Содержите своих домашних животных уважая интересы других

Выясняем ситуацию Калейдоскоп Правовая консультация

У звычайны дзень Рой пабег за гаспадаром, аднак адстаў і прытуліўся ў двары дома па Ленінскай,16. А дакладней, ля магазіна “Баця”, дзе працуе гаспадыня. Добра ведалі ўкормленага пародзістага Роя і наведвальнікі, у сваёй большасці – жыхары гэтага дома. Яны і паведамілі, што на ганку ў канвульсіях б’ецца сабака. Перапалоханая гаспадыня звярнулася ў ветстанцыю, спрабавала выратаваць чатырохногага сябра – не ўдалося. Яго ўсыпілі работнікі камунгаса. У той дзень дапамогу аказвалі і хлопчыку, які зайшоў да маці на работу са школы і аказаўся сведкай смерці свайго Роя. У сям’і сабака пражыла 8 гадоў.

Грэя добра ведала асабіста. Сабака маіх сваякоў з’явіўся ў доме шчанём і пражыў больш дзесяцігоддзя. Ён ездзіў з імі ў лес, на рыбалку, сябраваў з курамі і знішчыў усіх кратоў, спакойна сустракаў ля брамкі мяне, аднак быў надзейным вартаўніком ад чужых. У адзін з дзён гаспадыня ледзь супакоіла раз’юшанага Грэя, які кінуўся на суседскага ўнука.

Думаю, вы зразумелі, чаму прыгадала гэтыя два нявыдуманыя выпадкі, па кожным з якіх у розных бакоў былі свае важкія аргументы і свая праўда. Сабака становіцца сябрам, членам сям’і гаспадарам, аднак застаецца жывёлай, якая ў любую хвіліну можа прымяніць клыкі супраць некага другога.

– Калі размова ідзе паміж людзьмі і жывёлай, я заўсёды выступаю на баку людзей. Здаецца, гэта не патрабуе каментарыяў. І менавіта таму хачу нагадаць нашым уладальнікам сабак і катоў, што калі вы любіце іх, то прытрымлівайцеся правілаў утрымання. Разбірацца, маюць яны гаспадароў ці не, работнікі камунгаса не будуць. Усе, хто будзе бегаць па вуліцах без суправаджэння гаспадароў, будуць усыпляцца, – пазіцыя намесніка дырэктара УП ЖКГ Д.С.Шасцярня ў гэтым пытанні адназначная. І хоць у гэтай справе ёсць і этычны бок, тым не менш усе мы пагодзімся, што інтарэсы людзей сапраўды на першым плане.

– Апошні раз гаспадары рэгістравалі сваіх сабак у 2009 годзе, і некалькі выпадкаў – сёлета. Гэта значыць, што ў нас у раёне практычна ўсе сабакі ўтрымліваюцца незаконна. Часта чуеш у адказ: я не ведаў, што гэта нельга. Што па горадзе можна выгульваць сабаку толькі на павадку і ў намордніку. Што ў кватэры можна трымаць не больш двух сабак. Што трымаць сабаку патэнцыяльна небяспечных парод можна толькі, калі ўладальнік мае адпаведнае пасведчанне. А калі б рэгістравалі жывёлу, то ведалі, паколькі ўладальнік пры рэгістрацыі абавязкова знаёміцца з правіламі ўтрымання. Нярэдка можна ўбачыць падлетка, які выгульвае аўчарку, – ды яна аднясе яго куды захоча, і ён нічога не зможа зрабіць.

Ну і напэўна не ўлічваем мы, заводзячы катоў і сабак, меркаванні суседзяў, якія мабыць зусім не любяць жывёлу. І адна справа, калі гэта проста не супадае з іх інтарэсамі, і зусім іншая, калі пагражае здароўю.

– У нас шмат добрых людзей, якія падкормліваюць катоў і сабак у падвалах дамоў. Латочкі і місачкі можна ўбачыць на Ленінскай 2, 16, 19, Дзяржынскага, 12, Фрунзе, 30, а ў Вяркудах, Глыбачцы, Арэхаўне, Ільюшыне яны бегаюць нават па тэрыторыі дзіцячых садоў, – працягваў фактурны рад Д.Шасцярэнь. І цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі ўжо выяўлена наяўнасць блох у падвале таго ж дома №19 па вуліцы Ленінскай, разносчыкамі якіх з’яўляюцца менавіта каты. – Прыводжу ўсе гэтыя факты, каб папярэдзіць, каб потым не жаліліся, маўляў, гэта мой хатні кот або сабака. Калі ваш – калі ласка, вазьміце яго дамоў, калі не – развітайцеся. Дарэчы, зграі бадзяжных сабак таксама не з’яўляюцца ніадкуль. Гэта ці маючыя гаспадара, ці кінутыя імі. І канечне, усім трэба зарэгістраваць гадаванцаў, звярнуўшыся ў разліковы цэнтр камунгаса, які знаходзіцца ў лазні, заплаціць вызначаную суму, атрымаць жэтон, які мацуецца на ашыйніку. Дарэчы, за грошы, якія не паступаюць ад рэгістрацыі, і абсталёўваюцца месцы выгулу сабак. У нас яно адведзена, – паміж лазняй і кацельняй, аднак з-за адсутнасці сродкаў пакуль не абсталявана як след.

– Калі б на Роі быў такі жэтон, яго б не ўсыпілі? – пытаюся ў прадстаўніка камунгаса.

– Так, калі на ашыйніку замацаваны адпаведны жэтон, па нумары на ім мы лёгка знойдзем уладальніка і перададзім сабаку. Штраф за неналежны догляд гаспадар атрымае, але яго любімец будзе цэлы. У адваротным выпадку мы не будзем шукаць гаспадароў, нават калі і бачна, што сабака пародзістая і дагледжаная.

Хачу нагадаць, што ніхто ў судзе не стане высвятляць, па якіх прычынах ваш гадаванец аказаўся на волі і наскочыў, напужаў або, крый Бог, пакусаў прахожага. Штраф вас будзе чакаць у любым выпадку за непрыняцце адпаведных мер па доглядзе, а яго памер ужо залежыць ад таго ўрону, які паспеў нанесці гадаванец. Мы не можам прадбачыць усяго, скажаце вы. На гэты выпадак можна скарыстацца асобым відам страхавання, калі вы страхуеце сябе ад непрадбачаных учынкаў вашых сабак, катоў, кароў ці яшчэ некага. Дарэчы, правілы ўтрымання жывёл у кватэрах і прыватных дамах таксама істотна адрозніваюцца. Прачытайце іх і пачніце ўтрымліваць жывёлу, паважаючы інтарэсы іншых.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *