Ушаччина отметила юбилей Василя Быкова

В памяти их имена Ими гордятся Наши земляки Творчество наших земляков

Генадзь Пятровіч Пашкоў прыбыў у наш раён на чале сталічнай дэлегацыі пісьменнікаў і дзеячаў культуры для ўдзелу ў раённым свяце, прысвечаным 90-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Калі ён уручаў вышэйшую ўзнагароду сваёй арганізацыі — ганаровы знак “За літаратурныя дасягненні” старшыні райвыканкама Віктару Віктаравічу Родзічу, то параўнаў нашу багатую на таленты краіну са шчодрым лесам.

— А ў кожным лесе ёсць асабліва ўраджайныя баркі, дзе шмат крэпенькіх баравічкоў, – тлумачыў першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі. — Дык вось ваша, не, наша Ушаччына, нібы асаблівы барок – яна дала краіне, свету шмат талентаў, сярод якіх імя Васіля Быкава стаіць, канечне, асобна. Па-добраму зайздрошчу вам – вы можаце ганарыцца, што з’яўляецеся землякамі такога волата.

Напярэдадні ў сталіцы з нагоды 80-годдзя ўтварэння Саюза пісьменнікаў Беларусі адбыўся пленум гэтага грамадскага аб’яднання, на якім было прынята рашэнне аб узнагароджанні. Як зазначыла старшыня Віцебскага аддзялення Саюза Тамара Іванаўна Гусачэнка, якая ўзначальвала абласную дэлегацыю літаратараў, “такая узнагарода ўручаецца не толькі за вершы і прозу, але і за плённую працу па ўшанаванні памяці паэтаў і пісьменнікаў, правядзенне літаратурных фестываляў і іншых мерапрыемстваў, чым Ушацкі раён адметна выдзяляецца”. Віктар Віктаравіч падкрэсліў, што гэта не яго асабістая заслуга, а вынік дзейнасці працоўных калектываў, усіх ушачан, якія працуюць на суботніках, падтрымліваюць чысціню і парадак, захоўваюць для нашчадкаў культурную спадчыну сваёй малой радзімы.

Мы мабыць прывыклі да сваіх краявідаў, а вось гасцей, асабліва тых, хто ўпершыню прыехаў на Ушаччыну, яны прыводзяць у замілаванне.

– Разумееш, чаму менавіта гэта зямля нарадзіла Быкава, – узнёсла гаварыла па дарозе ў Бычкі загадчыца культурна-адукацыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Паўлаўна Шагойка. – Міжволі станеш майстрам слова, апісваючы такую прыгажосць. Мушу прызнаць, што ландшафты роднай Шклоўшчыны і блізка не параўнаць з ушацкімі.

На месцы нараджэння пісьменніка гасцей вітала намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч. Пасля наведвання сядзібы-музея іх чакала літаратурна-музычная кампазіцыя “Доўгая дарога дадому”, у якой культработнікам раёна ўдалося вельмі змястоўна расказаць аб жыццёвым і творчым шляху Васіля Уладзіміравіча. Пачатак яе, праўда, крыху затрымаўся: госці доўга не пакідалі памяшканне – разглядалі экспанаты, дзяліліся ўспамінамі, бо многім з іх пашчасціла сустрэцца з пісьменнікам пры жыцці.

– Вось такі ён быў гадоў 20-25 назад, – стоячы ля бюста Быкава, усхвалявана расказваў ганаровы член Віцебскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Барыс Паўлавіч Белюжэнка, які сустракаўся з класікам, калі той наведваў Віцебск. – Вельмі падобна. У маёй памяці захаваўся яго ціхі, але вельмі пранікнёны голас, суровы погляд, які так не стасаваўся з яго добрай душой… Я мог бы пра Быкава нагаварыць вам шмат чаго, але скажу адно – гэта была асоба, у якой кожнаму можна было павучыцца чалавечнасці і працавітасці.

Падчас правядзення літаратурна-музычнай кампазіцыя падзівіліся літаратары шматлікасці яе гледачоў і парадаваліся колькасці прысутнічаючых дзяцей, бо, як адзначыў Г.П.Пашкоў, “творы Васіля Быкава хоць і пра мінулае, але накіраваны ў будучыню, вучаць моладзь у самых складаных жыццёвых сітуацыях заставацца чалавекам”.“Мы па Быкаву вучыліся жыццю”, – казала прысутным супрацоўніца часопіса “Маладосць” Аксана Ючковіч, якая не магла стрымаць слёз, калі вучаніца Кубліцкай школы Ксенія Паршонак вельмі пранікнёна чытала ўрывак з аповесці “Знак бяды”, а тэатралізаваную пастаноўку ўдзельнікаў драматычнага гуртка “Свавольнікі” па апавяданні В.Быкава “Сваякі” сталічныя госці прызналі дастойнай вялікай сцэны.

Зразумела, што на гэтым мерапрыемстве гаварылі толькі пра Быкава і аб Быкаве. Шматлікія выступаючыя адзначылі: усё, што наканаваў пісьменніку лёс, ён добрасумленна выканаў. І раз мы ніколі ўжо не пачуем жывога слова літаратара, нам застаецца ўдумліва чытаць і перачытваць яго кнігі, дзе ён на прыкладах не генералаў і палкоўнікаў, а простых салдат і партызан паказваў “радавых вялікай бітвы”, бо кнігі Васіля Быкава дапамагаюць не забываць нялёгкую гісторыю радзімы, вучаць быць патрыётамі не на словах, а на справе.

Не абмінулі ўвагай мерапрыемства і мастакі, якія яшчэ ў маі праводзілі ва Ушачах абласны плэнэр, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі і памяці В.Быкава. Некаторыя з яго ўдзельнікаў зараз працуюць у Бычках і на сценах хаты Антаніны Аляксандраўны Быкавай арганізавалі імправізаваную “карцінную галерэю”, якую з цікавасцю паглядзелі госці і ўдзельнікі літаратурна-музычнай кампазіцыі. Зразумела, што быкаўская тэматыка на гэтай выставе была на пярэднім плане.

– Аблюбавалі мы вашы мясціны, – кажа майстар габеленаў Святлана Бараноўская. – Тут неяк своеасабліва адчуваецца сувязь паміж небам і зямлёй, а тварыць атрымліваецца лёгка, сама прырода спрыяе натхненню. А вашы Ушачы! Цудоўны пасёлак, які без усякіх “Дажынак” утульней гарадоў, дзе ў добраўпарадкаванне ўкладзены вялізныя сродкі.

Дарэчы, мастакі, якія ўдзельнічалі ў плэнэры, абяцалі перадаць некаторыя творы для нашага музея.

Пасля незапланаванага наведвання выставы і гутаркі з вяскоўцамі і роднымі пісьменніка госці заспяшаліся да аўтобусаў, бо зусім нямнога часу заставалася да пачатку мерапрыемстваў у райцэнтры.

А другой гадзіне ў скверы гарпасёлка загучалі словы неўміручай быкаўскай прозы. Перад шматлікімі слухачамі і аўтарытэтным журы, якое ўзначаліў Генадзь Пятровіч Пашкоў, свае таленты дэманстравалі юныя ўдзельнікі конкурсу чытальнікаў. «Камбат на вайне, генерал у літаратуры». Урыўкі з апавядання «Незагойная рана» прапанавалі Насця Ганчарова і Леанід Давыдаў, Павел Гіраўка абраў аповесць «Жураўліны крык», а Алена Карабань — «Дажыць да світання». Марына Хамёнак агучыла пісьмо гераіні «Альпійскай балады» Джуліі, урыўкі з гэтай жа аповесці прачыталі Ліда Баклушына і Яўген Крывёнак і зрабілі гэта так удала, што журы прысудзіла ім адпаведна трэцяе і другое месцы. Ну а лепшым стала выступленне Ганны Герцык: фрагмент твора «Пайсці і не вярнуцца» быў выкананы дзяўчынай вельмі эмацыянальна і артыстычна. «Ведаеце, быў бы я рэктарам універсітэта культуры — залічыў бы ўсіх вас на першы курс без экзаменаў!» — звярнуўся да чытальнікаў старшыня журы. А яшчэ Генадзь Пятровіч выказаў спадзяванне, што падобны конкурс на радзіме Васіля Быкава стане традыцыйным.

Змястоўная вечарына, была наладжана ў раённым Доме культуры.

Ушачан і гасцей сустрэў калектыў хору народнага клуба “Ветэран” РДК песняй аб земляках. У фае наведвальнікі пазнаёміліся з выставамі да юбілею пісьменніка, наладжанымі работнікамі раённай бібліятэкі імя Е.Я.Лось. Са сцэны вядучыя нагадалі біяграфію і творчы шлях Васіля Быкава. Заслужаны дзеяч культуры Генадзь Пятровіч Пашкоў распавядаў аб літаратурнай славе Ушаччыны. Яшчэ адзін госць з Мінска, прафесар, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван Васільевіч Саверчанка коратка прааналізаваў спадчыну Васіля Быкава, сваім захапленнем ёю падзялілася і галоўны спецыяліст Мінскага гарадскога аб’яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса Іна Фралова, якая таксама прачытала і свае вершы на беларускай мове, як і ўшацкая паэтэса Тамара Барадзёнак. Галіна Варатынская прыгадала аб асабістых стасунках з Васілём Быкавым, спынілася на тэме працягу літаратурных традыцый на Ушаччыне. Верш, прысвечаны В.Быкаву, расказаў Аляксандр Лосеў. А яшчэ ён выказаў думку аб неабходнасці ўвекавечання нашых славутых землякоў В.Быкава і Р.Барадуліна назвамі вуліц.

Затаіўшы дыханне слухала зала ўспаміны Валянціны Уладзіміраўны Быкавай аб сваім браце. І галоўны іх лейтматыў – незвычайна цяжкі яго лёс і гарачае імкненне да ўдасканалення.

Культработнікі, у тым ліку дзіцячай школы мастацтваў, аздобілі вечарыну дасканалымі нумарамі мастацкай самадзейнасці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *