Портрет В.П. Сергеева

Наш современник

 Як ні дзіўна, наша чарговая гутарка пачалася не пра вытворчасць, а пра танцы. Віктар Пятровіч працягнуў газету “Культура”, у якой быў артыкул пра наш раён, у прыватнасці, пра аграгарадок Арэхаўна. “Слаба наведвае моладзь наш клуб, я ўсё думаю чаму: з-за моцнага кантролю, цаны на білеты, музыкі… Мае ўласныя дзеці на дыскатэкі ходзяць ва Ушачы і Сарочына, а не застаюцца дома”.Сергеев

Хоць і агаварыўся Віктар Пятровіч, што не прэтэндуе на дасканалае веданне гэтай тэмы, аднак столькі гіпотэз адразу вылучыў – у чарговы раз пацвердзіў, як грунтоўна, аналітычна падыходзіць да пытання, якім зацікавіўся. Многа разоў я прысутнічала на справаздачных сходах гэтага прадпрыемства і чула выступленні Сяргеева. Галоўны эканаміст Антаніна Віктараўна Смаляк падае дырэктару мноства лічбаў, а вось супастаўляць іх і атрыманыя з усіх іншых службаў любіць сам. Менавіта любіць, і кожнае яго выступленне (ніколі не па паперцы) – гэта даступны для людзей аналіз спраў з перспектывай на будучыню. І яна заўсёды ёсць! Не патанае ў лічбах і не гаворыць агульных заклі- кальных фраз, а так паднясе прыклад з іх агульнага жыцця, што больш пераконваць не трэба.

Крыху расчараваўся дырэктар, што за паўтара месяца так і не папоўнілася скрыня для лістоў ананімнага апытання – меркавалі пачуць прапановы людзей па ўдасканальванні работы канкрэтна іх службы. Аднак не адмовіўся ад ідэі: “Трэба, пэўна, навадныя пытанні было даць”. А з’явілася скрыня, бо па духу, па натуры – ён наватар. Пастаянны тэхналагічны пошук па ўдасканальванні кармлення, утрымання і матэматычны разлік, у што гэта абыдзецца, якую карысць прынясе… На стале заўсёды мноства спецыялізаваных выданняў па свінагадоўлі з закладкамі пра навінкі. І хоць з 1985 года на комплексе, тым не менш кажа, што чым больш унікае, тым больш застаецца нераскрытага. Пэўна, нездарма давалі накіраванне ў аспірантуру – грунтоўны падыход захаваўся.

Чалавек шчаслівы – калі ён на сваім месцы. Віктар Пятровіч – на сваім. У юнацтве не існавала ваганняў – кім быць. З дзяцінства настолькі любіў розную жыўнасць, што Віцебскі ветэрынарны інстытут быў адзіным у выбары вышэйшай установы. На спецыялізацыю ж паўплывала пошукавая, наватарская жылка: дыпломную работу ён піша на кафедры генетыкі і развядзення, атрымлівае дыплом “з адзнакай” і права выбару месца працы.

А ў рэспубліканскім “Племжыўаб’яднанні” просіць накіраваць яго ў Віцебскую вобласць, хацелася быць бліжэй да бацькоў. Ад прапанаванай пасады дырэктара племстанцыі аднаго з раёнаў адмовіўся – без вопыту работы вучыць іншых лічыць няправільным, так і апынуўся ў Бешанковічах. А вось Ушачы на карце лёсу паўсталі зусім выпадкова. Калі, адслужыўшы ў арміі, знаходзіўся дома, прыйшлі “купцы”. Чалавек з бародкай (Анатоль Сяргеевіч Рубіс) прасіў бацькоў, каб сын толькі прыехаў і паглядзеў. Ён прыехаў. Комплексаў на той час у краіне было мала, у вобласці – адзінкі, таму зацікавіўся – і застаўся. Спачатку начальнікам цэха, потым тэхнолагам, галоўным заатэхнікам.

Былі і на той час перспектыўныя жывёлаводчыя прадпрыемствы блізка ля гарадоў, аднак іх агні Віктара Пятровіча ніколі не вабілі. Таму ні разу не пашкадаваў, што адмовіўся ад аспірантуры і што жыве на вёсцы. “На асфальце я хутка стамляюся, а вось на зямлі адпачываю, нават калі працую. Таму і гаспадарку трымаю, што жывёла стрэс здымае. Паназіраеш за трусамі, індыкамі – і быццам халодны душ прымеш – стомленасць праходзіць”.

Сваю падсобную гаспадарку ён і называе не інакш, як аматарская жывёлагадоўля. Бо галоўнае для яго – не выгада, а задавальненне, цікавасць назірання за развіццём жывога і такога рознага. Па гэтай жа прычыне выпісвае розныя экзатычныя сарты кветак, невялікі палісаднік ў Арэхаўне пастаянна ў квецені, ды і тэрыторыя комплексу ўжо не саступае. І, галоўнае, што дырэктарскую ідэю ахвотна падтрымалі работнікі, сёння ўжо ўсе нясуць з дому насенне і імкнуцца, каб кветнік іх цэха вылучаўся.

Усё, што з’яўляецца нашым укладам, характарам, зарадзілася далёка ў дзяцінстве. Дом у невялікай на сёння вёсцы Шумілінскага раёна патанаў у кветках. Ніколі не куплялі бацькі мясных прадуктаў, бо сям’я ўчастковага міліцыянера (сачыў за парадкам паловы раёна) і настаўніцы пачатковых класаў Сяргеевых заўсёды трымала вялікую гаспадарку. А ў траіх дзяцей было размеркаванне абавязкаў таксама пераважна схільнасцям. Малодшы Віктар з сямі гадоў поўнасцю займаўся развядзеннем курэй, устройваў баі пеўняў, трымаў галубоў і, канечне, карміў трусоў.

Сёння ўжо няма бацькоў, аднак ёсць дом, які аб’ядноўвае сем’і двух братоў і сястры. Усе з вышэйшай адукацыяй, брат – інжынер, сястра – настаўніца, жывуць у родным раёне. Працягваецца той працоўны ўклад, які прывілі бацькі. І пры прыняцці рашэнняў, якія не заўсёды даюцца хутка і лёгка, Віктар Пятровіч таксама азіраецца на іх. Асабліва калі гэта рашэнне звязана з лёсамі людзей. На комплексе ведаюць, што нават гультая не звольнілі, не даўшы шансу выправіцца. Ну а спецыялісты на прадпрыемстве працуюць адны і тыя ж гадамі. Віктар Пятровіч перакананы, што самы лепшы прынцып у рабоце з людзьмі – “падбірання ключоў”. Няма гарантыі, што новы работнік будзе лепшым, таму трэба вучыць кадры і знаходзіць падыходы, каб чалавек хацеў працаваць з поўнай аддачай.

Акрамя гэтага – ён тонкі псіхолаг. Усіх сваіх людзей, нават простых рабочых добра ведае. Бо мала таго, што сам цікавіцца справамі, дык не пакідае без увагі і заўвагі людзей, дасканала ведае іх моцныя і слабыя бакі.

В.КАРАЛЕНКА.
 
 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *