В Ушачской центральной районной больнице ввели в эксплуатацию новый лифт

Общество

У красакавіку ўшачан чакала прыемная навіна – у цэнтральнай раённай бальніцы запрацаваў ліфт. “Неабходнасць яго будаўніцтва наспела даўно, – расказвае галоўны ўрач медустановы Мікалай Мікалаевіч Каспіровіч. – Адсутнасць названага механізму – нязручнасць не толькі для пацыентаў, але і для медыкаў, якія штодня дапамагалі хворым пераадольваць лесвічны маршрут, а некаторых увогуле заносілі на патрэбны паверх на руках. З увядзеннем у дзеянне ліфта гэтая праблема была знята. Літаральна штодзень даводзіцца чуць пазітыўныя водгукі тых, хто ўжо паспеў на сабе ацаніць вартасці новага механізму”.

Неаднаразова да нас у рэдакцыю, непасрэдна ў райбальніцу і райвыканкам звярталіся грамадзяне, якія цікавіліся тэрмінамі ўстаноўкі ліфта. Між тым, перад пачаткам гэтых работ трэба было скласці праектна-каштарысную дакументацыю, правесці электронны аўкцыён па выбары спецыялізаванай арганізацыі. На ўстаноўку ліфта быў затрачаны 671 мільён рублёў, выдзеленых з раённага бюджэту.

Варта падкрэсліць, што любы жадаючы самастойна пракаціцца на новым ліфце не зможа – для гэтага ў ЦРБ ёсць цэлы штат спецыялістаў, работнікаў прыёмнага пакою, якія прайшлі спецыяльнае навучанне і праверку ведаў для допуску да работы ў якасці ліфцёраў. Працуюць яны кругласутачна, могуць перавозіць і ляжачых пацыентаў, і грузы, падтрымліваюць кабіны ў чысціні.

Прасторная светлая кабіна ліфта абсталявана поручнем. Механізм працуе ціха, без істотных вібрацый – перамяшчэнне адбываецца практычна неадчувальна. У бліжэйшыя дні ў прыёмным пакоі з’явіцца камп’ютар, на які ў рэжыме он-лайн будзе паступаць інфармацыя аб выкліку ліфта.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *