Подведены итоги государственного технического осмотра сельскохозяйственной техники в хозяйствах Ушачского района

Сельское хозяйство

“Добры дзень, хлебаробы!” – вітаў працаўнікоў сяла начальнік Ушацкай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Іван Мікалаевіч Пухальскі, калі наведваў на мінулым тыдні мехдвары гаспадарак падчас планавага тэхагляду. “Хутка даведаемся – добры, ці не…” – жартуюць механізатары, якія праводзяць апошнія наладкі выстраенай на лінейку гатоўнасці тэхнікі. Даўжыня яе ў гаспадарках была розная не толькі па прычыне наяўнасці машын. Той, хто пастараўся і адказна аднёсся да праходжання тэхагляду, можа хоць заўтра выязджаць у поле, а ў асобных прадпрыемствах сітуацыю інакш як крытычнай не назавеш.

Для інжынернай службы гаспадарак тэхагляд з’яўляецца сур’ёзным экзаменам, а вопытны экзаменатар Іван Мікалаевіч Пухальскі да справы адносіцца прынцыпова, усе дакументы і кожны трактар вывучае дасканала. Па-першае, “у ажуры” павінна быць неабходная дакументацыя і на тэхніку, і ў механізатара, які за ёй замацаваны. Медыцынская аптэчка, вогнетушыцель, знак аварыйнага прыпынку – без гэтых неабходных атрыбутаў тэхагляд таксама не пройдзеш. Вялікая ўвага надаецца знешняму выгляду “жалезных каней”, а ўсё абсталяванне і механізмы, устаноўленыя на трактары, павінны працаваць. Члены камісіі, у склад якой акрамя начальніка раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду ўваходзілі выконваючы абавязкі начальніка аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Аляксандр Іванавіч Лісоўскі і галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Дзмітрый Сяргеевіч Хадан, уважліва праверылі работу знешніх светлавых прыбораў, эфектыўнасць тармазных сістэм і рулявых механізмаў. “Усе мы выкарыстоўваем тэхніку, працаваць яна павінна дакладна, бо кожны з нас адказвае не толькі за вытворчыя задачы, але і за бяспеку руху”, – адзначалі падчас гутарак з механізатарамі і спецыялістамі члены камісіі. Аб тым, як важна захоўваць правілы аховы працы пры эксплуатацыі трактароў і іншых сельскагаспадарчых машын, расказваў Д.С.Хадан.

Наогул І.М.Пухальскі лічыць, што тэхніка – адлюстраванне таго чалавека, які на ёй працуе, і яе стан характарызуе механізатара як спецыяліста:

– За гады працы добра ведаю многіх механізатараў, з вялікай доляй упэўненасці магу прадказаць, пройдзе трактар тэхагляд або не, толькі ўбачыўшы, хто сядзіць за рулём.Сур’ёзна падышлі да гэтай справы ў ААТ “Ільюшынскі”. Тэхнікі ў гаспадарцы шмат, таму падрыхтаваць усе трактары да назначанага тэрміну было нерэальна. Сілы і сродкі сканцэнтравалі на самых неабходных, тых, што задзейнічаны на розных відах сельскагаспадарчых работ кожны дзень, і тых, якім зусім хутка араць і сеяць. Можна з упэўненасцю сказаць, што да старту пасяўной кампаніі практычна гатовы механізатары ААТ “Дземенец”. Амаль уся тэхніка прыведзена ў ідэальны стан, трактары незалежна ад года выпуску да пачатку тэхагляду выглядалі так, нібы ўчора сышлі з канвеера. Без адзнакі застаўся толькі тэхталон аднаго з “Амкадораў” – адрамантаваць яго праблематычна з-за высокага кошту неабходных запчастак. Да групы гаспадарак з высокай гатоўнасцю можна аднесці і КУСГП “Глыбачаны”. Тэхніку, якая ўжо не адзін год служыць верай і праўдай на палях і жывёлагадоўчых аб’ектах, перыядычна фарбуюць, своечасова выпраўляюць няспраўнасці, таму і выглядае яна “на выдатна”, і знаходзіцца ў гатоўнасці. І.М.Пухальскі адзначыў асабіста кіраўнікоў і галоўных інжынераў гэтых гаспадарак, падкрэсліў, што іх зацікаўленасці і неабыякавасці могуць пазайздросціць іншыя калегі.

– Тэхніка павінна падтрымлівацца ў спраўным стане на працягу ўсяго года, – упэўнены Іван Мікалаевіч. – Тады і з падрыхтоўкай да агляду праблем не ўзнікне.

Гатоўнасць трактароў і іншых машын у гаспадарак розная, а тэрміны пасяўной аднолькавыя для ўсіх. Няма галоўнага інжынера ў ААТ “Агра-Селішча”, але І.М.Пухальскі адзначае высокі ўзровень мясцовых механізатараў, якія да тэхагляду здолелі падрыхтаваць 8 трактароў. Такая ж колькасць тэхнікі стаяла на лінейцы гатоўнасці ў “Кублічах”, 17 адзінак падрыхтавалі ў адной з буйнейшых гаспадарак – КУСГП “Вялікадолецкае”. Складанае становішча ў КУСГП “Арэхаўна”, дзе з 8 прадстаўленых да тэхагляду адзінак тэхнікі спраўным прызнаны толькі новы пагрузчык. Не падрыхтавалі да агляду ніводнага трактара ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Між тым, менавіта тут самы вялікі машынна-трактарны парк…Праблемай у большасці сельскагаспадарчых арганізацый застаецца эксплуатацыя прычэпаў і афармленне лізінгавай тэхнікі. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2013 года № 234 тэрмін дзеяння тэхнічнага талона абмяжоўваецца тэрмінам дагавора фінансавай арэнды – лізінгу. У чэрвені мінулага года ўсе кіраўнікі і галоўныя інжынеры гаспадарак былі папярэджаны аб неабходнасці пераафармлення дакументаў, але пытанне засталося нявырашаным. Атрымліваецца, што спраўныя трактары не могуць выйсці ў поле, так як юрыдычна не належаць сельгаспрадпрыемствам. Ёсць такая тэхніка ў кожнай гаспадарцы акрамя “Глыбачан”, дзе механізатары ездзяць выключна на “сваіх” машынах, але з-за недахопу кадраў на аднаго працаўніка тут прыходзіцца па 2-3 адзінкі.

З улікам усіх патрабаванняў гатоўнасць тэхнікі пасля тэхагляду склала: у “Дземенцы” – 83, “Ільюшынскім” – 73, “Глыбачанах” – 71, “Агра-Селішчы” – 62, “Вялікадолецкім” – 57, “Кублічах” – 40 працэнтаў. А ў “Арэхаўне” і “Райаграсэрвісе” сеяць, на думку І.М.Пухальскага, “мабыць не збіраюцца”.

Кожнаму кіраўніку выдадзена прадпісанне па выпраўленні выяўленых недахопаў, назначана дата паўторнага праходжання тэхагляду.

Д.РАМАНОЎСКІ.



1 комментарий по теме “Подведены итоги государственного технического осмотра сельскохозяйственной техники в хозяйствах Ушачского района

  1. Я из РАЙАГРОСЕРВИСА уволился и не жалею, там очень скоро вообще никого не останется! Как можно жить на 800000 тысяч, которые задерживают на месяц и больше?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *