Равнение на хлеборобов ОАО «Ильюшинский»

Сельское хозяйство

Старт сяўбе ў ААТ «Ільюшынскі» быў дадзены 26 сакавіка, калі Аляксандр Селезень пачаў сеяць авёс. З той пары гаспадарка дзякуючы своечасова падрыхтаванай тэхніцы штодня нарошчвае тэмпы вясенніх палявых работ. Незвычайна ранні пачатак сяўбы мясцовых земляробаў не палохае — вільгаць з глебы сыходзіць вельмі хутка, а значыць у выйгрышы будзе той, хто сеяць пачаў раней. Таму і не дзіўна, што гаспадарка з’яўляецца адным з лідараў па аб’ёме сяўбы ранніх зерневых і зернебабовых культур.

— Зараз сеем за Сержанамі, — расказвае дырэктар «Ільюшынскага» Сяргей Анатольевіч Халімоненка. — Поле вялікае, 130 гектараў, але механізатараў маіх знойдзеце хутка — іх там сёння шмат.

Мясцовасць за названай вёскай аказалася высокай, нізін з лужынамі нідзе не бачна. Зверху зямля абветрылася, пасвятлела, бо напярэдадні тут працаваў на МТЗ-1221 з чызелем адзін з пастаянных перадавікоў гаспадаркі Сяргей Клопаў. Па словах намесніка дырэктара гаспадаркі Андрэя Мікалаевіча Тарасевіча, якога я сустрэў на ўскрайку поля, «тут усё гатова для сяўбы сумесі пшаніцы і вікі». Да таго, як на аператыўны прастор выехалі пасяўныя агрэгаты, глебу для іх рыхтавалі два магутныя МТЗ-3022 з шасціметровымі дыскатарамі. Кіруюць гэтай энерганасычанай тэхнікай Міхаіл Рэут і Дзмітрый Бурак. Неабходны комплекс мінеральных угнаенняў пад будучы ўраджай уносілі Юрый Бука і Анатоль Дайлідзёнак. І толькі пасля ўсіх гэтых неабходных агратэхнічных мерапрыемстваў настае чарга яшчэ аднаго МТЗ-3022 з шасціметровым пасяўным агрэгатам АПП-6, за рулём якога працуе Аляксандр Селезень, і двух КВК «Палессе» з трохметровымі «Lemken» — тэхніка даверана вопытным механізатарам Дзмітрыю Міцкевічу і Уладзіміру Лёлю.

У гаспадарцы вялікую ўвагу надаюць якасці сяўбы, эфектыўнаму выкарыстанню сіл і сродкаў, стараюцца максімальна выключыць страты. Усе пасяўныя агрэгаты абсталяваны маркёрамі, камп’ютарныя сістэмы вядуць улік расходу насення і пасеяных плошчаў. Для таго, каб адзін гектар пустой глебы ператварыўся ў ніву, патрэбна 260 кілаграмаў насення. Разыходзіцца яно хутка, таму за тым, каб пасяўныя агрэгаты не прастойвалі, сочаць вадзіцелі МАЗаў Аляксандр Крысёнак і Мікалай Ляхоўскі, якія адказваюць за падвоз насеннага матэрыялу. Машына абсталявана механізмам для аўтаматычнай выгрузкі, таму пратручанае зерне хутка напаўняе бункеры сеялак. Дапамагае ў падвозе насеннага матэрыялу і Пётр Качан на МТЗ-82.

Механізатары працуюць ад цямна да цямна. Абеды ўдзельнікам сяўбы прывозяць непасрэдна на поле. «50 гектараў засеялі ўчора, пакуль выйдзе газета — работы на гэтым палетку мы ўжо скончым», — усміхацца намеснік дырэктара. У тым, што механізатары «Ільюшынскага» сапраўды стараюцца, няма сумненняў хаця б з-за таго, што многім з іх у час жніва давядзецца сесці за штурвалы камбайнаў і сэнс прымаўкі «Што пасееш — тое і пажнеш» яны прымераць на сябе — у іх інтарэсах засеяць якасна, каб былі важкія намалоты.

Настрой у працаўнікоў рабочы, таму на тое каб сфатаграфавацца, адвялі мне дзве хвіліны — і зноў за працу.

— Абы тэхніка не падводзіла, — разважае галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Сяргеевіч Селявёнак. — Людзі надзейныя, да справы ставяцца з разуменнем, поўнасцю прысвячаюць сябе рабоце ў полі, адсунуўшы на другі план асабістыя інтарэсы. З такімі адносінамі прасцей будзе справіцца з сур’ёзнай задачай — яравы клін у нас сёлета складае 1710 гектараў.

Трэба сказаць, што немалаважным пры гэтым з’яўляецца і матэрыяльны фактар, людзі ведаюць, за што працуюць. Па словах кіраўніцтва, за дзень удзельнікі пасяўной зарабляюць каля паўмільёна рублёў.

Назіраючы, як зладжана і прыгожа працуе на вялікім участку тэхніка, і размаўляючы са спецыялістамі гаспадаркі, не адразу і заўважыў, як на ўскрайку поля спыніўся яшчэ адзін аўтамабіль — ацаніць працу ільюшынскіх хлебаробаў разам з кіраўніком раёна Віктарам Віктаравічам Родзічам прыехаў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Эдуард Міхайлавіч Дзям’янаў. Без перабольшвання скажу, што прыемна было слухаць іх размову са спецыялістамі «Ільюшынскага», а тэмы падчас яе Э.М.Дзям’янаў закранаў розныя: забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі, стан азімых, кармавой базы; цікавіўся ўмовамі працы, харчавання і заробкамі хлебаробаў, асаблівую ўвагу звярнуў на захаванне тэхналогіі пры ўсіх цыклах работ: ад падрыхтоўкі глебы да норм высеву і ўнясення ўгнаенняў, на аптымальных тэрмінах сяўбы. Ён таксама зазначыў, што ў дзень гаспадаркам трэба засяваць па 5 працэнтаў плошчаў: выкарыстоўваць усе магчымасці і ўвесь светлавы дзень. Намеснік старшыні аблвыканкама станоўча ацаніў прафесійны ўзровень спецыялістаў «Ільюшынскага» і майстэрства механізатараў, адзначыў, што тэхналогія сяўбы ў сельгаспрадпрыемстве адпавядае ўсім патрабаванням.

— Калі б ва ўсіх гаспадарках раёна работы былі арганізаваны на такім узроўні, як у «Ільюшынскім, то за пасяўную на Ушаччыне можна было б не хвалявацца, — падвёў перад ад’ездам вынік Э.М.Дзям’янаў.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *