За порядок на мини-полигонах для твёрдых бытовых отходов отвечать должны все — не только коммунальники, но и граждане

Благоустройство Выясняем ситуацию Экология

У канцы красавіка мы змясцілі ў газеце артыкул аб выніках рэйдаў па навядзенні парадку ў розных месцах раёна. Асабліва ўразіў нас падчас аб’ездаў жахлівы выгляд мініпалігонаў. Як вядома, гэтыя пляцоўкі былі абсталяваны для таго, каб вясковае насельніцтва, асабліва з малых населеных пунктаў, дзе не ўстаноўлены кантэйнеры, магло вывозіць сюды сваё бытавое смецце. Прадстаўнікі камунальнай службы, якія павінны наводзіць на мініпалігонах парадак, тлумачылі сваю недастатковую работу недахопам сродкаў і спецыяльнай тэхнікі. Аб тым, як змянілася становішча за прайшоўшы час, мы вырашылі даведацца, накіраваўшыся на адзін з самых праблемных мініпалігонаў ля вёскі Двор Пліна.

Убачанае тут зноў-такі ўразіла – на гэты раз станоўчым чынам. Вялікая плошча, на якой было мноства неахайных куч, зараз чыстая, смецце акуратна падбуртавана, а па баках пракапаны траншэі, якія абмяжоўваюць тэрыторыю палігона і не дазваляюць ёй пашырацца – цяпер любы жыхар наваколля без рызыкі прабіць колы машыны можа даехаць да канца пляцоўкі і выгрузіць адходы ў належнае месца, а не выкідваць іх, як гэта часта бывае, па розных баках ці ўвогуле па дарозе да палігона.

– Можаце сабе ўявіць, колькі намаганняў давялося прыкласці работнікам нашай службы, каб навесці тут такі парадак, – расказвае намеснік дырэктара УП ЖКГ па сацыяльных пытаннях Дзмітрый Сяргеевіч Шасцярэнь. – Работы па падбуртоўцы праведзены таксама на мініпалігонах у Ільюшыне, Матырыне, прыводзяцца ў парадак і іншыя пляцоўкі. У сувязі з гэтым варта нагадаць грамадзянам і арганізацыям, што на мініпалігоны дазваляецца звозіць толькі бытавое смецце. Зараз жа ўбачыць тут у вялікай колькасці можна і будаўнічыя, і прамысловыя адходы. Прадстаўнікі арганізацый увогуле не маюць права выкідваць смецце на мініпалігоны – яны павінны вывозіць яго на палігон цвёрдых бытавых адходаў, які зараз размяшчаецца ля вёскі Лутава, пры гэтым трэба мець суправаджальны пашпарт, а смецце не павінна ўтрымліваць другасных матэрыяльных рэсурсаў. Ушачанам варта мець на ўвазе, што за незахаванне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі прадугледжана сур’ёзнае пакаранне. Паводле артыкула 15.63 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь за выкідванне смецця ў не прызначаных для гэтага месцах прадугледжаны штраф ад 5 да 50 базавых велічынь на фізічную асобу, да 200 – на індывідуальных прадпрымальнікаў, да 1000 – на юрыдычную асобу. Дарэчы, пад дзеянне названага артыкула можа трапіць і чалавек, які проста паленаваўся везці мяшок са смеццем да месца, дзе яно падбуртавана, і выкінуў яго ля ўезду на мініпалігон. Калі ласка, паважайце нялёгкую працу камунальнікаў. У канчатковым выніку ўсе мы хочам аднаго: каб у нашых родных мясцінах было прыгожа і чыста.

Н.БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *