Хоць трава ў дэндрапарку яшчэ была пабелена марозам, гэта зусім не замарудзіла пасадкі. Актывісты БРСМ, сярод якіх — пераважна вучні Ушацкай школы, ужо паспелі высадзіць алею туй і адпачывалі, чакаючы наступнага пасадачнага матэрыялу. Ямкі пад тую неглыбокія, саджанцы маленькія, так што і зялёная стужка вакол адной з дарожак дэндрапарка намалявалася хутка.
– Прыжывуцца добра, зараз самы час пасадкі, – тлумачыць намеснік дырэктара Ушацкага лясгаса Аляксандр Паўлавіч Рудасаў. – Саджанцы выдатныя, з развітай каранёвай сістэмай. Набывалі іх, а таксама частку матэрыялу ў Полацкім лясніцтве, на гэтыя мэты затрачана больш 3 мільёнаў рублёў, а большую частку пасадачнага матэрыялу, які “кіне карані” на працягу тыдня ў розных лясніцтвах раёна – уласны.
У суботніках па пасадцы лесу традыцыйна задзейнічаны не толькі работнікі лясгаса, памагатыя, але і кіраўніцтва раёна. Старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч знайшоў час у рабочым графіку суботы, каб мець “свае” дрэвы ў дэндрапарку. Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч садзіла бярозкі, сваёй будзе лічыць бярозавую алею, падчас закладкі якой дырэктар лясгаса практычна кожнаму з дзяцей патлумачыў, на якую глыбіню садзіць дрэва, паказаў, якой павінна быць ямка.
Усяго ў першы дзень Тыдня лесу ў акцыі прыняло ўдзел каля 150 чалавек з лясгаса, райвыканкама, аддзела адукацыі, БРСМ, Ушацкай і Арэхаўскай школ.
– Вы бачылі, як шпарка і весела працавалі ўшацкія вучні! Таму што разам непасрэдна з імі быў дырэктар школы В.І.Клімашэўскі, – называў актывістаў А.Рудасаў, які не першы год арганізоўвае падобныя суботнікі, але ўпершыню бачыць разам з дзецьмі дырэктара. – Пасадзілі 35 тысяч 300 саджанцаў на плошчы 8,7 гектара, але не толькі пасадкай займаліся ў гэты дзень, але і добраўпарадкаваннем і азеляненнем сядзіб лясніцтваў, зон адпачынку, ачысткай прыдарожных палос. У тым жа дэндрапарку акрамя пасадкі 250 дрэў 9 розных парод была зроблена рэвізія і падсадка на месцы загінуўшых дрэў.
Ну а акцыя працягваецца, і ўдзел у ёй можа прыняць кожны жадаючы.
В.КАРАЛЕНКА.