў дапамозе з боку дзяржавы — забяспечыць яе і прызваны тэрытарыяльны цэнтр абароны насельніцтва Ушацкага раёна.
ДАПАМАГАЕМ НЕАБАРОНЕНЫМ
З кожным годам установа пашырае і ўдасканальвае сваю дзейнасць, адкрываюцца новыя аддзяленні — на цяперашні час іх у цэнтры 6. Выявіць і ўлічыць усіх, хто мае патрэбу ў абароне, прызвана аддзяленне пярвічнага прыёму, інфармацыі і прагназавання. У будынках сельвыканкамаў працуюць 6 выязных сацыяльных пунктаў, у якія за першае паўгоддзе звярнулася 34 грамадзяніна, створана мабільная брыгада, якая выязджае па графіку ці заяўках у аддаленыя вёскі, каб інфармаваць людзей аб відах паслуг і выконваць іх.
Падаўжаюць жыццёвую актыўнасць пажылых грамадзян і інвалідаў, якія жадаюць правесці старасць у звыклых умовах, работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме. Ну а для тых, хто пражываць асобна не хоча або не можа, у аграгарадку Вяркуды працуе аддзяленне кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, якое разлічана на 30 месцаў. Калі ў вас маюцца пытанні па размяшчэнні ў яго сваіх родных, адказы на іх можна атрымаць па тэлефоне 2-07-23.
Адна з самых неабароненых катэгорый насельніцтва — людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Падтрымку і дапамогу ім аказваюць спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага прабывання інвалідаў, якое ў 2012 годзе адкрылася ў Градзянцы.
А вось аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ў верасні адзначала сваё 11-годдзе, і запатрабаванасць у яго паслугах пастаянна расце. Так, калі ў 2011 годзе іх было аказана 190, то ў 2012 — 685, у 2013 — 1187, а ў першым паўгоддзе бягучага — 482 паслугі. Адметна, што пры гэтым ствараюцца новыя працоўныя месцы для інвалідаў. Абумоўлена гэта тым, што з умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы аддзялення пашырыўся спектр паслуг, сярод іх з’явіліся такія запатрабаваныя ў насельніцтва, як абкошванне травы мотакасой, апрацоўка зямельнага ўчастка і перавозка грузаў мотаблокам, сцірка і рамонт адзення ў сацыяльнай пральні. Аддзяленне таксама ажыццяўляе пракат артапедычнага інвентара (кійкоў і кастылёў), вядзе работу па аказанні бязвыплатнай дапамогі грамадзянам -летась замежнае адзенне і абутак сэканд-хэнд атрымалі 173 чалавекі, сёлета — 314. Больш падрабязна пра паслугі можна даведацца па тэлефоне 2-92-89.
Аддзяленне па аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі з’явілася ў цэнтры толькі год таму. Звярнуцца ў яго могуць грамадзяне, калі даход іх сем’яў ніжэйшы за пражытачны мінімум (у маі-чэрвені — 1212470 тысяч рублёў). Інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 2-74-44. Дарэчы, за першае паўгоддзе дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ўсіх відаў на агульную суму 354,1 мільёна рублёў атрымалі 237 жыхароў раёна.
А.ХВАШЧЭЎСКАЯ, дырэктар ДУ “ТЦСАН Ушацкага раёна”
ПРЫТУЛАК ДЛЯ АХВЯР НАСІЛЛЯ
«Калі цвярозы — нармальны чалавек, а як вып’е — хоць з дому бягі» — напэўна, кожны з нас прыгадае не адну падобную сітуацыю ў сем’ях сваіх знаёмых. І добра яшчэ, калі бегчы ёсць куды, ну а калі няма родных ці сяброў, у якіх можна перачакаць «экстрэмальны» час?
Выйсце з такой сітуацыі прапануе ТЦСАН Ушацкага раёна, пры якім нядаўна пачаў дзейнічаць «крызісны» пакой. У гэтым памяшканні могуць знайсці часовы прытулак грамадзяне, жыццю і здароўю якіх пагражае небяспека —ахвяры бытавога насілля, гандлю людзьмі. Прабыванне тут заснавана на прынцыпах дабравольнасці і ананімнасці і можа доўжыцца да 10 сутак. Пакой разлічаны на пражыванне двух дарослых або дарослага і двух дзяцей. Пацярпелыя могуць бясплатна атрымаць паслугі юрыста і псіхолага, сацыяльна-бытавую дапамогу. Разглядаецца пытанне наконт бясплатнага харчавання. Месца, дзе абсталяваны гэты пакой, па зразумелых прычынах захоўваецца ў сакрэце. Такім чынам, тут можна перажыць час, пакуль дамашні тыран не ператворыцца зноў у «нармальнага чалавека».
Калі ў жыхара раёна ўзнікла неабходнасць звярнуцца ў «крызісны» пакой, яму варта патэлефанаваць па нумары 2-99-73 (у працоўны час) або 102 (кругласутачна). Калі справа адбываецца ў начны час або вы жывяце ў сельскай мясцовасці, у патрэбнае месца вас даставяць супрацоўнікі РАУС. Каб «схавацца» яшчэ больш надзейна, па пытанні змяшчэння ў «крызісны» пакой можна звярнуцца да спецыялістаў тэрытарыяльных цэнтраў суседніх раёнаў па тэлефонах: (8-0214) 42-91-82 (Полацкі), (8-02132) 4-33-41 і (8-02132) 4-16-70 (Лепельскі).
РУКІ, ШТО ЎМЕЮЦЬ МНОГАЕ
Што рабіць, калі фізічныя ці разумовыя парушэнні не дазваляюць паўнавартасна жыць, калі прыгавор «інвалід» кладзецца на плечы не толькі фізічным, але і цяжкім псіхалагічным грузам? Можна, сканцэнтраваўшыся на сваёй хваробе, пеставаць у сабе комплекс «чатырох сцен», а можна, як гэта робяць наведвальнікі аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага прабывання інвалідаў, шукаць рукам і розуму карысны занятак, займацца працай і творчасцю, знаходзіць сяброў.
Калі разглядаеш вырабы дзвюх працоўных майстэрань і гурткоў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якія адкрыты на базе аддзялення, нават цяжка паверыць, што зроблены яны людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Сувеніры з гіпсу і кошыкі з драўніны (апошнія — плён супрацоўніцтва аддзялення з ААТ «Форэстгандаль»), вышыўкі, вязаныя рэчы, сурвэткі і сумкі, сплеценыя з поліэтыленавых пакетаў, кампазіцыі з палосак паперы, выкананыя ўдзельніцамі гуртка «Святліца» ў моднай зараз тэхніцы «квілінг», радуюць вока дасканаласцю і фантазіяй. А ў мінулым месяцы ў аддзяленні з’явіўся новы гурток — «Свет дэкупажу».
— Гэта вельмі цікавая тэхніка выканання кампазіцый на розных паверхнях з выкарыстаннем разнастайных матэрыялаў вельмі спадабалася нашым падапечным», — зазначае кіраўнік гуртка Святлана Віктараўна Ігнатовіч.
Дарэчы, гэта сёмы гурток, які працуе ў аддзяленні: наведвальнікі займаюцца тут дамаводствам, асвойваюць камп’ютар, павышаюць узровень эрудыцыі і медыцынскіх ведаў, займаюцца на трэнажорах. Ну а да тых інвалідаў, што не маюць фізічнай магчымасці прыбыць у аддзяленне, кіраўнікі гурткоў наведваюцца самі — варта толькі патэлефанаваць па нумары 2-99-73 і агучыць сваё жаданне.
— Сумеснае правядзенне часу не абмяжоўваецца для інвалідаў толькі работай гурткоў, — расказвае загадчык аддзялення Ірына Пышная. — У нас працуе клуб зносін «Пазітыў», праводзяцца розныя мерапрыемствы. Апошняе -«Песні ваенных гадоў», прысвечанае 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дапамаглі наладзіць работнікі раённай бібліятэкі.
БЛІЖЭЙ ЗА РОДНЫХ
Для 565 пажылых грамадзян і інвалідаў нашага раёна паслугі сацыяльных работнікаў з’яўляюцца той пастаяннай неабходнасцю, без якой немагчыма іх пражыванне ў звыклых і жаданых дамашніх умовах. Гэтыя працаўнікі «замяняюць» людзям хворыя рукі і ногі, страціўшае рухомасць цела і невідушчыя вочы, становяцца бліжэй за родных. Мы правялі апытанне, падчас якога пацікавіліся ў кліентаў аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме, як яны адносяцца да сваіх сацработнікаў і ацэньваюць іх працу.
Ларыса Аляксандраўна Каваленка, аграгарадок Глыбачка.
— Лічу, што мне пашанцавала: мой сацработнік Цімафей Іванавіч Тарантовіч — вельмі чулы і працавіты. Што ні папросіш — усё зробіць: і вады прынясе, і дровы спарадкуе, і агарод узарэ, бо мае ўласнага каня, а нядаўна вось жукоў на бульбе патравіў. Днямі тэлефаную яму, кажу, яблыня ў садзе павалілася, а ён мне — «Зараз прыбягу!». Калі ж іншы раз не стрымаюся і пачну скардзіцца на хворую нагу і сэрца, цярпліва выслухае і заўважыць: «Вам, Ларыса Аляксандраўна, на той свет збірацца яшчэ рана — якія Вашы гады!» І нават лягчэй становіцца ад такой падтрымкі…
Ніна Цімафееўна і Васіль Іларыёнавіч Любельскія, в.Мосар.
— Тамара Міхайлаўна Дзямешка прыходзіць да нас тры разы на тыдні. Ёй нават не варта казаць, што трэба зрабіць — перапранецца, агледзіцца наўкол і бярэцца за справы — заўчора, напрыклад, у хаце мыла, паласы вытрасала, а сёння шчаўе на градцы зрэзала, дык мы з ёй яго кансервавалі. І ў агародзе дапамагае — вось днямі градкі палола, і ў магазін збегае, бо мы ўжо да яго не дойдзем. Тамара для нас — як роднае дзіця, дай ёй Бог здароўя і шчасця!
Надзея Канстанцінаўна і Уладзімір Ніканавіч Чаркес, в.Усвея.
— Наш сацработнік — Наталля Леанідаўна Малахава — добрая і старанная жанчына. Яе падапечныя жывуць таксама ў Двор Усвеі, Капусціне, Бальбінаве — каб усіх аб’ехаць, ёй даводзіцца ў любое надвор’е пераадольваць на веласіпедзе шмат кіламетраў. На дзявятым дзясятку абвастрыліся хваробы, амаль не выходзім з дому, добра, што пастаянна прыязджаюць дочкі з Віцебска і Наваполацка, ды вось Наташа ва ўсім дапамагае — і дома, і ў агародзе. А калі трэба, і першую медыцынскую дапамогу акажа, яна ў гэтым спецыяліст, раней у Дубраўскай бальніцы працавала. Адным словам, з сацработнікам нам пашанцавала.
Уладзімір Мікалаевіч Жаваранак, в.Ваўчо.
— Вось ужо 18 гадоў як я страціў зрок, з’яўляюся інвалідам 1 групы. За гэты час да мяне прыходзіла некалькі сацработнікаў і пра ўсіх я магу сказаць толькі добрыя словы. Дзякуючы гэтым жанчынам я і цяпер жыву ў сваёй хаце, спраўляюся з бытавымі праблемамі, даведваюся пра навіны ў свеце і раёне, харчуюся смачнымі стравамі (сам жа магу прыгатаваць хіба што чай ды пельмені). Часта прыгадваю Ганну Тарасевіч і Ганну Андрэйчык, вельмі сумаваў, калі пайшла на заслужаны адпачынак Тамара Сцяпанаўна Захарэнка, якая прыходзіла да мяне на працягу пяці гадоў. Але ўжо прывык і да новага сацработніка — Кацярыны Васільеўны Аўдошкі. Дарэчы, 28 ліпеня ў яе дзень нараджэння, вось рыхтую падарунак — так заўсёды раблю, каб зрабіць прыемнае маім цудоўным памочніцам. А яшчэ іншы раз складаю для іх вершы — гэты напісаў пра Тамару Сцяпанаўну, але адрасую ўсім работніцам аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме:
Чтоб водить со здоровьем дружбу — обратись в социальную службу.
Чтоб у вас поднялось настроенье — напишите скорей заявленье:
Вам пришлют такую леди — позавидуют соседи!
Чтобы не было вам грустно, она сварит очень вкусно
Хочешь — борщ, а хочешь — клёцки, хочешь — макарон по-флотски…
А калі сур’ёзна, то хачу сказаць вялікі дзякуй людзям гэтай вельмі складанай і такой патрэбнай нам прафесіі.
Падрыхтавала Н.Багдановіч