Аматараў выпіць і сесці за руль транспартнага сродку раней штрафавалі. І хаця штрафы былі немалыя, яны не стрымлівалі некаторых вадзіцеляў ад чарговых “п’яных” паездак. Таму з кастрычніка мінулага года пачаў дзейнічаць новы закон: двойчы на працягу года нецвярозым трапіўся супрацоўнікам ДАІ – развітаўся з транспартным сродкам.
Здавалася б, такая жорсткая мера ўздзеяння павінна прымусіць недысцыплінаваных вадзіцеляў сур’ёзна задумацца і зрабіць высновы. Аднак, відаць, не ўсе ўспрынялі новаўвядзенне ўсур’ёз. Ужо ёсць выпадкі канфіскацыі аўтамабіляў па рашэнні суда ў Мінску, Гродна, іншых гарадах Беларусі. Магчыма, у самы бліжэйшы час гэты спіс папоўняць і Ушачы.
Першы раз нецвярозага ўшачаніна 1972 года нараджэння за рулём аўтамабіля “Форд Мандэо” супрацоўнікі ДАІ затрымалі 29 красавіка мінулага года. На вадзіцеля быў накладзены немалы штраф – 25 базавых велічынь, што ў грашовым эквіваленце складае 2,5 мільёна рублёў. У дадатак да гэтага мужчыну пазбавілі на тры гады права кіравання транспартнымі сродкамі. Пратрымаўся ўшачанін нядоўга – 14 студзеня бягучага года ён зноў быў затрыманы дзяржаўтаінспектарамі з прыкметамі алкагольнага ап’янення. Ад праходжання ва ўстаноўленым парадку медыцынскай праверкі ён адмовіўся, тым самым трапіўшы пад дзеянне часткі першай артыкула 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Усе матэрыялы па справе накіраваны ў суд. Відаць, транспартны сродак і грошы за яго знаходжанне на штрафстаянцы да разгляду справы, не кажучы ўжо пра немалы штраф за здзейсненае правапарушэнне, у гора-вадзіцеля лішнія…
А.МАМОН, старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта.