Жители агрогородка Ореховно с помощью сельисполкома привели в порядок деревенское кладбище

Благоустройство Экономика и малый бизнес

Моцныя вятры, якія працяглы час гулялі па Беларусі, не мінулі аграгарадок Арэхаўна. Пацярпеў могільнік, дзе вецер паваліў дрэвы, наламаў сучча. Нейкім цудам уцалелі помнікі на магілах, але дабрацца да многіх было немагчыма: вось-вось гатова было ўпасці нахіленае дрэва, сукі захламлялі праходы. Куды звярнуцца па дапамогу? Вядома – да мясцовай улады. І старшыня сельсавета Людміла Яўгенаўна Птушка арганізавала суботнік. Начальнік участка УП ЖКГ Віктар Міхайлавіч Шыркевіч накіраваў рабочых на ліквідацыю наступстваў стыхіі.

Ад імя ўсіх жыхароў аграгарадка мы кажам дзякуй Алегу Птушку, які ўмела, па-гаспадарску спілаваў старыя, яшчэ не паваленыя дрэвы, парэзаў іх і ўвесь павал. Засталося толькі ачысціць могільнік ад хламу.

Субота, 5 красавіка, выдалася цёплай і сонечнай. Ужо ў 9 гадзін раніцы на могільніку з’явіліся людзі: сям’я Уладзіміра Іванавіча Малака (жонка, сын, унук), Васіль Спірчонак, Аляксандр Долгі. Яны адразу прыняліся за работу, не чакалі, пакуль збяруцца астатнія. Праз паўгадзіны могільнік напоўніўся звонам піл, стукам сякер. Самая цяжкая работа была ў мужчын – вынесці ўвесь павал, высечы хмызняк. А жанчыны выграбалі апалае лісце, смецце. Натхняльнікам і арганізатарам была Людміла Яўгенаўна, хоць у яе самой няма тут пахаваных родных. Некалькі гадзін з граблямі ў руках яна наводзіла парадак на магілах, якія шмат гадоў нікім не ўбіраліся. Па яе прыкладзе пайшла дэпутат сельсавета Любоў Уладзіміраўна Шылак, а потым і ўсе жанчыны, якія, навёўшы парадак на магілах родных, перайшлі на ўборку “нічыйных”.

Суботнік па добраўпарадкаванні могільніка ператварыўся ў свята працы. Без перапынку, без перакураў працавалі ўсе. Стаміліся, але твары людзей свяціліся радасцю.

Прыемна было бачыць, як побач з дарослымі мужчынамі працаваў вучань Ушацкай СШ Кірыл Малак, які стараўся не адставаць ад сваіх дзядулі і бацькі.

Яшчэ не раз будуць праводзіцца такія святы працы. Хацелася б, каб бацькі прыводзілі на іх сваіх дзяцей, унукаў. Тады ніколі не будуць зарастаць сцяжынкі да родных магіл у полі і ў сэрцы.

Н.ДОЛГАЯ, аграгарадок Арэхаўна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *