Сеяць ці не сеяць? Не, падобнага пытання вясной аграрыі не задаюць. Калі можна заехаць на палетак – значыць трэба араць, падкормліваць, баранаваць. І літаральна ўсе гэтыя работы выконвалі ў “Райаграсервісе” на мінулым тыдні. Пра сяўбу ж яшчэ ў суботу не думалі. Дырэктар сельгаспрадпрыемства сам штодня аб’язджаў палеткі і не ленаваўся паўтараць адну і тую ж працэдуру: спрабаваць зляпіць паўбаранак у далоні. Атрымлівалася, ляпілася зямля. А вось у панядзелак ужо рассыпалася! І ажно два пасяўныя агрэгаты пусцілі па матырынскіх узгорках, з актыўным элементам — там, дзе цяжэйшая зямля, з пасіўным па пяску. Няспешна ідуць магутныя “Беларусы” з чызелямі. Яны як разведчыкі, пакуль выбіраюць участкі і знаходзяць.
Прычын для спешкі на самой справе многа. На гэтых палетках пад піваварны ячмень будзе падсявацца трава, а ёй патрэбна добрая вільготнасць. Зямля ж высыхае імгненна. Ды і сеяць сёлета нямала ўсім, у тым ліку і “Райаграсервісу”, задача якога, праўда, аблягчаецца тым, што зябліва не ўзнята толькі на самых нізкіх і невялікіх плошчах. А вось яравога кліну – 1600 гектараў, у дадатак давядзецца перасяваць участкі з азімым рапсам. Таму гэтыя абкатачныя дні, якія і не дадуць вялікай выпрацоўкі – паўнацэнная рэпетыцыя перад вялікай сяўбой.
— А пара не ранняя, — лічыць І.І.Баруноў. – І 30 сакавіка, памятаю, сеялі, ну а на 6-7 красавіка звычайна палову плошчаў закрывалі.
В.КАРАЛЕНКА.
На здымках: А.Маркевіч; П.Судак.