Выступленні ансамбля танца, музыкі і песні “Талака” – гэта заўсёды неўтаймаваны феерверк задору і эмоцый. Калі ж нядаўна я прысутнічала на юбілейным канцэрце, які калектыў даваў з нагоды свайго 20-годдзя, да ўсіх маіх уражанняў дадалося і пачуццё гонару, бо сярод артыстаў, якія дэманстравалі сваё майстэрства на сцэне Віцебскай абласной філармоніі, быў і наш малады зямляк Сяргей Смаляк.
І, вядома ж, мне, як і ўсёй яго “групе падтрымкі”, што адмыслова прыехала на канцэрт з Ушач, здавалася, што наш Сярожа танцуе лепш за ўсіх! У свае 22 гады ён з’яўляецца адным з самых маладых удзельнікаў творчага калектыву, аднак на сцэне выглядае надзвычай упэўнена і проста заварожвае зал сваёй абаяльнай усмешкай!
На гэты канцэрт мяне запрасіла мама Сяргея, Ларыса Сцяпанаўна Смаляк, з якой сябрую шмат гадоў. З самага дзяцінства яе сын быў надзвычай актыўным і рухомым хлопчыкам. Танцы палюбіў у дзіцячым садку – маці прыгадвае, як Сярожа станавіўся дома перад вялікім люстрам і паўтараў рухі, што развучвалі на рэпетыцыях. Потым паступіў на харэаграфічнае аддзяленне Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў, дзе паспяхова асвойваў азы танца пад кіраўніцтвам вопытнага педагога Алы Валянцінаўны Калашнікавай. Ну а развіць майстэрства дапамагла вучоба ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў, пасля заканчэння якога таленавітага юнака запрасілі ў ансамбль “Талака”. Як сцвярджае Сяргей, працаваць у такім вядомым калектыве складана, але вельмі цікава. Ансамбль шмат гастралюе: толькі за апошні час артысты пабывалі з канцэртамі ў Расіі, Польшчы. Рэпертуар праграм даволі шырокі: ёсць у ім і сучасныя, і ваенныя, і народныя танцы – беларускія, украінскія і нават цыганскі. У апошнім, як здаецца, Сяргей выглядае асабліва арганічна: хоць знешне ён тыповы беларус, аднак тэмперамент мае няўрымслівы, гарачы. Калі пасля канцэрту запыталася ў хлопца, як яму ўдаецца запамінаць столькі рухаў, пачула ў адказ, што танцоры валодаюць своеасаблівай мышачнай памяццю – яна і выручае, калі даводзіцца выконваць запар дзясяткі танцаў. Ну і, канечне, гэта плён штодзённых рэпетыцый да сёмага поту – у прамым сэнсе гэтага выразу. А тое, што ўшачане – людзі не толькі таленавітыя, але і працавітыя, вядома ўсім.
Ларыса ПОЛАЗАВА, г.п.Ушачы.