Усе мы – пакупнікі, таму тэма абароны правоў спажыўцоў заўсёды актуальная. На некаторыя пытанні ўшачан мы папрасілі адказаць начальніка аддзела эканомікі Ушацкага райвыканкама Таццяну Уладзіміраўну ХАНЯК. Упэўнены: гэтая інфармацыя спатрэбіцца многім нашым чытачам.
– Як павінен дзейнічаць пакупнік, калі яму рэалізавалі тавар неналежнай якасці?
– Першапачаткова неабходна звярнуцца да таго, у каго ён куплены. Не выключана, што прадавец пойдзе насустрач і праблема будзе вырашана па вуснай заяве. У адваротным выпадку вы можаце выкласці свае патрабаванні пісьмова ў выглядзе прэтэнзіі, якая павінна ўтрымліваць назву арганізацыі, да якой яна прад’яўляецца, прозвішча, імя, імя па бацьку пакупніка, даныя пра месца жыхарства, сутнасць звароту, дату і подпіс. Накіраваць прэтэнзію можна па пошце заказным пісьмом ці з паведамленнем аб атрыманні на юрыдычны адрас прадаўца (вытворцы). Пажадана мець копію — пры неабходнасці звароту ў суд для далейшага судовага разбору. Акрамя гэтага можна пакінуць адпаведны запіс у кнізе заўваг і прапаноў.
– У выпадку адсутнасці ў спажыўца чэка ці мае ён права звярнуцца ў гандлёвую кропку з просьбай абмяняць або вярнуць набыты нехарчовы тавар?
– Так. Можа на працягу 14 дзён, калі тавар не быў у карыстанні, захаваны яго спажывецкія якасці і маюцца доказы набыцця ў канкрэтнага прадаўца.
– Пры куплі мяса ў магазіне мне прапанавалі ў выглядзе даважкі кавалак, які складаецца з косткі і пражылак. Ці правамерныя дзеянні прадаўца?
– Пры адпусканні пакупніку мяса і мясапрадуктаў, каўбасных вырабаў і вэнджаніны дапускаецца не больш за дзве даважкі, сумарная вага якіх не перавышае 10 працэнтаў ад агульнай вагі пакупкі. Даважкі павінны адпавядаць гатунку і якасці адпускаемага тавару.
– Хацела купіць у магазіне палову торта, аднак прадавец патлумачыў, што нарэзка такой прадукцыі не дапускаецца. Ці так гэта?
– Нарэзка тартоў і продаж іх часткамі дапускаецца толькі ў кафетэрыях пры наяўнасці адпаведных умоў для іх рэалізацыі.
– Купіла ў магазіне замарожаную рыбу. Пасля адтайвання аказалася, што яна пратухлая. Што рабіць?
– Звярніцеся ў магазін, прад’явіце чэк, запатрабуйце замены на дабраякасную рыбу ці вяртання грошай.
– Набылі канапу, прывезлі дамоў – аказалася, што не падыходзіць па габарытах. Ці можна будзе вярнуць яе назад?
– Не, дабраякасная мэбля абмену і вяртанню не падлягае.
– А што наконт параваркі? Захацелася памяняць яе на больш дарагую і функцыянальную. Упакоўка не пашкоджана, прыбор у спраўным стане і без бачных пашкоджанняў.
– Таксама не. Якасныя тэхнічныя складаныя тавары бытавога прызначэння, на якія ўстаноўлены гарантыйныя тэрміны, а ў тэхнічным пашпарце або замяняючым яго дакуменце ёсць адзнака аб даце продажу, абмену і вяртанню не падлягаюць.
– Нядаўна куплены тэлевізар выйшаў са строю. Знаходзіцца ў рамонце па гарантыі ўжо больш месяца і невядома, калі будзе гатовы. Што рабіць?
– Гарантыйны рамонт павінен быць зроблены на працягу 14 дзён з моманту звароту спажыўца ў сэрвісны цэнтр. У дадзенай сітуацыі спажывец мае права адмовіцца ад далейшага правядзення рамонту і запатрабаваць у прадаўца вяртання грошай за няякасны тавар.
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
За мінулы год ва Ушачах разгледжана пяць зваротаў грамадзян, якія датычыліся абароны правоў спажыўцоў (адзін – па аказанні бытавых паслуг, па два – па пытаннях гандлю, вырабу і ўстаноўкі акон, дзвярэй). Беларускае таварыства абароны спажыўцоў мае свой сайт: www.potrebitel.nsys.by. Там вы можаце знайсці цікавую інфармацыю, а таксама задаць свае пытанні.