

І вось па традыцыі на прыгожы белы ручнік ступаюць жаніх Іван Уладзіміравіч Салавей і нявеста Людміла Мікалаеўна Малафей. Пачынаецца ўрачыстая цырымонія. Як заўжды, яна вельмі хвалюючая і чуллівая, даволі змястоўная, з мноствам прыемных і сімвалічных абрадавых акалічнасцяў.
Канечне, падчас уручэння першага сямейнага дакумента – пасведчання аб заключэнні шлюбу – А.М.Малашчанка зрабіла акцэнт на тым, што ў кнізе рэгістрацыі актаў аб заключэнні шлюбу зроблены запіс за нумарам 100, і гэтая ўрачыстая рэгістрацыя з’яўляецца юбілейнай, а таму яна ўтрымлівае мноства сюрпрызаў і нечаканасцяў. Павіншаваць маладых у гэты святочны для іх дзень прыйшла намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская. Цёплымі словамі і шчырымі пажаданнямі яна віншавала маладажонаў і давала ім карысныя парады для доўгага сумеснага жыцця. Старшыня Ушацкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.В. Пашковіч паднесла маладым падарунак – набор посуду – з нагоды юбілейнай рэгістрацыі шлюбу. А спецыялісты КУСГП “Вялікадолецкае”, дзе працуюць маладыя, падарылі сваім работнікам каляровы тэлевізар. Уручалі падарунак у загсе галоўны бухгалтар гаспадаркі В.В.Станкевіч і інжынер А.М.Васілевіч.
Канечне, гэта ўсё прыемна дапоўніла ўрачыстасць і стала адчувальнай дапамогай маладой пары на пачатку сумеснага жыцця. А самы галоўны падарунак цяпер ужо маладой сям’і Салавей зрабіла КУСГП “Вялікадолецкае” – выдзелены новы дом для шчаслівага і доўгага сямейнага жыцця.