Лета смяецца на сотні дзіцячых галасоў, радуецца дажджу і сонцу, спаборнічае і па-сапраўднаму сябруе. Менавіта такое лета, доўгачаканае і шматграннае, жыве ў аздараўленчым лагеры «Турасполле», які размешчаны ў маляўнічых мясцінах на беразе ракі Дзівы.
Сорак хлопчыкаў і дзяўчынак праз некалькі тыдняў павязуць дадому чамаданы не толькі з уласнымі рэчамі, але і з незабыўнымі ўражаннямі, адкрыццямі і ведамі. Два атрады ўжо бойка дэкламуюць свае рачоўкі, а камандзіры пакрыху набываюць якасці лідараў.
План работы лагера распрацаваны такім чынам, каб кожны выхаванец мог праявіць свае таленты і здольнасці. 10 чэрвеня, у дзень адкрыцця першай лагернай змены да нас з пазнавальна-канцэртнай праграмай завіталі госці з цэнтра пазашкольнай работы, а вечарам у рамках рэспубліканскай акцыі «Разумныя канікулы: адпачывай, загартоўвайся, працуй і развівайся» прайшлі спартландыя і дыскатэка. Наступны дзень прысвячаўся бяспецы — былі наладжаны конкурс малюнкаў «Не жартуй з агнём!», віктарына «Як зберагчы сябе ад бяды», ролевая гульня «Суд над наркаманіяй». 12 чэрвеня дзеці вучыліся быць ветлівымі: праводзілі ўрокі вясёлага этыкету, паказвалі свае веды ў эрудыт-шоу «Добрым быць зусім няпроста». Пераможцы конкурсаў атрымалі прызы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Адным словам, штодня нашы выхаванцы не толькі адпачываюць, але і папаўняюць багаж ведаў. І, вядома ж, побач з дзецьмі ў лагеры пастаянна знаходзяцца вопытныя выхавацелі, інструктар па фізкультуры і спорце, музычны кіраўнік — усе яны стараюцца, каб 18 дзён лета былі аднымі з лепшых і запамінальных у жыцці дзяцей.
Другая змена ў аздараўленчым лагеры «Турасполле» пачнецца 28 чэрвеня, трэцяя — 17 ліпеня. Пуцёўкі ў іх яшчэ можна набыць, звярнуўшыся ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама да Алены Мечыславаўны Жук па тэлефонах: 2-74-92 або 513-70-12 (МТС). Варта нагадаць, што дапамогу ў аплаце кошту пуцёўкі могуць аказаць бацькам школьнікаў прафсаюзныя арганізацыі, членамі якіх яны з’яўляюцца.
Т.РУСАК, начальнік першай змены аздараўленчага лагера «Турасполле».