Распаўсюджанне баршчэўніку Сасноўскага – асноўная экалагічная праблема Ушаччыны. Па апошніх даных у раёне каля 450 гектараў плошчаў забруджана гэтым пустазеллем. Сёлета на барацьбу са шкоднай раслінай з раённага бюджэту выдзелена 200 мільёнаў рублёў: тры чвэрці гэтай сумы прызначана на закуп хімічных прэпаратаў, астатнія грошы пойдуць на аплату за выкананне работ. Па прыкладных падліках, набытых гербіцыдаў
Барацьба з распаўсюджваннем баршчэўніку павінна весціся сістэмна і комплексна – аб гэтым ішла гаворка на нарадзе, якую правёў на бягучым тыдні першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча А.А.Чэрнікаў. Старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі землеўпарадкавальнай і экалагічнай службаў, землекарыстальнікі, на тэрыторыях якіх маюцца буйныя ачагі росту шкоднай культуры, абмяняліся меркаваннямі, атрымалі канкрэтныя даручэнні і рэкамендацыі наконт таго, якія спосабы барацьбы варта прымяняць на пэўных тэрыторыях.
Асноўная сіла ў барацьбе з баршчэўнікам – сельгаспрадпрыемствы. Як вядома, у пазамінулым годзе для кожнага з іх быў набыты ранцавы бензаматорны апырсквальнік, з дапамогай якога зручна апрацоўваць гербіцыдамі невялікія рознарэльефныя ўчасткі. Ну а на вялікіх і адносна роўных мэтазгодна выкарыстоўваць трактарныя прычапныя апырсквальнікі, з дапамогай якіх у гаспадарках вядуць хімпраполку. Яшчэ адзін, найбольш аптымальны варыянт – пераараць тэрыторыю і засеяць сумесямі кармавых культур. Экалагічная служба распрацавала для кожнай гаспадаркі канкрэтныя рэкамендацыі па ўвядзенні ў севазварот прыдатных для гэтага забруджаных участкаў, аднак, на жаль, сельгаспрадпрыемствы пакуль не спяшаюцца пераўтвараць іх у жыццё і аддаюць перавагу хімічнай апрацоўцы і скошванню. Гэту работу ўжо пачалі ў “Агра-Селішчы” і “Вялікадолецкім”, неабходна актывізавацца і астатнім гаспадаркам.
Тое ж самае датычыцца іншых землекарыстальнікаў – лясгаса, ПМС, камунальнай і дарожнай службаў, органаў мясцовай улады, якія адказваюць за знішчэнне баршчэўніку на тэрыторыях агульнага карыстання. Павінны сачыць за тым, каб не зарасталі іх прысядзібныя ўчасткі, і грамадзяне. Дарэчы, за непрыняцце мер па абмежаванні распаўсюджвання баршчэўніку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Прычым, прыцягваць да яе землекарыстальнікаў могуць не толькі прыродаахоўнікі, але і органы мясцовай выканаўчай улады.
І.ПАДГОЛ, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
***
Прыгожыя мясціны на Мосаршчыне. Вось толькі апошнім часам аблюбаваў іх злодзей-баршчэўнік. Так атрымалася, што дбайнага гаспадара ў асобе моцнага сельгаспрадпрыемства тут зараз няма, ну а жыхары наваколля ў большасці людзі пажылыя. Адным словам, сітуацыю можна лічыць крытычнай…
Аднак знайшліся два нераўнадушныя чалавекі, якія аб’ядналіся ў маленькую валанцёрскую каманду па вызваленні мосарскіх зямель ад “зялёнага захопніка”. Уладзімір Уладзіміравіч Шкіндзер і Васіль Сцяпанавіч Казьянін хоць жывуць ва Ушачах, аднак часта прыязджаюць у гэтыя мясціны на рыбалку.
– Балюча бачыць, як зарастаюць берагі цудоўных тутэйшых азёр, як расліна захоплівае ў палон навакольныя вёскі, вось і захацелася даць ёй бой, – расказваюць мужчыны.
Змагацца з баршчэўнікам вырашылі радыкальным спосабам, тым больш што май – гэта месяц, калі можна найбольш дзейсна весці хімічную апрацоўку забруджаных тэрыторый, бо гербіцыды варта распырскваць на расліну, пакуль яна не дасягнула вялікіх памераў. Звярнуліся ва Ушацкі райаграсэрвіс, дзе іх ініцыятыву падтрымалі – выдалі апырсквальнік і хімпрэпарат, правялі інструктаж. Ну а патрэбныя для работы бензін, рэспіратары і спецадзенне мужчыны набылі за ўласныя сродкі. Працавалі некалькі дзён, у сонечнае надвор’е пачыналі работу а пятай гадзіне раніцы. Вынікам гэтай акцыі сталі 4,5 гектара апрацаваных гербіцыдам ачагоў баршчэўніку ў раёне вёсак Мосар і Белае.
– Калі нічога не рабіць, хутка зарасцём па самыя вушы, – разважаюць Уладзімір Уладзіміравіч і Васіль Сцяпанавіч. – Нельга апускаць рукі або чакаць “добрага дзядзьку” з гербіцыдам ці касой – тым больш што гэты няхітры інструмент ёсць амаль у кожным двары, а скошваецца малады баршчэўнік лёгка: калі разы тры за лета прайсціся па ўласным падвор’і навакольнай тэрыторыі, расліна не распаўсюдзіцца і не нанясе шкоды.
Ну а сваю дзейнасць па знішчэнні баршчэўніку мужчыны плануюць працягваць. Калі ж хтосьці з ушачан захоча далучыцца да іх каманды, каардынаты яе ўдзельнікаў можна атрымаць у рэдакцыі.
Н.БАГДАНОВІЧ.
Малайцы!!!! Каб больш такiх сумленных i неабыякавых людзей…
А нікому не здаецца, што займацца вынішчэньнем баршчавіку павінна займацца дзяржава? Калі не памыляюся, культываваць гэтую расьліну калгасы пачалі па прымусе зьверху. Што, на розную паказуху накшталт пакосу травы паабапал дарог грошай хапае, а на карысную справу не?
Это напоминает произведение Сервантеса и его Дон Кихота который боролся с ветряными мельницами