“Якая класная машына! Вырасту – і ў мяне такая будзе!” – убачыўшы заклеены яркімі стыкерамі сіне-жоўты “Рэно”, канстатаваў чатырохгадовы ўшачанін Яраслаў, калі разам з дзядулем аглядаў выстраеныя на плошчы гарпасёлка аўтамабілі ўдзельнікаў першага этапу Кубка Беларусі па ралі-спрынту “Ушачы-2014”, які праходзіў у суботу ў нашым раёне. Дарэчы, прыехаў хлопчык на месца падзей на падораным да дня нараджэння ўласным аўтамабільчыку, а таму ёсць усе падставы меркаваць, што праз колькі гадоў на ўшацкіх ралійных трасах мы ўбачым свайго земляка.
Ну а пакуль будучы дэбютант аўтагонак набіраецца вадзіцельскага вопыту, пацікавілася ў дэбютанткі цяперашняй – 23-гадовай Святланы Пацкевіч, што прывяло маладую прыгожую дзяўчыну на небяспечныя гоначныя трасы. “Аўтамабілямі “захварэла” ў раннім дзяцінстве, днямі круцілася ля таты ў гаражы, першы ўрок ваджэння атрымала гадоў у шэсць, седзячы на бацькавых каленях. Ну а калі вырасла і здала на правы, прыйшла ў гомельскі аўтаклуб “Начныя цені”, – расказвае пілот “Шкоды”. Для Святланы гэта толькі другія гонкі ў кар’еры, таму прыехала яна ва Ушачы за вопытам, выступае па-за конкурсам, каб паспрабаваць сябе на хуткаснай трасе ралі-спрынта.
Чаго не скажаш пра вопытныя экіпажы Вілмантаса Пупюса з Гедэмінасам Рачасам і Андрэя Галабародзькі з Гедэмінасам Саўдаргасам, якія ўдзельнічаюць у падобных гонках восьмы год і лічацца галоўнымі фаварытамі. Не ўпершыню прыязджаюць і ў наш раён: трасу ля Кубліч, дзе праходзіў спрынт, ведаюць дасканала і лічаць адной з любімых. “Ёсць тут адметны для абодвух нашых экіпажаў паварот”, – кажа Вілмантас і хітравата падміргвае калегу-саперніку Андрэю. Той з гумарам прыгадвае, як у адной з мінулых гонак ішоў з вялікім адрывам і, дачасна паверыўшы ў перамогу, вылецеў з трасы на тым злашчасным віражы. Клас Б-12, у якім выступаюць экіпажы, лічыцца самым прэстыжным, бо магутнасць рухавікоў дазваляе разганяць машыны да найбольшай хуткасці – на прамых участках трасы Бычкі-Скачыхі яна можа дасягаць 200 кіламетраў у гадзіну! Пагутарыць з членамі гэтых экіпажаў давялося перад стартам: да адмашкі флажка заставалася колькі часу, і аўтагоншчыкі ахвотна дзяліліся ўражаннямі і нават прафесійнымі сакрэтамі – даведалася, што ў іх існуюць своеасаблівыя забабоны: напрыклад, перад гонкай нельга даваць сапернікам што-небудзь са сваёй машыны, не рэкамендуецца і фатаграфавацца. Апошняе правіла, праўда, яны тут жа парушылі, згадзіўшыся на сумесны перадстартавы здымак, – відаць, галоўную стаўку рабілі ўсё ж на майстэрства, а не на дапамогу фартуны. Вось і не ведаю цяпер, ці вінаваціць сябе ў тым, што літоўскі і літоўска-беларускі экіпажы занялі ў выніковым пратаколе адпаведна другое і трэцяе месцы, саступіўшы першы радок беларускаму пілоту Юрыю Грышчанкову і штурману Дзянісу Рэвяку, Субару Імпрэза якіх літаральна на некалькі імгненняў апярэдзіла БМВ М3 і Міцубісі Лансэр канкурэнтаў. Пераможцамі ў класах Б-10 і Б-11 сталі адпаведна экіпажы Іван Рускіх, Віталь Мурылёў (ВАЗ 2108) і Юрый Семянчук, Міхаіл Мельнічэнка (Форд Фіеста).
Зрэшты, самі ўдзельнікі і арганізатары засталіся задаволенымі вынікамі гонкі – а найперш тым, што нягледзячы на мокрую трасу (заканчваць заезды давялося пад праліўным дажджом) абышлося без значных паломак і аварый. І гэта плён не толькі майстэрства гоншчыкаў, але і дакладнай работы абслугоўваючага персаналу. Як расказаў тэхнічны камісар спаборніцтваў Аляксандр Кавалеўскі, да ўдзельнікаў прад’яўляецца шэраг патрабаванняў: машыны павінны быць абсталяваны каркасам бяспекі, сістэмамі пажаратушэння і экстраннага адключэння электраабсталявання, а экіпаж апрануты ў спецыяльныя камбінезоны і шлемы. Унеслі свой уклад у правядзенне гонкі і работнікі Кубліцкага сельвыканкама. Як расказала нам яго старшыня І.В.Ластаўка, мясцовасць уздоўж трасы была спецыяльна падрыхтавана да ралі, у прыватнасці, каб забяспечыць пілотам і штурманам добры агляд, напярэдадні былі абкошаны абочыны. Захаваць бяспеку на дарогах дапамагалі работнікі Ушацкага РАУС.
Выдатную падрыхтоўку мерапрыемства і цёплы прыём ушачан адзначыў на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання дырэктар спаборніцтваў Дзмітрый Шапараў. А ганаровае права ўручыць медалі пераможцам і прызёрам было прадстаўлена намесніку старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч. “Мы заўсёды рады вітаць гасцей на нашай прыгожай ушацкай зямлі, а тым больш сёлета, у Год гасціннасці”, – адзначыла Наталля Мікалаеўна. А яе запрашэнне правесці ў нашым раёне фінал Кубка Беларусі прысутныя сустрэлі гарачымі апладысментамі. Будзем лічыць іх залогам таго, што ў хуткім часе ўшачане зноў змогуць атрымаць асалоду ад захапляльнага відовішча загранічных хуткасцей і вышэйшага вадзіцельскага пілатажу.
Н.БАГДАНОВІЧ.