Все одиннадцатиклассники Ушачского района выпускной бал провели вместе

Наши дети Образование и молодежь

Цёплым чэрвеньскім вечарам чацвярга цэнтральная плошча гарпасёлка расквецілася рознакаляровымі фарбамі вялікага свята. На баль-развітанне з дзяцінствам сабраліся юнакі і дзяўчаты з усіх сярэдніх школ Ушаччыны. Сёлета атэстаты сталасці атрымалі 93 былыя адзінаццацікласнікі. Маладыя, прыгожыя, амбіцыйныя — імі любаваліся бацькі і настаўнікі, прадстаўнікі раённай улады, сябры і знаёмыя. І нават недарэчны дождж не змог сапсаваць узнёслага настрою ўдзельнікам агульнараённага выпускнога балю.

Такая форма правядзення ўрачыстасці была апрабавана на Ушаччыне ўпершыню. Як патлумачыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Фёдараўна Сыроўчанка, гэта дазволіла стварыць для юнакоў і дзяўчат яркае, маштабнае, запамінальнае свята. Арганізаваць такое ў многіх сельскіх школах, дзе ўсяго 4-5 выпускнікоў, было б проста немагчыма. Вядома ж, для дастаўкі юнакоў і дзяўчат у райцэнтр (і ў адваротны бок) быў арганізаваны падвоз.

Шмат цёплых слоў-пажаданняў пачулі ў гэты дзень выпускнікі.

— Адзінаццаць гадоў вучобы, упэўнена, былі няпростымі, — зазначыла, звяртаючыся да галоўных герояў свята, намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч. — Нягледзячы на гэта многія з вас здолелі ўпісаць у гісторыю Ушаччыны сваю старонку: нехта — дзякуючы перамогам у прадметных алімпіядах, навуковых канферэнцыях, конкурсах і спартыўных спаборніцтвах, іншыя — сваёй працай на карысць роднага краю. Мы ганарымся вашымі дасягненнямі, галоўныя з якіх, канечне, яшчэ наперадзе.

Наталля Мікалаеўна выказала спадзяванне, што пасля прафесійнай падрыхтоўкі ўшацкія юнакі і дзяўчаты вернуцца на малую радзіму. Тым больш, што маладыя кадры рабочых прафесій зараз патрэбны амаль ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна, чакаюць прытоку новых сіл у райспажыўтаварыстве, райаддзелах міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, прамкамбінаце, ёсць таксама дэфіцыт медыкаў. Намеснік старшыні пажадала ўсім настойлівасці і ўдачы ў дасягненні пастаўленых мэт. Крыху пазней у раённым Доме культуры, куды перамясцілася дзейства, Наталля Мікалаеўна за выдатныя поспехі ў вучэбнай дзейнасці ўручыла выпускніцы Ушацкай школы Анастасіі Арэхва залаты медаль.

— Гэта, напэўна, самы фантастычны момант майго жыцця, — не хавала эмоцый дзяўчына. — Цяпер разумею, што нездарма праводзіла многія гадзіны за падручнікамі, імкнулася давесці веды да дасканаласці, іншы раз ахвяруючы звычайнымі для маіх равеснікаў забавамі.

Шчасцем гарэлі і вочы маці Анастасіі — Наталлі Дзмітрыеўны Арэхва, якая працуе выхавальніцай ясляў-сада №3 г.п.Ушачы. А таму поспех дачкі ў пэўным сэнсе можна лічыць адзнакай і яе педагагічнага майстэрства.

Самым урачыстым момантам для выпускнікоў, безумоўна, стала атрыманне атэстатаў. Гэтыя дакументы ўручалі ім дырэктары навучальных устаноў. Даволі многа сёлета выпускнікоў было ў Плінскай, Арэхаўскай і Ільюшынскай школах. Цікава, што дэлегацыі Касарской, Кубліцкай і Вялікадолецкай на ўрачыстасці складаліся толькі з хлопцаў — пецярых, чацвярых і траіх адпаведна.

Музыка, песні, харэаграфічныя нумары стваралі на сцэне РДК асаблівы настрой. Ну і які выпускны баль без школьнага вальса? Гэты танец стаў своеасаблівай уверцюрай для маладзёжнай дыскатэкі, якая доўжылася тут да поўначы. І было вачэй не адвесці ў гэты вечар ад статных хлопцаў-франтаў і чароўных дзяўчат у модных вячэрніх сукенках.

Самым жа кранальным эпізодам мерапрыемства стаў момант, калі выпускнікі адпусцілі ў вольны палёт рознакаляровыя паветраныя шары. У гэтую хвіліну яны развітваліся са сваім дзяцінствам, загадвалі самыя смелыя жаданні, будавалі планы на будучыню. І кожны спадзяваўся, што дарослае жыццё будзе для іх вялікім і светлым, як гэтая плошча, расквечаная шчаслівымі ўсмешкамі, празрыстым і шчырым — як слёзы бацькоў…

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *