Агроусадьба «Николаевский посад» присоединилась к проведению республиканской акции «День открытых дверей в белорусских усадьбах»

Калейдоскоп Личное подсобное хозяйство Экономика и малый бизнес

Сезон адпачынку ў самым разгары. За спякотным сонцам і воднымі працэдурамі зусім не абавязкова ехаць у Турцыю і Егіпет – пад бокам свае курорты. У Год гасціннасці, якім аб’яўлены 2014-ы, пытаннем асаблівай важнасці з’яўляецца развіццё аграэкатурызму ў нашай краіне, прыцягненне сюды замежных гасцей. Менавіта гэтай мэце была прысвечана рэспубліканская акцыя “Дзень адчыненых дзвярэй у беларускіх сядзібах”. Далучылася да яе і Ушаччына — ўдзельнікаў мерапрыемства гасцінна сустракала аграэкасядзіба “Мікалаеўскі пасад”.

– На Ушацкай зямлі я ўжо 20 гадоў, аграэкатурызмам жа займаюся з 2009-га, – вітаючы гасцей, расказаў гаспадар сядзібы Мікалай Дзмітрыевіч Падрэз. – Кожнае лета да нас прыязджае многа людзей, найперш – дзеці і падлеткі. Лес і возера, што знаходзяцца побач, а таксама футбольнае поле, валейбольная пляцоўка не пакідаюць ні хвіліны для суму. А некаторыя турысты прывозяць з сабой яшчэ і батут са скаладромам. Упэўнены: няма нічога лепшага за такі насычаны і, што немалаважна, здаровы адпачынак.

У “Мікалаеўскім пасадзе” даводзілася бываць не раз і падчас кожнага візіту – бачыць нешта новае: гаспадарчыя пабудовы, альтанкі, арэлі, дэкаратыўныя элементы. Вось і зараз без таго прывабная тэрыторыя сядзібы яшчэ больш папрыгажэла. Пазнаёміцца з усімі тутэйшымі “дзівосамі” прысутныя маглі на своеасаблівых тэматычных станцыях. І не толькі ўбачыць, але яшчэ і паспытаць. Гасцям былі прапанаваны дамашняе сала і каўбасы, тушонка, натуральны бярозавы сок і галоўная страва беларускай кухні – дранікі. На станцыі Мядовай духмяным прадуктам частавала гасцей сям’я Хамёнкаў з гарпасёлка. Запіць жа салодкі пачастунак можна было травяным чаем у фіта-бары ад Арэхаўскай школы. Сваёй прадукцыяй – мінеральнай вадой “Вечалле” – частаваў прысутных агароднінасушыльны завод.

Быў тут і духоўны пажытак. Прысутныя пазнаёміліся з літаратурнай выставай, падрыхтаванай работнікамі раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Е.Лось, паслухалі вершы паэтэсы Тамары Барадзёнак у выкананні аўтара, разам з творчымі калектывамі Ушаччыны выканалі любімыя песні. Шмат станоўчых эмоцый выклікалі паказальныя выступленні выхаванцаў Ушацкай ДЮСШ, а таксама работа імправізаванай ганчарнай майстэрні – на вачах ва ўсіх народны майстар Уладзімір Іванавіч Бязрукаў з куска гліны зрабіў цудоўны гаршочак.

– Вельмі цікава назіраць за віртуознымі рукамі майстра, – не хавала свайго захаплення выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Ганна Бугай. Трэба мець не толькі талент, але і шмат цярпення, каб займацца такой нялёгкай справай, бо адзін недакладны рух – і рэч не атрымаецца такой дасканалай.

Прысутныя таксама наведалі Лясную станцыю, дзе мелі магчымасць не толькі ўбачыць, але і набыць дэкаратыўныя іглічныя расліны, вырошчваннем якіх займаецца Ушацкі лясгас.

– Правядзенне такіх мерапрыемстваў павінна станоўчым чынам уплываць на прыцягненне турыстаў у наш раён, – падкрэсліла намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч. – У свеце глабалізацыі так хочацца звярнуць увагу на простыя, адвечныя каштоўнасці. Менавіта на іх заснаваны аграэкатурызм – вёска, прырода, фальклор, абрады, рамёствы і, безумоўна, душэўнасць нашых людзей. Думаю, прысутныя змаглі адчуць на сабе ўсе лепшыя традыцыі гасціннасці ўшачан.

Гарачы летні сезон у “Мікалаеўскім пасадзе” ўжо пачаўся. Гасцей прымаюць і іншыя аграэкасядзібы Ушаччыны. Дарэчы, ёсць падставы меркаваць, што ў самы бліжэйшы час у нашым раёне іх стане яшчэ больш.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



2 комментария по теме “Агроусадьба «Николаевский посад» присоединилась к проведению республиканской акции «День открытых дверей в белорусских усадьбах»

  1. Какая же показуха, ужас то какой. Стыд один.
    Свои же и жрать приехали, и чая попили.
    начните же когда нибудь работать Ушачи, м ?

  2. И НЕ ГОВОРИТЕ…одни и те же же лица..для галочки всё устроили, лучше б туристов каких привезли или отдыхающих с санатория…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *