Состоялась 43-я отчётно-выборная конференция Ушачской районной организации ОО «БРСМ»

В общественных организациях Образование и молодежь

Моладзь гучна заяўляе пра сябе: вызначаецца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, разам з усёй краінай вырашае грамадска-палітычныя, эканамічныя задачы. Пра гэта ішла гаворка на 43-й справаздачна-выбарнай канферэнцыі Ушацкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, якая прайшла на мінулым тыдні ў РДК.

Удзел у канферэнцыі прынялі 72 дэлегаты з усіх пярвічак БРСМ раёна. У сваім справаздачным дакладзе выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Ганна Бугай адзначыла, што за апошнія тры гады ў рады арганізацыі ўступілі 323 юнакі і дзяўчыны. Усяго ў раёне створана 50 пярвічных арганізацый, у якіх налічваецца 564 члены. Сваю работу раённы камітэт БРСМ ажыццяўляе ў цесным супрацоўніцтве і пры падтрымцы райвыканкама, кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый. Праводзіцца актыўная работа па патрыятычным выхаванні моладзі, развіцці яе творчых здольнасцей, фарміраванні здаровага ладу жыцця, прафілактыцы правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі, арганізацыі вольнага часу. За адзначаны перыяд прайшло шмат мерапрыемстваў, акцый, конкурсаў, спаборніцтваў з удзелам моладзі Ушаччыны. Не засталіся БРСМ-аўцы ўбаку ад правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў – прадстаўнікі саюза ўваходзілі ў склад выбарчых камісій, былі назіральнікамі на ўчастках для галасавання. За ўдзел у рэалізацыі акцый і праграм грамадскага аб’яднання самыя актыўныя пярвічныя арганізацыі – Ушацкай, Арэхаўскай і Глыбачанскай сярэдніх школ, раённай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах, ААТ “Ільюшынскі”, раённага аддзела ўнутраных спраў і райаддзела па надзвычайных сітуацыях – узнагароджаны граматамі райкама БРСМ.

З дакладам аб дзейнасці раённых кантрольнай і мандатнай камісій Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі выступілі іх старшыні Віялета Перапечка і Наталля Бугай. Аб рабоце сваіх пярвічак расказалі Ганна Герцык (Ушацкая школа), Іван Клотчанка (аддзел унутраных спраў).

Намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч заклікала маладых людзей быць актыўнымі і ініцыятыўнымі, рабіць жыццё арганізацыі цікавым і насычаным. За патрыятычныя акцыі ў падтрымку ветэранаў, за клопат і догляд помнікаў і месцаў воінскіх пахаванняў выказаў падзяку актывістам маладзёжнай арганізацыі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі У.М.Малаткавец. Першы сакратар абласной арганізацыі БРСМ Ю.А.Бутар акрэсліла накірункі работы з моладдзю ў раёне, указала на моманты, над якімі трэба папрацаваць, у прыватнасці, прапанавала актывізаваць работу па другаснай занятасці юнакоў і дзяўчат у вольны ад вучобы час, увесці ў практыку правядзенне конкурсаў прафесійнага майстэрства моладзі.

Дэлегаты канферэнцыі прызналі работу раённага камітэта за справаздачны перыяд здавальняючай і вырашылі працягваць рэалізацыю асноўных праектаў і праграм Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Падчас канферэнцыі быў выбраны новы састаў раённага камітэта БРСМ, раённай кантрольнай камісіі, вылучаны дэлегаты на абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю і прыняты зварот да моладзі раёна.

Закончылася мерапрыемства канцэртам, падрыхтаваным работнікамі раённага Дома культуры.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *