В КУСХП «Великодолецкое» на посевные работы мобилизированы все ресурсы

Сельское хозяйство

Абумоўлены надвор’ем ранні старт палявых работ некалькі “пашырыў” аптымальныя рамкі завяршэння пасяўной кампаніі. Здаецца, што гэта на карысць гаспадаркам, аднак паўсюдная смага, якой “хварэе” глеба, – суцэльны вялікі мінус. Таму вельмі важна злавіць момант, адсеяцца ў мінімальна магчымыя тэрміны.

– Сёння яшчэ нічога, – кажа Рыгор Філімонаў, механізатар КУСГП “Вялікадолецкае”. – Паглядзеў бы ты, якія клубы пылу ўздымаліся за сеялкай учора, калі быў вецер!

Сустрэча наша адбылася яшчэ да дажджоў, у пачатку тыдня. Памеры палеткаў ля Есяновікаў з дарогі на Вялікія Дольцы не бачны, а вось калі заедзеш з боку малочнатаварнай фермы “Міхалкаўшчына”, то позірку адкрываюцца ўсё новыя і новыя плошчы. Пры гэтым, будучыя ўчасткі ячменю знаходзяцца ў розных месцах – тут шмат узгоркаў, раздзеленых нізінамі, дзе нават магутны МТЗ-3022 Аляксандра Александрова без спараных задніх колаў не пацягне вялікі шасціметровы пасяўны агрэгат. Скончыўшы чарговы круг, Аляксандр Пятровіч пад’язджае да бункера “Палесся” Р.Філімонава загружаць насенне. Пратручанае зерне ячменю на поле падвозіць на МТЗ-82 Дзмітрый Паршонак. Справа ў тым, што захоўваецца яно ў касарскіх складах, куды “цеплавозу”, як жартоўна называе свой ціхаходны комплекс Р.Філімонаў, ехаць прыйдзецца доўга. Таму для таго, каб пасяўны агрэгат не прастойваў ні хвіліны, задзейнічалі яшчэ адну адзінку тэхнікі і рабочага Дзмітрыя Лася, які перасыпае зерне з прычэпа ў бункер.

У “Вялікадолецкім” менавіта ячмень з’яўляецца сёлета асноўнай яравой зерневай культурай, якая зойме плошчу ў 999 гектараў. Авёс у структуры пасяўных плошчаў гаспадаркі не запланаваны, а яравую пшаніцу ў гэты дзень ва ўрочышчы Ліставатка, што ля Царкавішча, сеяў Сяргей Філімонаў. Насенне да яго пасяўнога агрэгата з цэнтральнай сядзібы гаспадаркі падвозіў Юрый Альбіновіч на “Палессі”. Непадалёк грукатаў трактар Юрыя Казачонка, які ўзворваў глебу. Участкі тут у адрозненні ад тых, дзе завіхаецца А.Александроў, больш роўныя.

– Бліжэй да дарогі калісьці агароды людскія былі, – успамінае Ю.Альбіновіч, які родам адсюль, з Царкавішча. – А плошчы такія сталі пасля меліярацыі, раней бы з-за кустоў Сяргея не ўбачылі.

Здалёк назіраем, як С.Філімонаў на некалькі хвілін спыніўся, агледзеў тэхніку з усіх бакоў, штосьці падправіў і па-гаспадарску накіраваўся ў кабіну свайго вялікага МТЗ-3022. Трактар паехаў далей, суправаджаемы хмарай птушак, якія садзіліся на свежаапрацаваную глебу.

Яе падрыхтоўкай у гаспадарцы займаліся Мікалай Хамёнак на энерганасычаным МТЗ-3022 з дыскатарам АД-600, Андрэй Паршонак на МТЗ-1221 з чызелем і Сяргей Алексяёнак – яго МТЗ-1221 з БДТ “круціўся” на дробнаконтурных участках у маладолецкай частцы гаспадаркі.

Па словах галоўнага агранома прадпрыемства Аляксандра Віктаравіча Зенюка, акрамя ячменю і пшаніцы (300 гектараў) вялікадолецкім механізатарам сёлета неабходна пасеяць яшчэ 240 гектараў сумесі вікі з пшаніцай, 100 гектараў рапсу, 400 – кукурузы. Заданні сур’ёзныя, але трэба адзначыць, што канцэнтрацыя намаганняў гаспадаркі на сяўбе не азначае адсутнасць увагі да іншых работ. Паралельна вядзецца вываз арганікі, падкормка азімых зерневых культур і шмат чаго іншага, але не менш важнага. Для ачысткі тэрыторый жывёлагадоўчых аб’ектаў створаны механізаваны атрад. Віктар Бука на новым “Амкадоры” грузіць прычэпы чатырох МТЗ-82, а Сяргей Вусько, Пётр Падворны, Генадзь Качан і Сяргей Паршонак вывозяць арганіку на палі. Ды і наогул, на мехдвары ў гэты час можна застаць толькі няспраўную тэхніку, бо работы вясной хапае ўсім, нават тым, хто за руль не садзіцца. На полі ля Папоўкі працаўнікі гаспадаркі ўбіралі каменне. Сюды, як кажа дырэктар прадпрыемства Іван Піліпавіч Дарошчанка, “пасля ўсеагульнай “мабілізацыі” трапілі працаўнікі гаспадаркі, якія часова не задзейнічаны на сяўбе або на аб’ектах жывёлагадоўлі – тэхніку і людзей у “Вялікадолецкім” выкарыстоўваюць з максімальнай карысцю.

Больш трыццаці гектараў за дзень сеюць і А.Александроў, і С.Філімонаў. Аб’ёмы залежаць ад контурнасці палёў, даўжыні перагонаў, надзейнасці тэхнікі. Работы выконваюцца якасна, бо механізатары вопытныя, стаж кожнага на хлебнай ніве налічвае амаль тры дзясяткі гадоў. Работы працягваюцца ўвесь светлавы дзень, а дадому сейбіты вяртаюцца пры свеце фар.

У адрозненне ад глебы, шчыруючым на ёй працаўнікам голад і смага не пагражаюць. Абед “прыехаў” па раскладзе, а прывёз яго асабіста дырэктар гаспадаркі. Класічны набор страў, але некласічна вялікія порцыі. На вока – вельмі апетытныя. І так двойчы на працягу палявога дня: гарачы абед, потым гарачы падвячорак. Ды і дні зараз у вялікадолецкіх хлебаробаў незалежна ад надвор’я вельмі гарачыя.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *