Примите участие в сборе средств на установку памятника жертвам войны — жителям сожжённой деревни Усая!

70-годдзе Перамогі Благоустройство Читатель поднимает проблему

На простым помніку ў невялікай вёсачцы Усая вісіць шыльда, якая сведчыць аб тым, што гэты населены пункт у 1943 годзе спалілі нямецка-фашысцкія карнікі і расстралялі 46 мірных жыхароў. Помнік вёсцы, якая ўсё ж адрадзілася пасля вайны, ёсць, а вось мемарыялу ахвярам той трагедыі – няма. Як амаль няма ўжо на гэтым свеце і тых, хто на ўласныя вочы бачыў і перажыў гібель адной з больш чым 10 тысяч спаленых за гады Вялікай Айчыннай вайны беларускіх вёсак.

Ураджэнка Усаі Лідзія Мікалаеўна Кучко жыве зараз у Красным, але ў родную вёску нягледзячы на сталы ўзрост наведваецца пры кожнай магчымасці, бо на мясцовых могілках пахавана яе маці. Прыбіраючы магілу роднага чалавека, заўсёды падыходзіць жанчына і яшчэ да адной з магіл, якую зрэшты, такой нават цяжка назваць – каб не агароджа ды незвычайны крыж, дык і зусім бы складана было адшукаць месца, дзе, па словах Лідзіі Мікалаеўны, пахавана больш чым паўсотні яе землякоў з ліку тых, што не перажылі калядную ноч з 6 на 7 студзеня 1943 года.

– Немцы ў вёсцы з’явіліся неўзабаве пасля пачатку вайны, але надоўга не затрымаліся, – прыгадвае жанчына. – Хоць вёска наша вялікая была, але непадалёку размяшчаліся буйныя гарнізоны ў Уле, Сокараве, таму ва Усаі захопнікі з’яўляліся раз-пораз.

У канцы 1942 года з-за адсутнасці буйных варожых злучэнняў у навакольных мясцінах актыўна ішло фарміраванне партызанскіх атрадаў, якія адсюль наносілі ўдары па гітлераўцах, рабілі засады на бальшаках.

– Партызаны часта да нас у вёску заязджалі, калі ішлі на заданне, па некалькі чалавек, а бывала, што і вялікімі групамі, нават танцы ладзілі, – Лідзія Мікалаеўна прыгадвае некалькі прозвішчаў. – Двое іх было ў той вечар, калі немцы прыйшлі вёску паліць: Васіль Дзянісаў і Прахарэнка, імя, на жаль, не памятаю.

Не памятае жанчына, якой на той момант было 16 год, і таго, хто першы заўважыў немцаў, але ў памяць назаўсёды ўрэзаліся словы маці, калі пачуліся стрэлы і загарэліся першыя будынкі на ўскрайку вёскі: “Бяжы, дачушка, бяжы, куды вочы глядзяць, а я – як Бог дасць!”

– Уцякалі хто куды, – працягвае Лідзія Мікалаеўна. – Памятаю, што партызаны пабеглі ад школы, і я за імі ў бок возера. Бачыла, як яны стралялі наперадзе мяне, як паваліўся немец, бягу ззаду, а кулі кругом ціўкаюць, апамяталася толькі, як у Дубраўку прыбегла.

Успамінаючы перажытае, Лідзія Мікалаеўна глядзіць на зусім недалёкі блакіт возера, якое для яе, як Ладага для жыхароў Ленінграда, стала “дарогай жыцця”, а для многіх аднавяскоўцаў наадварот – бо на адкрытым участку, на лёдзе, яны былі выдатнымі мішэнямі для карнікаў.

Ужо потым маці расказвала ёй, што сагналі немцы ўсю вёску, усіх людзей, што засталіся. Вяскоўцаў мужчынскага полу незалежна ад узросту адразу паставілі асобна, паказвалі пальцамі – “партызан”. Вёска да гэтага часу ўжо была ахоплена полымем. З Улы прыехаў нейкі перакладчык у цывільным, “добра па-нашаму гаварыў”. Маці расказвала, як моўчкі стаялі людзі, як гучней стрэлаў трашчалі гарэўшыя хаты і раптам сярод маўчання прагучаў голас: “Жанчын пакуль не трэба” – і адразу ўдарылі аўтаматныя і кулямётныя чэргі па мужчынах… Заходзіліся ад плачу жанчыны, якіх хацелі адправіць у Улу ў часовы лагер, але “літасціва” далі выбар: хто хоча – можа застацца. І гэта ў калядныя маразы, на папялішчы, без нічога, бо немцы, перад тым як паліць вёску, усё дабро з хат павыносілі і пагрузілі на машыны і падводы.

Але далёка ад’ехаць ім не ўдалося. Партызаны арганізавалі засаду па дарозе на Сокарава. Быў жорсткі бой, шмат немцаў пабілі, але загінула і 18 народных мсціўцаў. Назаўтра прыехалі партызаны, выкапалі на могілках вялікую яму і пачалі звазіць расстраляных. Ніхто не перапісваў, бо ведалі, каго хавалі. Крыж на магіле не ставілі. А яшчэ ўспаміналі жанчыны, што тры маладыя хлопцы ад налёту карнікаў схаваліся пад свіран, і калі адзін з іх высунуў адтуль галаву, то немец, які стаяў на пасту непадалёк, яго заўважыў. Не клікаў і не спрабаваў іх адтуль дастаць, а проста ўставіў аўтамат у лаз і даў некалькі чэргаў, потым закінуў зброю на плячо, адышоў і з выглядам чалавека, выканаўшага важную справу, закурыў… Гэтых хлопцаў пахавалі асобна, таксама ў брацкай магіле, але зараз ужо ніхто не пакажа, дзе – толькі прыблізна месца на далёкім краі могілак прыгадвае Лідзія Мікалаеўна.

У вёску яна вярнулася праз некалькі дзён:

– У прытуліўшых мяне жыхароў Дубраўкі не магла ўсядзець, яшчэ з адной дзяўчынай збіралася ісці назад, але гаспадары адгаварылі, казалі, “куды ж вы пойдзеце, дзеткі, заставайцеся”. Як вёска наша гарэла – добра было відаць. Нават з Краснага людзі бачылі. А яшчэ памятаю, што двум мужчынам пашчасціла выжыць, яны паваліліся раней, да таго, як немцы пачалі страляць, і ляжалі сярод мёртвых да ад’езду карнікаў. Адзін з іх – Ісак Шапо, людзі бачылі, як ён ішоў дадому, а кроў забітых цякла па плячах і рукаве вопраткі, бо быў ён аднарукі. Другі, маладзейшы, Валодзька, прозвішча забылася. Доўга яны потым жылі, пасля другога нараджэння… А людзі зямлянкі капалі, нехта пайшоў у іншыя вёскі да сваякоў. Гэта ўжо пасля вайны пачалі будавацца пакрыху.

На першы погляд здаецца, што неяк раўнадушна расказвае мая суразмоўца аб тых падзеях, але за гады ўспамінаў выплакала ўсе слёзы, кажа, што “часта з мамай збіраліся і плакалі па людзях, яны ж ні ў чым не павінныя былі – і малыя, і старыя”.

Пасля вайны 7 клас яна скончыла ў Дубраўцы, вучылі па хатах. Працавала ў Сушанскім сельсавеце рахункаводам, у Дубраўскай школе бухгалтарам, выйшла замуж у Краснае, працавала ў мясцовай краме, потым 7 год тэлефаністкай і да самай пенсіі начальнікам мясцовага аддзялення сувязі і ашчадкасы. Пасля смерці маці і мужа зусім не засталося родных у Лідзіі Мікалаеўны, бо бацька пакінуў яе з маці зусім маленькай, а сваіх дзяцей яна не нарадзіла. Кантактуе са старшынёй ветэранскай арганізацыі Дубраўкі Аленай Захараўнай Кучко, з якой былі замужам за братамі. Па ініцыятыве Алены Захараўны і вырашылі з дапамогай раённай арганізацыі “Беларускага фонду міру” ўвекавечыць памяць аб загінуўшых земляках, устанавіць помнік на брацкай магіле.

Успамінае Лідзія Мікалаеўна, што расказвалі мясцовыя, як у 70-я мінулага стагоддзя на могілкі прыязджаў нібыта сын аднаго з загінуўшых у тую ноч мужчын, “бацьку яго звалі Васіль”. Людзі казалі, што вайсковец, з Масквы. “Дык ён на гэтай магіле паставіў крыж, Бог яго ведае, дзе адшукаў, але старыя апазналі, што крыж гэты царкоўны, асвечаны, быў недзе закапаны”, – паказвае Л.М.Кучко на месца пахавання землякоў, якое тутэйшыя людзі стараюцца падтрымліваць у належным стане, але па меры старэння жыхароў вёскі зарастае і магіла – без дапамогі Лідзіі Мікалаеўны сярод шэрагу старых іншых яе і не адшукаеш.

Зараз ідзе збор сродкаў на помнік загінуўшым жыхарам, звесткі аб якіх маюцца ў гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Ушацкі раён”. Зазірніце на старонкі 337-338 – магчыма, у гэтым спісе вы сустрэнеце знаёмыя прозвішчы.

Далучыцца да высакароднай справы ўшанавання ахвяр вайны можа кожны, накіраваўшы грашовыя сродкі на спецыяльны разліковы рахунак Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” 3015411066013 у ААТ “Белінвестбанк” па Віцебскай вобласці, код 153001739, УНП 300126737.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *