Горячая пора для садоводов

Калейдоскоп Карысная знаходка Личное подсобное хозяйство

Вясна ў садзе — пара абнаўлення, абуджэння раслін ад зімовай спячкі. Для садаводаў, пачынаючых і вопытных, — гэта без перабольшвання самы «гарачы» час. Догляд за дрэвамі і кустамі вясной напрамую ўплывае на сабраны пазней ураджай, а таму яму варта надаць асаблівую увагу.

Адным з важнейшых этапаў вясенняга догляду за садам з’яўляецца абрэзка дрэў і кустоў. Пачынаць яе неабходна ў канцы сакавіка, пажадана — да набракання пупышак. Выдаліце сухія і зламаныя галінкі, а месцы зрэзаў і расколіны ў кары змажце садовым варам. Прыгатаваць яго вы можаце самі, для гэтага трэба растапіць 1 частку сала, дадаць 2 часткі воску і пасля растварэння — 4 часткі стоўчанай каніфолі. Атрыманую сумесь кіпяціць 30 хвілін на невялікім агні, а затым выліць у халодную ваду. Перад выкарыстаннем вар трэба размяць, захоўваць яго лепш у слоіку з накрыўкай.

Пасля абрэзкі садовыя культуры падкарміце азотнымі ўгнаеннямі. Каб абараніць дрэвы і кусты ад хвароб, апрацуйце іх растворам меднага купарвасу. Прыгатаваць яго проста: 10 грамаў рэчыва на 10 літраў вады. Не забудзьцеся і пра пабел дрэў. Неабходны раствор можна набыць у спецыялізаваным магазіне або прыгатаваць сваімі рукамі. Для гэтага змяшайце 0,5 літра раствору меднага купарвасу з 2,5 кг вапны, а атрыманую сумесь развядзіце ў 10 літрах вады і дадайце 200 грамаў сталярнага клею.

Парэчкі і агрэст. Абрэжце скрыўленыя верхавіны парасткаў. Заўважылі на галінках шчыльны шэра-белы налёт з чорнымі кропкамі — прыступайце да барацьбы з мучністай расой.

Чорныя парэчкі. Выражце буйныя, круглай формы светла-салатавыя пупышкі з гарошыну — гэта парэчкавы пупышкавы клешч. Названы шкоднік не проста пазбавіць вас ураджаю, але і спрыяе заражэнню раслін невылечнымі захворваннямі (напрыклад, махровасць чорнай парэчкі). Калі пупышак вельмі многа, выдаляйце парасткі цалкам.

Маліна. Цалкам выразайце парасткі маліны з уздуццямі пухлінападобнай формы на ніжняй частцы сцябла (гэта сцеблевая галіца), а таксама парасткі з бураватымі ўвагнутасцямі (парасткавая галіца). Выдаліце сцеблы з невялікімі ліловымі або вялікімі цёмна-карычневымі плямамі (пупышкавая моль).

Яблыня. Абрэжце канцы галінак з кладкамі кольчатага шаўкапрада. Хутка яйкі пачнуць вылупляцца — не спазніцеся. Кладкі размяшчаюцца ў выглядзе шчыльна прылеглых бусінак шэра-свінцовага колеру вакол галінкі кольцамі ў некалькі радоў.

Груша. Чорныя ліпкія парасткі на дрэве — «выхадкі» мядзяніцы. Развядзіце мыльны раствор і анучай прамыйце галінкі дрэва.

На інфекцыю, якая пашкодзіла каранёвую сістэму слівы, вішні, грушы і яблыні, можна ўздзейнічаць з дапамогай апырсквання прыствольных кругоў раслін растворам мачавіны (700 грамаў на 10 літраў) ці хлорыстага калію (800 грамаў на 10 літраў вады).

В.КАВАЛЕЎСКАЯ, галоўны аграном раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *