Состоялись выборы в депутаты местных Советов депутатов Республики Беларусь 27 созыва

Общество Саветы і жыццё

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць сёмага склікання сталі гісторыяй. За мінулы тыдзень на датэрміновым галасаванні і непасрэдна ў дзень выбараў 23 сакавіка ва Ушацкім раёне прагаласавалі 10036 чалавек, што складае 86,29 працэнта ад ліку выбаршчыкаў. Дэпутатамі сельскіх Саветаў сталі 84 чалавекі, у склад раённага Савета ўвайшло 26 дэпутатаў. Па выніках галасавання па Ушацкай выбарчай акрузе №35, куды акрамя тэрыторыі нашага раёна ўваходзіла і частка суседняга Докшыцкага, дэпутатам Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў абраны генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Аляксандравіч Даніловіч – яго кандыдатуру падтрымалі 79,8 працэнта ўдзельнікаў выбараў. За апанента С.А.Даніловіча, прадстаўніка партыі БНФ Хрыстафора Савельевіча Жаляпава прагаласавала 5 працэнтаў выбаршчыкаў.

Найбольшую актыўнасць праявілі выбаршчыкі на Вялікадолецкім, Сарочынскім, Дубраўскім, Ільюшынскім, Арэхаўскім участках для галасавання.

Высокай яўцы спрыяў шэраг фактараў. Па-першае, цёплае надвор’е, нехарактэрнае для пачатку вясны, па-другое, добра праведзеная агітацыйная кампанія. Многа было інфармацыйных матэрыялаў, актыўна працавалі камісіі, запрашаючы выбаршчыкаў на ўчасткі, дзе стараліся стварыць атмасферу сапраўднага свята. У гэтым ім дапамагалі работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, якія па графіку наведвалі месцы для галасавання ў розных кутках раёна, выязны гандаль на некаторых участках арганізавала райспажыўтаварыства. Выкладчыкі Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў, многія з якіх самі былі задзейнічаны ў рабоце камісій, падрыхтавалі цудоўныя канцэрты. Песні ў выкананні квартэта “Натхненне”, сольныя нумары С.Парашкіна і А.Іванова прагучалі на выбарчым участку №1, а да вызначанага часу шмат сабралася людзей і ў зале гэтай установы культуры, дзе працавала камісія самага вялікага па колькасці выбаршчыкаў участка №3 – былі сярод гледачоў нават людзі, якія прыйшлі менавіта дзеля канцэрта, бо прагаласавалі датэрмінова. Дарэчы, гэтым правам скарысталіся каля 28 працэнтаў ад ліку прыняўшых удзел у выбарах грамадзян.

Значную частку насельніцтва нашага раёна складаюць людзі сталага ўзросту, пенсіянеры, таму да тых, хто па стане здароўя не змог прыйсці на галасаванне, члены камісій у нядзелю выехалі на дом. Спіскі былі падрыхтаваны загадзя, але ўдакладняліся, карэкціраваліся і непасрэдна ў дзень выбараў. Многія грамадзяне тэлефанавалі ў камісіі, прасілі, каб прыехалі да іх пажылых бацькоў, некаторыя выбаршчыкі перадавалі аб жаданні прагаласаваць на доме праз суседзяў і знаёмых.

– Завітайце, калі ласка, да Зінаіды Аляксандраўны Міралюбавай, – прасіла падчас галасавання Марыя Францаўна Шчэкачыхіна. – Ногі баляць у яе, казала, каб паведаміла вам, што да яе трэба прыехаць.

У населеных пунктах раёна членаў камісій чакалі з нецярплівасцю. Пенсіянеркі з Ліпаўца Кацярына Давыдаўна Лёля і Марыя Васільеўна Дзямешка, падрыхтаваўшы пашпарты, нават тэлефанавалі суседзям, ці былі ў іх “людзі з выбараў”. Жанчыны растлумачылі такую актыўную жыццёвую пазіцыю:

– Выбіраем жа не куды-небудзь, а для сябе. Што хвалюе вяскоўцаў? У асноўным бытавыя пытанні – нарыхтоўка дроў, уборка агародаў, аказанне паслуг і іншыя праблемныя моманты — мабыць, праз дэпутатаў можна данесці іх да ўлады. Таму народным абраннікам трэба часцей сустракацца з людзьмі, цікавіцца іх жыццёвымі праблемамі, а не актывізоўваць сваю дзейнасць ад выбараў да выбараў.

– Галасую “авансам”, – усміхаецца жыхарка гарпасёлка Валянціна Яўгенаўна Пугач, апускаючы бюлетэні ў урну. – Вось выберам дэпутата, а потым будзем прасіць, каб дапамог у завяршэнні будаўніцтва тратуара па нашай вуліцы.

Як бачна, чакаюць выбаршчыкі ад сваіх абраннікаў канкрэтных спраў, не заўсёды праўда ўсведамляючы, што спецыфіка дзейнасці дэпутатаў у асноўным заканадаўчая, што дэпутат не можа заасфальтаваць вуліцу, правесці вода- і газаправод, добраўпарадкаваць двор шматкватэрнага дома. А вось выслухаць праблему чалавека, які аддаваў за яго свой голас, данесці яе да выканаўчай улады і садзейнічаць вырашэнню – абавязаны. Толькі такім чынам яны заслужаць давер і павагу людзей.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *