Члены наблюдательной комиссии поиогают решать проблемы социальной адаптации и реабилитации лицам, вернувшимся из мест лишения свободы

Демография Закон - один для всех Правовая консультация

«Ба! Знакомые всё лица!» — такой фразай з камедыі А.Грыбаедава «Горе от ума» сустракалі сваіх «падапечных» члены назіральнай камісіі, пасяджэнне якой праходзіла нядаўна ў райаддзеле міліцыі. Але ж назву ўзгаданага твора наўрад ці можна аднесці да запрошаных на сустрэчу: беды большасці з іх звязаны зусім не з крытычным падыходам да сябе і свету, а наадварот — з безхарактарнасцю. Інакш як яшчэ патлумачыць упартае ігнараванне гэтымі людзьмі папярэджанняў, іх «вольны» лад жыцця і, як вынік, страту чалавечага аблічча?

Папярэдняе пасяджэнне, на якім разглядаліся далёка не ўзорныя паводзіны раней судзімых грамадзян, праводзілася ва Ушачах напрыканцы лютага. Тады ўсе гэтыя асобы абяцалі членам камісіі выправіцца, завязаць са спіртным, працаўладкавацца. Прайшоў месяц — а нічога са сказанага многія так і не ажыццявілі.

Год таму 52-гадовы Аляксандр за здзейсненае злачынства па рашэнні суда атрымаў пакаранне, не звязанае з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Мужчына памылкова вырашыў, што яму ўсё сышло з рук, і прадоўжыў звычайны для сябе рэжым: выпіваў, а потым дэманстраваў на людзях свае «подзвігі». Вось толькі не падумаў, што за такія «вольнасці» меру пакарання ў адносінах яго могуць перагледзець. Праваахоўнікі папярэдзілі: яшчэ адно правапарушэнне — і свой чарговы дзень нараджэння Аляксандр сустрэне за кратамі.

Сваімі планамі на будучыню шакіраваў прысутных 25-гадовы Сяргей. Малады чалавек заявіў, што не нагружае сябе думкамі пра афіцыйнае працаўладкаванне, бо не збіраецца жыць доўга, і стан здароўя тут ні пры чым: «Дажыву гадоў да сарака — і хопіць мне!» Сапраўды, некаторыя маладыя людзі ў такім узросце яшчэ не навучыліся цаніць жыццё — разуменне яго каштоўнасці прыходзіць пазней. Хацелася б, каб Сяргей гэта своечасова зразумеў, тым больш што назваць яго лайдаком нельга: на жыццё ён зарабляе калымамі, вось і зараз знайшоў прыработак у адным з гарадоў.

Дарэчы, праблем з працаўладкаваннем грамадзян — у тым ліку тых, хто мае судзімасць, — ва Ушачах няма. Зараз, у «гарачы» перыяд правядзення палявых работ, многія сельгаспрадпрыемствы раёна прапануюць часовую занятасць. Прыстойным варыянтам для беспрацоўных павінны стаць і грамадска- карысныя работы ад цэнтра занятасці насельніцтва па пасадцы лесу. Дарэчы, вартасці апошніх ужо ацанілі некаторыя запрошаныя на пасяджэнне. Адзін з іх — Уладзімір, хаця і мае пэўныя праблемы са здароўем, ездзіць на «ёлачкі» ўжо не першы раз, зарабляе гэтым грошы. Занятасць станоўчым чынам паўплывала і на свядомасць мужчыны — завязаў з алкаголем, больш не фігуруе ў міліцэйскіх зводках.

— Прыходзь заўтра раніцай з пашпартам да будынка райвыканкама — паедзеш і ты садзіць лес, — прапанавала яшчэ аднаму мужчыну галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Соф’я Мікалаеўна Фамёнак.

— Дзякуй! Абавязкова прыйду, — зацікаўлена адрэагаваў той.

На жаль, такая рэакцыя на прапанову была далёка не ва ўсіх. Скажам, Міхаіл, які нядаўна вярнуўся з турмы, не спрабуе ўдарыць пальцам аб палец. «На ёлкі не хачу: мала плацяць. Паехаў бы на заробкі ў Расію — дык грошай няма на дарогу», — так тлумачыў мужчына прычыну свайго беспрацоўя і, здаецца, чакаў тых самых грошай на сподачку з блакітнай аблямовачкай. Відаць, забыўся, што бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы…

Не спрабуе наладзіць сваё жыццё і Валянціна, якая ў 36 гадоў мае ўжо сем судзімасцей. Злоўжывае алкаголем, нідзе не працуе — між тым, некалі яна была добрай швачкай. Удзельнікі пасяджэння нагадалі жанчыне аб магчымасці ўладкавацца па спецыяльнасці на прамкамбінат або на адно з лепельскіх прадпрыемстваў, куды штодня раённым цэнтрам занятасці арганізуецца цэнтралізаваны падвоз. Вядома, для Валянціны працаўладкаванне стане магчымым толькі ў выпадку яе адмовы ад спіртнога. Калі ж развітацца з «зялёным зміем» у жанчыны не атрымаецца, у хуткім часе яе накіруюць у лячэбна-працоўны прафілакторый.

Карацей кажучы, што ні чалавек, то свая гісторыя. Агульнае ў іх, хіба што, злоўжыванне алкаголем, супрацьпраўныя дзеянні ў мінулым, нежаданне жыць па прынятых у грамадстве законах.

— Тым не менш, хочацца верыць, што людзі, якіх мы запрасілі, каб пагутарыць, пачулі нас, зразумелі абавязковыя для выканання рэкамендацыі, — падводзячы вынікі пасяджэння, адзначыў першы намеснік начальніка райаддзела міліцыі Аляксей Уладзіміравіч Андросаў.

Дармаедства, бадзяжніцтва, супрацьпраўныя паводзіны — з такімі з’явамі, а дакладней — язвамі сённяшняй рэальнасці будзе надалей весціся актыўная барацьба.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *