У Романа Белоусова особый взгляд на мир — через объектив фотоаппарата

Мир увлечений Наши дети

У фатографаў асаблівы светапогляд: яны бачаць у звычайным незвычайнае, у простым – геніяльнае, у імгненным – вечнае. Там, дзе іншыя праходзяць міма, яны спыняюцца. І не таму, што маюць шмат вольнага часу – проста не могуць не спыніцца.

Ёсць такія людзі і на Ушаччыне. Некаторыя з іх актыўна дзеляцца сваімі работамі ў групе “Патрыёта” ў сацыяльных сетках “ВКонтакте”. Дарэчы, там і адбылося наша знаёмства з васьмікласнікам Ушацкай школы Раманам Белавусавым, яго творчасцю.На тое, каб выйсці на “паляванне” за ўдалымі кадрамі, хлопца год таму натхніў аповед сяброўкі, якая падзялілася з ім уражаннямі ад такога свайго захаплення. Неяк і ён узяў у рукі фотаапарат, зрабіў некалькі здымкаў – і зразумеў, што занятак яму па душы. Пачынаў з простага: вуліцы, на якой жыве, матылька, што нечакана “прызямліўся” побач, кропелек расы на кветках каля дома. Адыходзіць ад пейзажнай тэматыкі работ не стаў і зараз, а вось эксперыментаваць з ледзь улоўнымі змяненнямі ў прыродзе навучыўся.

– Возьмем для прыкладу вось гэты від на гарпасёлак, – умоўна праводзячы рукой рамкі магчымага фотакадра, гаворыць хлопец. – Ужо праз паўгадзіны сонца апусціцца крыху ніжэй – па-іншаму будуць падаць цені, наваколле атрымае новую, больш спакойную афарбоўку.

Сярод любімых работ Рамана – марозная раніца, Ушачы перад навальніцай, асенні пейзаж. Гледзячы на іх, шчыра кажучы, не адразу верыцца, што гэтыя вельмі розныя па фарбах і настроі здымкі зроблены з аднаго і таго ж месца. Дарэчы, Раман фатаграфуе пераважна каля свайго дома ці на суседніх вуліцах, куды любіць у вольны час з’ездзіць на веласіпедзе.

Хлопец упэўнены: для таго, каб рабіць добрыя здымкі, не абавязкова мець прафесійную камеру, бо шэдэўры здымае не тэхніка, а чалавек. Калі ў яго ёсць бачанне – выдатныя кадры можна зрабіць нават з дапамогай “мыльніцы” ці мабільнага тэлефона. Галоўнае – каб яны былі жывымі, арыгінальнымі.

– І ўсё ж набыць “наварочаны” фотаапарат у хуткім часе, спадзяюся, давядзецца: праз год планую паступаць у сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову і атрымаць прафесію, звязаную з фатаграфіяй, – падзяліўся з намі хлопец.

Што ж, творчых яму поспехаў і ўдачы ў задуманым! Ну а мы абавязкова пазнаёмім чытачоў з некаторымі фотаработамі Рамана Белавусава ў наступных нумарах газеты. Ужо зараз убачыць іх можна на нашым сайце: www.belpatriot.by у раздзеле “Фотагалерэя”.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *