Нашай радасці няма мяжы – чэмпіёны раёна па футболу! Мабыць і было б хваляванне меншым, калі б не так напружана праходзілі паядынкі і не такімі моцнымі былі сапернікі.
Ні адну з дзесяці каманд не назавеш слабай: лясгаса, ДРБУ-105, “Ветэраны”, СДЮШАР, Ушацкай школы, РАУС, “Селішча”, “Кублічы”, “Ураджай”. Пасля сустрэч па кругавой сістэме, падчас якіх памерыліся сіламі літаральна ўсе каманды, у фінал выйшлі чатыры: мы – аддзел па надзвычайных сітуацыях, лясгас, ДРБУ і “Ветэраны”. Якімі былі гэтыя сустрэчы – лепш было бачыць. Непрадказальнымі, бо ўсе змагаліся за кожны гол, запал пачуццяў нарастаў, балельшчыкі падбадзёрвалі так, што не заўсёды можна было пачуць і свіст суддзі. У выніку трэцяе месца літаральна вырвалі “Ветэраны” ў моцнай каманды ДРБУ-105. Ну і мы нерваваліся, бо былі моманты, калі лясгас вёў у ліку, аднак змаглі перамагчы такога моцнага саперніка.
Зразумела, што перамога не даецца проста так. Увесь час мы, як і многія іншыя, хадзілі па вечарах на трэніроўкі, і было гэта не толькі непасрэдна перад спаборніцтвамі. Прыемна, што для любой з каманд спартыўнае дасягненне цэніцца так жа высока, як і вытворчае. Так і павінна быць. Разам працуем, разам адпачываем – актыўна. І вельмі хацелася б назваць усіх нашых футбалістаў: Дзмітрый Лёля, Руслан і Мікалай Басуевы, Сяргей Громаў, Сяргей Аваднёў, Сяргей Кіслы, Ігар Коршун, Сяргей і Ілья Крыскевіч і Сяргей Манецкі.
С.АВАДНЁЎ,
супрацоўнік аддзела па
надзвычайных сітуацыях.