Ушачская милиция ведёт борьбу с самогонщиками и незаконными торговцами спиртными напитками

Закон - один для всех Правовая консультация

Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь прызнана самай алкагалізаванай краінай свету. У сярэднім за год беларускі мужчына выпівае 27,5 літра чыстага спірту. На кожнага жыхара нашай краіны, пачынаючы з 15-гадовага ўзросту, даводзіцца па 17,5 літра алкаголю (для параўнання: у свеце гэты паказчык – 6,2 літра).

Асноўным грузам на печань беларусаў кладуцца моцныя спіртныя напоі, у тым ліку нелегальны самагон. Да магчымых рэалізатараў апошняга мы накіраваліся нядаўна з супрацоўнікамі райаддзела міліцыі ў адну з вёсак Жарскага сельсавета.

Тое, што Сідаравы (прозвішча зменена) гоняць самагон, “чужаку” здагадацца практычна немагчыма: прыстойная сям’я, шыкоўны дом, дагледжаны дворык, свая падсобная гаспадарка. Рассакрэціць жа незаконную дзейнасць гэтай ячэйкі грамадства на ніве службы Бахусу вырашыў адзін з мясцовых жыхароў. Калі да Сідаравых наведаліся супрацоўнікі міліцыі, тыя не сталі шукаць адгаворак – добраахвотна выдалі два самагонныя апараты і 76 літраў брагі, патлумачыўшы, што атрыманы ў перспектыве самагон планавалі выкарыстаць выключна для ўласных патрэб. Такая “добразычлівасць” грамадзян, вядома ж, не стала падставай рабіць у адносінах іх “скідку” – брага і апараты знішчаны, а на гаспадара дома складзены адміністрацыйны пратакол.

Самагонны апарат і бітон каламутнай вадкасці з характэрным пахам знайшлі ў доме жыхаркі гэтай жа вёскі. Працуе, даглядае пажылую маму, трымае гаспадарку – і, як высветлілася, яшчэ час для сумніўных заняткаў знаходзіць: выдзеліла цёплы куточак ля печы для бітона і чакае гатоўнасці яго змесціва. Па словах грамадзянкі, брагу паставіла да свята, якое мае адбыцца ў сям’і, і збываць не збіралася.

Слёзную оду самагоннаму апарату склала жанчына, даведаўшыся аб неабходнасці яго знішчэння. Несучы сякеру для гэтых мэт, ішла як на Галгофу. І ўсё ж скруха пасля провадаў у апошні шлях “сябра і памочніка” хутка прайшла: жанчына прыгадала, што ўмее гнаць самагон яшчэ і на тазіках. Калі ж праваахоўнікі пачалі выліваць яе “смачную, зробленую з любімага варэння” брагу, грамадзянка зноў засумавала. А пасля складання ў адносінах яе адміністрацыйнага пратакола асцярожна пацікавілася ў супрацоўнікаў міліцыі аб магчымасці чарговых праверак у бліжэйшы час.

Увогуле, алкагольныя мінізаводзікі дзейнічаюць тут ледзьве не ў кожным другім доме. На жаль, не думаюць грамадзяне пра тое, што сваімі рукамі руйнуюць спакой у сем’ях знаёмых, сяброў, родных, а часам, увогуле, ставяць пад пагрозу іх жыцці…

Варта нагадаць, што заканадаўствам нашай краіны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за выраб і набыццё моцных алкагольных напіткаў (самагону), паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі), захоўванне самагонных апаратаў, а таксама за захоўванне больш пяці літраў самагону ці 30 літраў брагі. “Героі” нашага аповеду ўжо атрымалі заслужанае пакаранне. Не станавіцеся наступнымі!

К.КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *