Па словах Івана Іванавіча Шамшуры, брыгадзіра дрэнажнай брыгады Ушацкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, Гарадок і яго наваколле ўяўляюць зараз вялізную будаўнічую пляцоўку. Яно і не дзіўна, бо гэты райцэнтр Віцебшчыны рыхтуецца да свята “Дажынкі”. Цяжка нават пералічыць усе занятыя на будаўнічых аб’ектах арганізацыі, таму асабліва прыемна, што менавіта ўшацкія меліяратары аднымі з першых выканалі неабходныя аб’ёмы работ з адзнакай “выдатна”.
Два месяцы працавала брыгада на рэканструкцыі меліярацыйных сістэм. Акрамя іх ў камандзіроўку былі накіраваны і трактарысты, машыністы аднакаўшовых экскаватараў – усяго 15 чалавек з Ушацкага ПМС займаліся навядзеннем парадку на прылягаючых да Гарадка тэрыторыях. Вялі работы па ачыстцы меліярацыйных сістэм ад заглейвання, выдалялі кустоўе, выканалі комплекс аграмеліярацыйных работ на плошчы звыш 30 гектараў. У выніку за непрацяглы перыяд асвоілі каля 380 мільёнаў рублёў, яшчэ раз пацвердзілі свой прафесіяналізм і ўмацавалі аўтарытэт арганізацыі.
“Хлопцы, збярыцеся на хвілінку”, – кліча І.І.Шамшура работнікаў брыгады, якіх напярэдадні прафесійнага свята меліяратараў я знайшоў ужо ў родным раёне, на ўскрайку меліяраванага поля за вёскай Вацлавова на работах па рэканструкцыі сістэмы. Праз некалькі імгненняў ля адкрытай траншэі з дрэнажнымі трубамі сабраліся ўсе – машыніст шматкаўшовага экскаватара Васіль Васільевіч Пугач, памочнік машыніста Пётр Аркадзьевіч Дук, трубаўкладчыкі Генадзь Анатольевіч Камаркоў і Уладзімір Аляксеевіч Лявонцьеў, трактарыст Аляксандр Аляксеевіч Кірышчанка. Кожны з іх паасобку, і тым больш разам – надзейная апора сваёй арганізацыі.
Расказалі мне працаўнікі, што ў камандзіроўцы выконвалі работы звыш 8 гадзін у дзень, даводзілі аб’екты і ў выхадныя. Прыстасоўвацца да любых прыродных умоў яны даўно прывыклі. Прыемна, калі твая праца – няхай яна вядома толькі табе, калегам і блізкім людзям – радуе вока ўсім.
Нешматслоўныя і сціплыя мужчыны працуюць у гэтай брыгадзе, і хоць асноўная іх работа – сезонная, але і зімой не сядзяць без справы. І маладому майстру Яўгену Алегавічу Бурылаву працаваць, набірацца прафесійнага вопыту ля іх таксама прасцей. Работнікі надзейныя, неаднаразова адзначаліся адміністрацыяй прадпрыемства і кіраўніцтвам КУП “Віцебскмеліявадгас”. І той факт, што сёлета І.І.Шамшура заняў у вобласці трэцяе месца ў намінацыі “брыгадзір дрэнажнай брыгады”, ён лічыць заслугай усёй сваёй невялікай, але дружнай і высокапрафесійнай каманды.
Д.РАМАНОЎСКІ.